Арганічныя ўгнаенні
Арганічныя ўгнаенні — угнаенні, у якіх ёсць пажыўныя для раслін хімічныя элементы пераважна ў форме арганічных злучэнняў расліннага ці жывёльнага паходжання.
Да арганічных угнаенняў адносяцца гной, гнойная жыжка і птушыны памёт , таксама кампосты (сумесі на аснове гною з торфам, фасфатнай мукой), торф, глей (сапрапель), зялёныя ўгнаенні , сцёкавыя воды і інш. адходы прамысловасці і камунальнай гаспадаркі.
Забяспечваюць расліны азотам, фосфарам, каліем, неабходнымі мікраэлементамі, паляпшаюць фізічныя і фізіка-хімічныя ўласцівасці глебы, яе водны і паветраны рэжым, змяншаюць шкоднае ўздзеянне кіслотнасці на расліны, актывуюць жыццядзейнасць азотфіксавальных бактэрый.
Перапрэлы гной (пры вільготнасці 75 %) мае (у %): азоту (N) 0,5, фосфару (P2O5) 0,25, калію (K2O) 0,6, кальцыю (CaO) 0,7; курыны памёт (пры вільготнасці 56 %) 2,2; 1,8; 1,1; 2,4 адпаведна. Калій і натрый у арганічных угнаеннях больш засваяльныя, чым у мінеральных угнаеннях. Праз арганічныя ўгнаенні ажыццяўляецца кругаварот пажыўных рэчываў: глеба — расліны — жывёла — расліны — глеба.
Літаратура
правіць- Арганічныя ўгнаенні // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх