Аркадзь Антонавіч Смоліч
Арка́дзь Анто́навіч Смо́ліч (29 верасня 1891, в. Бацэвічы, цяпер Магілёўская вобласць — 17 чэрвеня 1938, Омск, НКУС) — беларускі палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, геаграфіі. Прафесар (1927), член Прэзідыума Беларускай акадэміі навук (з 1929).
Аркадзь Антонавіч Смоліч | |
---|---|
Дата нараджэння | 17 (29) верасня 1891 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 17 чэрвеня 1938 (46 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Жонка | Аляксандра Ігнацьеўна Смоліч |
Род дзейнасці | географ, перакладчык, журналіст, эканаміст, палітык |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Член у |
|
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьРанні перыяд. Першая сусветная вайна
правіцьНарадзіўся ў вёсцы Бацэвічы Бабруйскага павета Мінскай губерні ў сям’і святара. Скончыў Мінскае духоўнае вучылішча, а потым Мінскую духоўную семінарыю (1905). Паступіў у Кіеўскі політыхнічны інстытут, аднак перадумаў і перайшоў у Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Нова-Александрыі (Царства Польскае, з 1921 г. Пулавы). З 1910 года сябра Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У лютым 1910 года за арганізацыю дзвюх студэнцкіх дэманстрацый і страйку выключаны з інстытута і высланы з Царства Польскага[1]. Вярнуўся да навучання ў 1913 годзе, па абвяшчэнні амністыі з нагоды 300-годдзя дынастыі Раманавых. З пачаткам Першай сусветнай вайны разам з інстытутам эвакуяваўся ў Харкаў. Праслухаў тэарэтычны курс і прайшоў у 1916 годзе практыку, аднак не стаў абараняць дыпломную працу. У лісце да Цёткі ён пісаў, што ягоныя сілы «цяпер асабліва патрэбныя ў Менску, каб разгарнуць беларускую палітычную працу».
Пераехаў у 1916 годзе ў Мінск, уладкаваўся статыстам у губернскім земстве. Вёў працу ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, актыўны ўдзельнік клуба «Беларуская хатка». Узначаліў мінскую арганізацыю БСГ. У сакавіку 1917 года на З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). На канферэнцыі БСГ у чэрвені 1917 года увайшоў ў склад яе часовага ЦК, быў рэдактарам газеты «Грамада». У ліпені 1917 года на З’ездзе беларускіх арганізацый і партый замест БНК была ўтвораная Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ЦРБА) з Выканаўчым камітэтам, у які ўвайшоў Аркадзь Смоліч, стаўшы фактычным кіраўніком камітэта[1]. У кастрычніку 1917 года ЦРБА была рэарганізаваная ў Вялікую беларускую раду, Смоліч абраны намеснікам старшыні яе Выканаўчага камітэта. Дэпутат Мінскай гарадской думы ў 1917—1918 гадах, куды абраўся як сябра БСГ у спісе ад аб’яднанага Блока нацыянальных сацыялістычных партый[2].
Беларуская Народная Рэспубліка
правіцьУдзельнік Усебеларускага з’езда 1917 года ў Мінску. Па стварэнні Рады БНР увайшоў у яе склад. У 1918 годзе Аркадзь Смоліч стаў адным з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1-м урадзе (Народным Сакратарыяце) БНР Смоліч займаў пасаду народнага сакратара асветы, з 14 траўня па сумяшчальніцтве намеснік старшыні Рады БНР, з 25 траўня таксама народны сакратар нацыянальных спраў. Пасля распаду Беларускай сацыялістычнай грамады разам з іншымі беларускімі дзеячамі ў красавіку 1918 года арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, аўтар праекта яе праграмы, адзін з тэарэтыкаў беларускай сацыял-дэмакратыі. Старшыня мандатнай камісіі Рады БНР. 9 кастрычніка накіраваны ў склад Надзвычайнай беларускай дэлегацыі ва Украіне. 22 лістапада 1918 года стаў намеснікам старшыні Рады Народных Міністраў і міністрам земляробства ў кабінеце Антона Луцкевіча. Выехаў у Горадню, дзе 15—16 снежня 1918 года правёў Беларускі сялянскі з’езд Гродзенскага павета, у выніку якога была створаная Гродзенская павятовая рада і арганізацыйны камітэт Беларускага з’езда Гродзеншчыны. Накіраваны ва Украіну дзеля атрымання пазыкі для БНР. З Кіева паехаў у Вінніцу, па выкананні даручэння — праз Вену, Зальцбург, Мюнхен — у Берлін.
