Арагонская карона
Арагонская карона (араг.: Corona d'Aragón, ісп.: Corona de Aragón, катал.: Corona d'Aragó) — працяглы саюз шматлікіх тытулаў і дзяржаў у руках караля Арагона.
На вяршыні сваёй магутнасці, у 14-м і 15-м стст., Арагонская карона кантралявала значную частку сучаснай усходняй Іспаніі, паўднёва-ўсходняй Францыі, а таксама некаторыя асноўныя астравы і значныя мацерыковыя тэрыторыі Міжземнамор'я, якія распасціраліся аж да Грэцыі.
Каралеўствы, якія складалі Карону, не былі палітычна аб'яднаны, але тым не менш падпарадкоўваліся волі караля. У сучасных умовах гэта ўтварэнне існавала хутчэй як канфедэрацыя, чым адзіная дзяржава. У гэтым сэнсе, Карону Арагона не трэба блытаць з якой-небудзь складальнай яе часткай, як напрыклад каралеўства Арагон, якое дала імя гэтаму саюзу.
У 1479 годзе сфарміраваўся дынастычны саюз паміж Каронай Арагона і Кастыльскай каронай, стварыўшы тым самым тое, што будзе называцца каралеўства Іспанія. Тытул Арагонскай кароны сярод дадатковых тытулаў выкарыстоўваўся іспанскімі манархамі да 1716 года, калі яны былі адменены дэкрэтамі Нуэва-Планта, у выніку паражэння прэтэндэнта на трон, якога падтрымлівалі дзяржавамі, якія складалі калісьці Карону Арагона, у вайне за іспанскую спадчыну.
Кантэкст
правіцьВядучымі эканамічнымі цэнтрамі Кароны Арагона з'яўляліся Барселона і Валенсія. Палітычным цэнтрам была Сарагоса, дзе ў саборы Сан-Сальвадор («Ла Сеа») каранаваліся каралі. Горад Пальма на востраве Маёрка), быў яшчэ адным важным горадам і марскім портам кароны.
У канчатковым выніку Карона Арагона складалася з каралеўства Арагон, княства Каталонія, каралеўства Валенсія, каралеўства Маёрка, Сіцыліі, Мальты і Сардзініі, а таксама на некаторай перыяд — Праванса, Неапалітанскага каралеўства, герцагства Неапатрыя і герцагства Афінскага.
Краіны Пірэнейскага паўвострава пачынаючы з 722 года правялі ў перыядычнай барацьбе, якая атрымала назву Рэканкіста. Гэта была барацьба паўночных хрысціянскіх каралеўстваў супраць дробных мусульманскіх тайф на поўдні паўвострава, а таксама адзін супраць аднаго.
У познім Сярэднявеччы, паўднёвая экспансія Арагонскай кароны сустрэлася з Кастыльскім прасоўваннем на ўсход у раёне Мурсіі. У сувязі з гэтым, далейшая Арагонская экспансія сканцэнтравалася на Міжземнамор'і, дзейнічаючы ў кірунку Грэцыі і Варварскага берага, у той час як Партугалія, якая завяршыла сваю Рэканкісту ў 1272 годзе, развівалася ў кірунку Атлантычнага акіяна. Найміты з тэрыторый Кароны, альмагавары, удзельнічалі ў стварэнні гэтай міжземнаморскай імперыі, і, пасля змаглі знайсці сабе месца ва ўсіх краінах паўднёвай Еўропы.
Ёсць меркаванне (зафіксаванае, да прыкладу, у «Llibre del Consolat del Mar», напісанай на каталанскай мове, адным з найстарэйшым збораў марскіх законаў у свеце), што Карону Арагона варта лічыць імперыяй, якая кіравала Міжземнамор'ем на працягу стагоддзяў, распаўсюджваючы сваю ўладу па ўсім моры. Сапраўды, у зеніце сваёй моцы, яна была адной з асноўных сіл у Еўропе.
Зрэшты яе розныя тэрыторыі былі слаба звязаны паміж сабой, што супярэчыць традыцыйным уяўленням пра імперыю. Сучасны даследчык маркіз дэ Лазоя[2] вызначае Арагонскую карону хутчэй як канфедэрацыю, чым цэнтралізаванае каралеўства, не кажучы ўжо пра імперыю. Ні ў адным афіцыйным дакуменце не сустракаецца слова «імперыя» (Imperium ці роднаснае вызначэнне), яна лічылася дынастычным саюзам асобных каралеўстваў.
Гісторыя
правіцьПаходжанне
правіцьАрагонская «імперыя» была заснавана ў 1137 годзе, калі Арагон і графства Барселона аб'ядналіся дынастычным саюзам[3], пасродкам шлюбу паміж Рамонам Берэнгерам IV графам Барселонскім і Петранілай Арагонскай.
Іх сын Альфонса II узышоў з гэтага часу на агульны трон у 1162 годзе. З гэтым зліццём Барселонскі дом атрымаў у спадчыну і каралеўскую карону[4]. Так, паступова, землі, якімі яны кіравалі сталі называць Каронай Арагона для большага прэстыжу грамадскага тытула.
Зрэшты, Рамон Берэнгер IV, новы кіраўнік аб'яднанай дынастыі, працягваў называць сябе графам Барселоны і проста «прынцам» Арагона.[4]
Сын Рамона Берэнгеры IV і Петранілы, Альфонса II, атрымаў у спадчыну абодва тытулы караля Арагона і графа Барселоны, у стылі, якога будуць падтрымлівацца ўсе яго пераемнікамі. Такім чынам, гэты саюз быў дасягнуты пры павазе існых устаноў парламентаў абедзвюх тэрыторый.
Пашырэнне
правіцьАльфонса II, выкарыстоўваючы спрыяльныя акалічнасці, паспрабаваў заваяваць Валенсію, але магчымасць была выпушчана, калі Санча VI Наварскі ўварваўся ў Арагон. Для забеспячэння далейшай абароны арагонскіх меж Альфонса II падпісаў Касорлскае пагадненне з каралём Кастыліі Альфонса VIII. Гэты дагавор таксама вызначаў перспектывы далейшага пашырэння дзяржаў: каралям Арагона адыходзіла Валенсія, Мурсія — Кастыліі.[5]
У XIII стагоддзі кароль Хаймэ I пачаў эпоху экспансіі, заваяваўшы і далучыўшы да Кароны Мальёрку і значную частку каралеўства Валенсіі. З Карбейскім дагаворам 1258 года, заснаваным на прынцыпе натуральных межаў[6], французскія парэтэнзіі на Каталонію сышлі на нішто. Галоўнай яго ўмовай было спыненне арагонскага ўплыву на поўнач ад Пірэнеяў[6] Хаймэ I усведамляў, што марнаванне сіл і энергіі ў спробах утрымаць пункт апоры ў Францыі можа скончыцца толькі катастрофай.[6] У студзені 1266 года ён аблажыў і захапіў Мурсію, засяліўшы яе сваімі людзьмі, пераважна каталонцамі, а затым вярнуў Мурсію Кастыліі паводле Касорлскага пагаднення.[7].
Дзякуючы каралю Хаймэ II, Мальёрка, разам з графствамі Сердань, Русільён і сеньярыяй Манпелье, захоўвалі сваю незалежнасць з 1276 па 1279 гады, стаўшы пасля гэтага васалам Кароны, і, у 1344 годзе ўвайшлі ў склад Кароны Арагона.
Каралеўства Валенсія, нядаўна заснаванае на месцы маўрытанскай тайфы, стала трэцім членам Кароны (прававы статус Мальёркі ўсё ж адрозніваўся ад статусу Арагона, Каталоніі і Валенсіі).
У 1282 годзе, сіцылійцы паўсталі супраць Анжуйскай галіны дому Капетынгаў, перабіўшы падчас Сіцылійскай вячэрні ўвесь французскі гарнізон. Праз пяць месяцаў пасля гэтага Педра III Арагонскі прымае прапанову паўстанацаў прыняць карону Сіцыліі, высаджваецца ў Трапані, дзе сустракае гасцінны прыём. Па-прафранцузску настроены Папа Марцін IV адлучыў Педра III ад царквы, абвясціў яго зрынутым і прапанаваў каралеўства Арагон сыну Філіпа III[8][9].
