Арганічны статут Албаніі

Канстытуцыйны акт

Арганічны статут Албаніі — першы канстытуцыйны акт Княства Албанія, які быў прыняты 10 красавіка 1914 года.

Арганічны статут Албаніі
Аўтар Міжнародная кантрольная камісія

Арганічны статут распрацоўвала Міжнародная кантрольная камісія (МКК) і складаўся з 17 глаў і 216 артыкулаў

Паводле статута, Албанія абвяшчалася канстытуцыйным, суверэнным і спадчынным княствам пад гарантыяй 6 вялікіх дзяржаў. Князь надзяляўся шырокімі паўнамоцтвамі: ён з'яўляўся главой грамадзянскай і ваеннай адміністрацыі, прызначаў савет міністраў. Але на справе яго ўлада не распаўсюджвалася за межы Дурэса, а наяўнасць МКК стварала становішча двоеўладдзя. Князь быў пазбаўлены магчымасці самастойных дзеянняў нават у рамках, вызначаных статутам. Заканадаўчым органам стала Нацыянальная асамблея, якая складалася з абраных ўскосным галасаваннем прадстаўнікоў адміністрацыйных акруг — санджакаў і тых членаў, якіх прызначаў сам князь. Узброеныя сілы княства складаліся з жандармерыі пад кіраўніцтвам галандскіх афіцэраў і міліцыі з мясцовых жыхароў. Афіцыйнай мовай княства, абавязковай для навучання ў школах, аб'яўлялася албанская. Статут змяшчаў шэраг спецыяльных артыкулаў аб уласнасці. Прыватная ўласнасць, у тым ліку ўласнасць феадальных землеўладальнікаў, узаконьвалася. Розныя катэгорыі ўласнасці, якія прызнаваліся асманскім заканадаўствам, уніфікаваліся. Спрашчалася таксама працэдура перадачы ўласнасці ў спадчыну. Захоўваліся турэцкія назвы адміністрацыйных адзінак.

Некаторыя палажэнні статута сур'ёзна ўшчамлялі суверэнітэт краіны. Захоўвала свае функцыі Міжнародная кантрольная камісія. Аўтары статута навязалі княству абавязанне прызнаваць усе дагаворы і пагадненні, заключаныя Портай з замежнымі дзяржавамі. На тэрыторыі Албаніі працягваў дзейнічаць, як і да здабыцця ёю незалежнасці, рэжым капітуляцый, які ставіў албанскіх грамадзян у нераўнапраўнае становішча ў адносінах да замежнікаў. Такім чынам, албанскае княства аказвалася ў паўкаланіяльнай залежнасці ад вялікіх дзяржаў, якія прысвоілі права вызначаць яго дзяржаўны лад і міжнародны статус.

Нягледзячы на тое, што вялікія дзяржавы гарантавалі тэрытарыяльную цэласнасць і нейтралітэт княства, гэтыя гарантыі не выконваліся: раён Шкодры быў па-ранейшаму адарваны ад княства, паўднёвыя раёны былі акупаваны грэцкімі войскамі.

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Краткая история Албании: С древнейших времен до наших дней / [Г. Л. Арш, Ю. В. Иванова, О. А. Колпакова, Н. Д. Смирнова]; Отв. ред. Г. Л. Арш; [Российская АН, Институт славяноведения и балканистики]. — М.: Наука, 1992. — 510,[1] с.: ил. — С. 258—259. — (История стран Центральной и Юго-Восточной Европы). — ISBN 5-02-010084-6.
  • Смирнов, Н. Д. История Албании в XX веке / Н. Д. Смирнова; Российская академия наук, Институт всеобщей истории. — М.: Наука, 2003. — 430, [1] с., [1] л. портр. — С. 65—66. — ISBN 5-02-008867-6.