Арава (археалагічны помнік)

(Пасля перасылкі з Арава, археалагічны помнік)

Арава — археалагічны помнік: курганны могільнік на правым беразе р. Друць, за 0,5 км ад в. Арава (Круглянскі раён, Магілёўская вобласць).

19 курганоў на ўзлессі і ў полі вышынёй 0,9—1,6 м, дыяметрам 5—10 м. Адкрыў у 1930 г. А. Дз. Каваленя. У 1967 г. З. М. Сяргеева даследавала 1 курган. Выяўлена трупаспаленне ў 3 урнах, змешчаных у драўляным зрубе: у 2 пахаваны па адным дарослым, у 1 — дзіця. Урны зроблены на ганчарным крузе, аздоблены хвалістым арнаментам. На адным з донцаў — таўро ў выглядзе 6-канцавой зоркі. Унутры зруба знойдзены 2 жалезныя нажы і бронзавы пярсцёнак з завязанымі канцамі. У 1989 г. В. Ф. Капыцін абследаваў могільнік. У 1993 г. Я. Р. Рыер даследаваў 3 курганы. Адзін з іх быў разрабаваны, у другім у перавернутым гаршку выяўлена трупаспаленне, зробленае па-за курганам. Над ім у насыпе — жалезная сякера. Гаршчок-урна датуецца II ст. У цэнтры трэцяга кургана зафіксавана трупапалажэнне галавой на захад у насыпе на зольнай падсыпцы. Пры нябожчыку знойдзены фрагменты жалезнага крэсіва і падковападобнай спражкі са спіралепадобнымі канцамі (XI - XII стст.). Над пахаваннем — фрагмент пласціністага пярсцёнка. За 2 м на захад у насыпе выяўлена яшчэ адно пахаванне з заходняй арыентацыяй, без рэчаў. Чарапы 2 нябожчыкаў — са слядамі пашкоджанняў.

Літаратура правіць

  • Рыер, Я. Р. Арава / Я. Р. Рыер // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. . — ISBN 978-985-11-0353-5.