Прыехаў у Берлін не пазней за 15 сакавіка 1919 года, дзе заснаваў Дыпламатычную місію БНР. 21 сакавіка Рада народных міністраў БНР прызначыла яго пасланнікам БНР у Берліне і на кароткі час накіравала ў Варшаву. У Варшаве Смоліч сустракаўся з Юзафам Пілсудскім і іншымі польскімі дзеячамі, прадставіў Ігнацыю Падарэўскаму праект беларуска-польскага паразумення, першым пунктам якога было прызнанне ўрадам Польшчы Урада БНР. У канцы траўня ўзяў ўдзел у інаўгурацыйным пасяджэнні Польска-беларускага таварыства, аднак у склад кіраўніцтва не ўвайшоў. Неўзабаве выехаў у Вільню, дзе рыхтаваў да друку «Геаграфію Беларусі». У Вільні палітычную дзейнасць не спыніў, выязджаў у Коўна і Варшаву дзеля перамоў з дзеячамі Літвы Антанасам Смятонай і Юргісам Шаўлісам[1].
Вярнуўся ў Менск. 19 верасня 1919 года браў удзел у сустрэчы дзеячаў БНР з Юзафам Пілсудскім. Сябра Часовага беларускага нацыянальнага камітэта, з 10 сакавіка 1920 года намеснік старшыні. Сябра Менскай беларускай школьнай рады, пераўтворанай у Беларускую цэнтральную школьную раду (намеснік старшыні), сябра Беларускага саюза сельскай гаспадаркі. 28 лютага 1920 года Антон Луцкевіч, інтэрнаваны ў Варшаве, перадаў Аркадзю Смолічу паўнамоцтвы старшыні Рады Народнах Міністраў. 20—24 сакавіка 1920 года польская дэлегацыя на чале з Леанам Васілеўскім правяла перамовы з Найвышэйшай Радай БНР і Аркадзем Смолічам. Палякі адмовіліся прызнаць беларускую незалежнасць, аднак згадзіліся на падтрымку беларускай культуры і асветы[1].
Праз ліпеньскі наступ Чырвонай арміі з’язджае ў Вільню. Тут неўзабаве была ўтвораная марыянеткавая Рэспубліка Сярэдняй Літвы, што паспрыяла ўтварэнню беларускіх арганізацый.
У лістападзе 1920 года падпісаў План-канспект нарады («Слуцкая акцыя») некаторых беларускіх сацыялістаў з прадстаўнікамі мясцовых землеўласнікаў па абмеркаванні сумесных дзеянняў супраць бальшавікоў, асноўныя палажэнні якога былі: вызваленне Беларусі і дасягненне яе незалежнасці; незалежнасць Беларусі здабываецца шляхам федэрацыі з Польшчай праз больш цесную яе сувязь з Сярэдняй Літвой; надзея толькі на ўласныя сілы, сілы краю, а значыць — палітыка праводзіцца ў духу выканання ўсіх пастулатаў насельніцтва; унутраныя непаразуменні паміж палітыкамі і іншымі слаямі насельніцтва павінны быць выключаны; нацыянальная роўнасць; дзяржаўнасць несумненна беларуская; апора на мясцовыя самаўрады; узбройванне ўсяго насельніцтва Беларусі і прыём у рэгулярнае беларускае войска добраахвотнікаў з Польшчы; радыкальная зямельная рэформа і яе рэкламаванне; пазбяганне рэквізіцый; дапамога ў забеспячэнні харчаваннем; законны ўрад, створаны Найвышэйшай Радай, — склад ураду: 50% беларусаў, 40% палякаў і 10% яўрэяў. Такі нацыянальны склад ураду і ўся сітуацыя — каб атрымаць гарантыі дапамогі ад Польшчы; апора на Польшчу, Сярэднюю Літву і Францыю — каб змагацца з бальшавікамі. Сярод іншых падпісчыкаў плана-канспекта былі: Альгерд Гардзялкоўскі, Раман Скірмунт, Ігнат Антонавіч Парэмбскі, Абязерскі, Павел Жаўрыд, Андрэй Якубецкі, Ражноўскі, Кузьма Цярэшчанка, Лявон Дубейкаўскі, Чэслаў Крупскі, Антон Неканда-Трэпка, Сяргей Баран[3]. Запланаваныя намеры не ажыццявіліся, а таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гарадзеншчыне ў склад беларускіх збройных аддзелаў[4].
У 1921 годзе Смоліч увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускае навуковае таварыства. Удзельнічаў у стварэнні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынёй, працаваў настаўнікам у Віленскай беларускай гімназіі. Сябра заснаванага ў красавіку 1921 года Камітэта беларуска-польскага збліжэння і кароткачасовага Дзяржаўнага камітэта БНР, які замяніў Найвышэйшую Раду[1].
Савецкая Беларусь
правіцьУ жніўні 1922 года з дазволу ўрада БССР вярнуўся ў Менск. Працаваў загадчыкам планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР. Адначасова з 1923 года дацэнт, прафесар (1927) і загадчык кафедры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 1923 годзе пад кіраўніцтвам Смоліча створаны часопіс «Плуг» і Цэнтральнае Бюро краязнаўства[5]. З 1925 года намеснік старшыні Інбелкульта, кіраўнік сельскагаспадарчай секцыі і камісіі па раянаванні БССР, быў старшынёй Цэнтральнага Бюро краязнаўства.
