Араканцы
Арака́нцы, таксама ракха́йн (саманазва: ရခိုင်လူမျိုး) — тыбета-бірманскі народ, карэннае насельніцтва вобласці Аракан у М’янме. Невялікая колькасць араканцаў шчыльна жыве на паўднёвым усходзе Бангладэш. Агульная колькасць (2022 г.) — 2 758 000 чалавек[1].
Араканцы (ရခိုင်လူမျိုး) | |
Агульная колькасць | 2758000 (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | М’янма — 2739000 |
Мова | араканская мова |
Рэлігія | будызм |
Блізкія этнічныя групы | бірманцы, марма, мог, чын |
Паходжанне
правіцьАраканцы — тыбета-бірманскі народ. Згодна з уяўленнямі, распаўсюджанымі ў М’янме, іх продкі з’явіліся на тэрыторыі Аракана задоўга да нашай эры. Аднак археалагічных пацверджанняў гэтаму няма. Найбольш верагодны перыяд міграцыі тыбета-бірманцаў — канец 1 тысячагоддзя н. э. Іх прыход можа быць звязаны з заняпадам дзяржавы, заснаванай у III — IV стст. індыйскай дынастыяй Чандра. У пачатку 2 тысячагоддзя на Араканскім узбярэжжы склалася некалькі гарадоў-дзяржаў, залежных ад Паганскай імперыі. Акрамя таго, нашчадкі мігрантаў падзяляліся на розныя плямёны.
Агульная свядомасць араканцаў склалася ў XV — XVIII стст., калі адбылося станаўленне дзяржавы Мраук-У, вядомай сярод еўрапейцаў і індыйцаў як Араканскае каралеўства. Значную ролю ў гэтым працэсе адыграла распаўсюджанне будызму ў форме Тхеравада. У будысцкіх кляштарах поруч з палі выкарыстоўвалася араканская мова. Акрамя таго, будызм адрозніваў араканцаў ад індаарыйскага насельніцтва, што таксама сялілася ў гэтым рэгіёне і спавядала іслам. Апошнія сталі продкамі народа рахінджа.
Асаблівасці культуры
правіцьСельская гаспадарка Аракана здаўна арыентавана на вырошчванне рысу, які з’яўляецца асноўнай харчовай культурай. Тым не меней, асаблівасці мясцовага клімату, асабліва цыклоны, ствараюць пэўную рызыку для атрымання ўраджаю. Таму ў мінулым і ў нашы дні частка рысу завозіцца з іншых рэгіёнаў. Для спажывання і камерцыйных патрэб таксама вырошчваюць імбір, востры перац, тытунь, бавоўнік, джут, садавіну і гародніну. Жывёлагадоўля мае дадатковы характар. Хаця рыба займае важнае месца ў харчаванні, рыбалоўства развіта толькі ў прыбярэжнай зоне.
У Аракане здаўна існавалі гарады, якія былі цэнтрамі рамяства і гандлю. У XV — XVIII стст. араканцы былі шчыльна ўцягнуты ў пасрэдніцкі гандаль рабамі, але пазней спецыялізацыяй мясцовых гандляроў сталі ўвоз еўрапейскіх прамысловых тавараў, вываз чаю і харчу. У наш час дробным гандлем займаюцца пераважна жанчыны. Традыцыйныя рамёствы: апрацоўка дрэва, металаў, ювелірная справа, ткацтва. У мінулым амаль не было наземных дарог, таму важным заняткам з’яўлялася транспартыроўка грузаў на лодках.
Араканская кухня сумяшчае бірманскія і індыйскія традыцыі. Акрамя варанага рысу, ядуць стравы з гародніны, мяса і рыбу — у выглядзе кары. Папулярны супы, дэсерты з салодкага рысу і садавіны. Найбольш распаўсюджаныя напоі — чай і какосавае малако.