Калі Педра III аддаў перавагу не распаўсюджваць дзеянне арагонскіх фуэрас у Валенсіі, прадстаўнікі гарадоў і знаці сабралі кортэсы ў Сарагосе і запатрабавалі ад караля пацверджання сваіх прывілеяў. Кароль пацвердзіў іх у 1283 годзе. Пасля чаго ўзнік саюз для абароны традыцыйных вольнасцей — Арагонская унія, якая заснавала пасаду хустысьі, які выконваў ролю пасродніка паміж каралём і арагонскай знаццю. Па ўсіх спрэчных пытаннях рашэнне хустысьі было абавязковым. Кароль абавязаўся склікаць кортэсы не радзей чым раз у год і раіцца з імі па ўсіх бягучых справах.[8]
Пасля таго як сын Педра III, Хаймэ II Арагонскі, завяршыў заваяванне ўсіх земляў каралеўства Валенсіі, Арагонская карона становіцца адной з самых уплывовых сіл Еўропы. Па гранце Папы Баніфацыя VIII для Хаймэ II, каралеўствы Сардзініі і Корсікі былі далучаны да Кароны ў 1297 годзе, хоць да таго моманту яны ўжо больш за стагоддзе знаходзіліся пад кантролем Арагонскай кароны.
Пасля жаніцьбы Педра IV на Элеаноры Сіцылійскай у 1381 годзе, пад уладу Кароны перайшлі герцагствы Афінскае і Неапатрыя. Зрэшты грэчаскія ўладанні неўзабаве адышлі Нерыа I Акцыяёлі, у 1388 годзе, а Сіцылія на перыяд з 1395 па 1409 гады адышла ў рукі Марціна I Малодшага. У 1442 годзе Неапалітанскае каралеўства было заваявана Альфонса V Арагонскім.
Варта заўважыць, што кіраванне ўладаннямі Кароны па-за межамі Іберыйскага паўвострава і Балеарскіх астравоў ажыццяўлялася намеснікамі з мясцовай эліты, а не якім-небудзь цэнтралізаваным урадам. Яны хутчэй былі эканамічнымі складнікамі Арагонскай кароны, чым палітычнымі. Кароль быў зацікаўлены дамаўляцца ў новых каралеўствах, а не проста пашыраць межы каралеўстваў існых. Гэта была частка барацьбы за ўладу, калі каралеўскім інтарэсам былі супрацьпастаўлены інтарэсы мясцовага дваранства. Гэты працэс, уласцівы і іншым еўрапейскім дзяржавам, паспяхова перавандраваў з Сярэднявечча ў сучаснасць. Новым тэрыторыям, якія дасталіся ад маўраў, такім як Валенсія і Мальёрка звычайна даваліся фуэрас, як інструмент самакіравання, з тым каб абмежаваць уладу дваранства ў новых набыццях, і ў той жа час, схіліць іх да саюза з манархам. Такі ж курс праводзіла суседняе каралеўства Кастылія, абодва каралеўствы спрыялі Рэканкісце, даруючы самакіраванне гарадам і тэрыторыям, замест таго, каб аддаваць новыя тэрыторыі пад уладу дваранству.
Саюз з Кастыліяй
правіцьУ 1410 годзе, кароль Марцін I памёр не пакінуўшы спадчыннікаў. У выніку чаго, паводле Кампрамісу Каспэ, Фердынанд з Антэкера з кастыльскай дынастыі Трастамара, займае прастол Арагона як Фердынанд I.
У далейшым, яго ўнук — кароль Фердынанд II Арагонскі верне Кароне паўночнае каталонскае графства Русільён, некалі страчанае на карысць Францыі, і каралеўства Навара, якое таксама раней належала Арагонскай кароне, але было страчана з-за ўнутраных дынастычных спрэчак.
У 1469 годзе Фердынанд II жэніцца з інфантай Ізабелай Кастыльскай, адзінакроўнай сястрой караля Энрыке IV, якая становіцца каралевай Кастыліі і Леона пасля яго смерці ў 1474 годзе. Гэты дынастычны саюз[10][11][12] стаў адпраўным пунктам у гісторыі каралеўства Іспанія. Нягледзячы на гэта, Кастылія і Арагонская кароны заставаліся асобнымі тэрыторыямі, у якіх захоўваліся ўласныя дзяржаўныя ўстановы, парламенты і законы. Працэс зліцця завяршыў толькі Карл I, да 1516 года аб'яднаўшы ўсе каралеўствы Іберыйскага паўвострава (акрамя Партугаліі) пад адной каронай, такім чынам садзейнічаючы ўтварэнню іспанскай дзяржавы, хоць і дэцэнтралізаванай на той перыяд.
Заняпад і знікненне
правіцьАпетая ў літаратуры эпоха былога бляску адносіцца ў першую чаргу да перыяду XII і XIII стагоддзяў, калі былі заваяваны Валенсія, Мальёрка і Сіцылія, рост колькасці насельніцтва суправаджаўся адсутнасцю сацыяльных канфліктаў, а гарады квітнелі. Пік гэтага працэсу прыйшоўся на 1345 год і стаў адлюстраваннем арганізацыйных і культурных дасягненняў Кароны[13]. Пасля гэтай даты Карона стала слабець: дэмаграфічны рост быў спынены выгнаннем яўрэяў з Іспаніі (1492), мудэхараў (1502), марыскаў (1609). Яна не змагла прадухіліць страту Русільёна, Міноркі і сваіх італьянскіх уладанняў у 1707—1716 гадах, а таксама ўвядзенне французскай мовы ў Русільёне (1700) і спыніць рост дамінавання кастыльскай на ўсіх старых землях Кароны ў Іспаніі (1707—1716)[14].
Карона Арагона і яе ведамствы былі скасаваны толькі пасля вайны за іспанскую спадчыну (1702—1713 гады) дэкрэтамі Нуэва-Планта, выдадзенымі Філіпам V, каралём Іспаніі[14]. Органы адміністрацыі былі ўключаны ў кастыльскі ўрад, а землі Кароны былі аб'яднаны з кастыльскімі, каб сфарміраваць адзіную дзяржаву — Іспанію, як таго патрабавала цэнтралізаванае кіраўніцтва новай дынастыі Бурбонаў[14].
Сцяг
правіцьПалосы Барселоны сталі эмблемай каралёў[15]. Сцяг выкарыстоўваўся толькі манархамі Кароны і быў выразам іх суверэнітэту і сведчаннем вярхоўнай улады[16]. Кароль Мальёркі Хаймэ III, васал каралеўства Арагон, таксама выкарыстоўваў чатырохпалосны герб.
Дзяржаўныя інстытуты
правіцьАрагон, Каталонія і Валенсія валодалі ўласнымі заканадаўчымі органамі, вядомымі як кортэсы. Таксама існавалі мясцовыя органы самакіравання — аналаг сучаснай генеральнай дэпутацыі (ісп.: diputación general) — вядомыя як Generalidad у Арагоне, і Generalitat у Каталоніі і Валенсіі.
Сталіца
правіцьКарона не мела адзінай сталіцы. Каралеўскі двор да Філіпа II быў вандроўны[17]. Іспанскі гісторык Дамінга Буэса лічыць, што Сарагосу варта лічыць палітычнай сталіцай (але не эканамічнай ці адміністрацыйнай), паколькі каранавацца каралі павінны былі ў сарагоскім саборы «Ла Сеа»[18]. У той жа час арагонскія каралі жылі ў Барселоне, што дазваляе, паводле меркавання іншых гісторыкаў, прызнаваць сталіцай менавіта яе.
Землі кароны
правіцьГл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Карта Арагонскай імперыі «A History of Aragon and Catalonia» by H. J. Chaytor
- ↑ Marqués de Lozoya, Tomo Segundo de Historia de España, Salvat, ed. of 1952, page 60: «El Reino de Aragon, el Principado de Cataluña, el Reino de Valencia y el Reino de Mallorca, constituyen una confederación de Estados».
- ↑ Thomas N. Bisson. The Medieval Crown of Aragon: A Short History. — Oxford, England: Oxford University Press, 1986. — С. 31.