Народная вопратка складаецца з саронгу, закрытай кашулі ў мужчын і адкрытай кашулі ў жанчын. Звычайны абутак — сандалі. Дарослыя мужчыны робяць татуіроўкі. У старых яны займаюць амаль усю скуру на целе. Жанчыны ўпрыгожваюць валасы архідэямі і іншымі кветкамі.
Традыцыйныя хаціны каркаснага тыпу на па́лях. Жылая зона складае другі паверх. Перад уваходам будуецца веранда. Спальня месціцца ў задняй частцы. Першы паверх не мае сцен. Днём тут хаваюцца ад спякоты.
Асноўны сацыяльны інстытут — малая нуклеарная сям'я. У мінулым таксама вылучаліся племянныя і родавыя аб’яднанні, аднак яны былі канчаткова разбураны ў другой палове XX ст. у выніку палітыкі прымусовых перасяленняў. У шлюб уступаюць у канцы падлеткавага ўзросту. Сям’я жаніха забяспечвае пасаг. Будысцкія манахі абавязкова правяраюць гараскопы маладых, чытаюць малітвы падчас шлюбнай цырымоніі. Поўная шлюбная цырымонія можа цягнуцца болей за тыдзень, патрабуе значных выдаткаў, таму ў большасці выпадкаў маладыя праводзяць скарочаную цырымонію, а ўжо ў сталым узросце, калі маюць дзяцей, — поўную. Згодна з будысцкімі традыцыямі, жанчына разглядаецца як ніжэйшая па статусу за мужчыну, і на чале сям’і стаіць або бацька, або старэйшы сын.
Араканская музычная культура і паэтычная лірыка эг’ін бяруць пачатак у прыдворных забавах XV—XVIII стст. Песні складаюцца для асобых жыццёвых выпадкаў, ад заляцанняў і вяселляў да калыханак. Народныя аркестры ўключаюць барабаны, ксілафоны, музычныя талеркі і металічны рог хнэ. Яны суправаджаюць тэатральныя пастаноўкі, у тым ліку тэатр марыянетак, а таксама калектыўныя танцы. Так, у танцы дон йін прымаюць удзел да 100 танцораў. Араканцы вядомы баявым мастацтвам к’ін. Рукапашныя спаборніцтвы суправаджаюць многія святы.
Мова
правіцьАраканская мова належыць да тыбета-бірманскай групы моў, вельмі блізкая да бірманскай мовы. Апошняя найчасцей выкарыстоўваецца ў дзяржаўнай адукацыі, што прывяло да выціскання араканскай з паўсядзённага жыцця і сродкаў масавай інфармацыі. Аднак школы пры будысцкіх кляштарах захоўваюць вывучэнне тэкстаў на араканскай мове.
Рэлігія
правіцьБольшасць вернікаў спавядае будызм у форме тхеравада. У сельскай мясцовасці захоўваюцца анімістычныя культы духаў нат.
Канфлікт з рахінджа
правіцьПаўночную частку вобласці Аракан насяляе індаарыйскі народ рахінджа, які, у адрозненне ад араканцаў, спавядае іслам. Да II сусветнай вайны раёны супольнага пражывання араканцаў і рахінджа былі шырэйшымі. Аднак падчас вайны паўднёвы Аракан быў акупаваны японцамі. Значная частка араканскіх інтэлектуалаў пайшла на супрацоўніцтва з акупантамі. Безуладдзе прывяло да вострага канфлікту паміж прадстаўнікамі 2 этнасаў. У пасляваенны перыяд рахінджа высоўвалі прапановы стварэння ў паўночным Аракане свайго штата або нават далучэння да Усходняга Пакістана. У сваю чаргу, араканскія палітыкі сцвярджалі, што іх народ вымушаны мірыцца з прыгнётам з боку бірманцаў і супраціўленнем рахінджа. У 2016 г. араканцы падтрымалі гвалтоўныя дзеянні ваенных М’янмы супраць рахінджа. У выніку крызісу некалькі тысяч рахінджа загінулі, каля 500 000—700 000 бежанцаў былі вымушаны пакінуць краіну.