- ↑ а б Stanley G. Payne. Chapter Five. The Rise of Aragón-Catalonia (англ.). A History of Spain and Portugal (4 кастрычніка 1973). Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2012. Праверана 11 чэрвеня 2009.
- ↑ Thomas N. Bisson. The Medieval Crown of Aragon: A Short History. — Oxford, England: Oxford University Press, 1986. — С. 36.
- ↑ а б в H. J. Chaytor. Chapter 6, James the Conqueror (англ.). A History of Aragon and Catalonia. Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2012. Праверана 11 чэрвеня 2009.
- ↑ Thomas N. Bisson. The Medieval Crown of Aragon: A Short History. — Oxford, England: Oxford University Press, 1986. — С. 67.
- ↑ а б Thomas N. Bisson. The Medieval Crown of Aragon: A Short History. — Oxford, England: Oxford University Press, 1986. — С. 87-88.
- ↑ H. J. Chaytor. Chapter 7, Pedro III (англ.). A History of Aragon and Catalonia. Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2012. Праверана 11 чэрвеня 2009.
- ↑ Stanley G. Payne. Chapter Nine, The United Spanish Monarchy (англ.). A History of Spain and Portugal (4 кастрычніка 1973). Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2012. Праверана 11 чэрвеня 2009.
- ↑ H. J. Chaytor. Chapter 16, Juan II. Union of Aragon with Castile (англ.). A History of Aragon and Catalonia. Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2012. Праверана 11 чэрвеня 2009.
- ↑ Richard Herr. Chapter 3, The Making of Spain (англ.). An historical essay on modern Spain. Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2012. Праверана 11 чэрвеня 2009.
- ↑ Thomas N. Bisson. The Medieval Crown of Aragon: A Short History. — Oxford, England: Oxford University Press, 1986. — С. 188-189.
- ↑ а б в Thomas N. Bisson. The Medieval Crown of Aragon: A Short History. — Oxford, England: Oxford University Press, 1986. — С. 189.
- ↑ Léon Jéquier. Les origines des armoiries: actes du IIe Colloque international d'héraldique. — Bressanone: Léopard d'or, 1981. — 172 с. — ISBN 2-86377-030-6.
- ↑ La bandera de Aragón (ісп.)(недаступная спасылка). Autonomical Government of Aragon (6 сакавіка 1997). Архівавана з першакрыніцы 29 мая 1997. Праверана 11 чэрвеня 2009.
- ↑ A team of investigators of the University of the Balearic Islands directed by Doctor Josep Juan Vidal. Felipe II, the King that defended Majorca but didn't want to recognize all its privileges (ісп.)(недаступная спасылка). Servei de Comunicacions de la UIB. Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2005. Праверана 11 чэрвеня 2009.
- ↑ Domingo J. Buesa Conde. El rey de Aragón. — Zaragoza: Caja de Ahorros de la Inmaculada, 2000. — С. 57-59. — 126 с. — ISBN 84-95306-44-1.
Бібліяграфія
правіць- Thomas N. Bisson. The Medieval Crown of Aragon: A Short History. — Oxford, England: Oxford University Press, 1986. — 264 с. — ISBN 0-19-820236-9.
- Stanley G. Payne. A History of Spain and Portugal. — Madison, WI: University of Wisconsin Press, 1973. — 741 с. — ISBN 0-29-906270-8.
- Henry John Chaytor. A History of Aragon and Catalonia. — London, UK: Methuen Publishing Ltd, 1933.
- Корсунский А. Р. История Испании IX — XIII веков (Социально-экономические отношения и политический строй Астуро-Леонского и Леоно-Кастильского королевства). Учебное пособие. — М.: Высшая школа, 1976. — 139 с.
- Альтамира-и-Кревеа Рафаэль. История Средневековой Испании / Перевод с испанского Е. А. Вадковской и О. М. Гармсен. — СПб.: «Евразия», 2003. — 608 с. — 1 500 экз. — ISBN 5-8071-0128-6.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Арагонская карона
- Каталанская літаратура пра Арагонскую карону Архівавана 27 верасня 2007. (ісп.)