У 1928 годзе абраны правадзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства, узнагароджаны (1930) яго Малым залатым медалём за навуковыя працы «Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (абедзве 1929). Пачынальнік беларускай геаграфічнай навукі, аўтар першага акадэмічнага падручніка «Геаграфія Беларусі» (1919; 2-е выд. 1922; 3-е выд. 1923), які адкрываўся эпіграфам «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў». Зрабіў уклад у пераўтварэнне Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук, быў адным з аўтараў яе першага статута. Член Прэзідыума Беларускай акадэміі навук з 1929 года. У 1930 годзе ўзнагароджаны Залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства[6].
Арыштаваны 26 чэрвеня 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» сасланы на 5 гадоў у Асу Пермскай вобласці, потым у Ішым Цюменскай вобласці, дзе ён працаваў у педагагічным вучылішчы. Вызвалены ў жніўні 1935 года. Зноў арыштаваны ў ноч з 17 на 18 чэрвеня 1937 года. Паводле рашэння тройкі УНКУС па Омскай вобласці прыгавораны да расстрэлу, расстраляны ў Омскай турме 17 чэрвеня 1938 года.
Па першым прыгаворы пасмяротна рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 10 чэрвеня 1988 года, па другім прэзідыумам Цюменскага абласнога суда 9 лютага 1957 года. Групавая справа Аркадзя Смоліча і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Сям’я
правіцьБыў жанаты з Аляксандрай (Алесяй) Каткоўскай (12 сакавіка 1897 — 16 жніўня 1974), гадаваў траіх дзяцей (Максім, нар. 1918; Ганна, нар. 1919; Марыя, нар. 1928).
Пляменнік -- Ежы Смоліч, вядомы аўстралійскі сацыёлаг.
Бібліяграфія
правіцьПісаў пад псеўданімамі Л. Б. (Лаўрэн Будзіловіч), Сымон Бортнік[7].
- Смоліч А. Географія Беларусі / Вільня, 1919;
- Смоліч А. Арганізацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі: паводле даных бюджэтна-агранамічных дасьледванняў 1923 году. — Мн.: Інбелкульт, 1926. — 149 с.
- Смоліч А. Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі Беларускай ССР // Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі. — Мн.: Ін-т бел. культуры. Аддз. прыроды і народнай гаспадаркі. — 1928. — Т. 2. — С. 1—34.
- Смоліч А. Эканамічнае становішча Беларусі перад вайною і рэвалюцыяй // Беларусь: нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху. — Мн., 1924. — С. 22—77.
- Смоліч А. Тыпы геаграфічных краявідаў // Навуковы зборнік Інстытута Беларускай Культуры. — 1925 г. — Мн. 1925. — С. 155—165.
- Смоліч А. Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг. Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі. — Мн., 1929. — 137 с.
Памяць
правіцьУ Бацэвічах Магілёўскай вобласці ёсць вуліца Смоліча, на будынку сярэдняй школы вісіць памятная дошка[8]. У 2018 годзе вуліца ў Мінску (жылы раён Лошыца) была названая ў гонар Аркадзя Смоліча[9].
Зноскі
- ↑ а б в г д Анатоль Сідарэвіч. Яны былі першыя. Аркадзь Смоліч (бел. (тар.)) . svaboda.org (27 жніўня 2017). Архівавана з першакрыніцы 3-12-2020. Праверана 25-4-2021.
- ↑ Сяргей Абламейка. У Менску знойдзены невядомыя дакумэнты пра Аркадзя Смоліча і пляны будынку, дзе была абвешчана незалежнасьць БНР (бел. (тар.)) . svaboda.org (22 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 25-4-2021. Праверана 25-4-2021.
- ↑ Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах 2006, с. 325—326.
- ↑ Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах 2006, с. 17.
- ↑ БелЭн 2002.
- ↑ Беларусь 1995.
- ↑ Смоліч Аркадзь Антонавіч(недаступная спасылка)
- ↑ Школе ў Бацэвічах не надалі імя Аркадзя Смоліча, якому споўнілася 125 гадоў . svaboda.org (29 верасня 2016). Праверана 25-4-2021.
- ↑ Аб прысваенні найменняў састаўным часткам г.Мінска № 49/3/28 - 29 мая 2018(недаступная спасылка). minsk.gov.by (29 траўня 2018). Архівавана з першакрыніцы 13 лістапада 2018. Праверана 25-4-2021.
Літаратура
правіць- Кароль, А., Міхнюк, У. Аркадзь Смоліч: паказанні на допытах // Голас Радзімы. — 1992. — № . — 20 лютага — 19 сакавіка. — С.
- Макарэвіч, А., Міхнюк, У. «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў»: (Публікацыя архіўных матэрыялаў) // Полацак. — 1993. — № 8. — С. 26 — 31. № 9. — С.; № 10. — С.; 1994. — № 1 — 8; 1995. — № 1—8.
- Мяснікоў, А. «Беларус — грамадзянін будучыні…»: (Лёс і трагедыя Аркадзя Смоліча) // Маладосць. —1994. — № 7. — С.;
- Ліс, А. Цяжкая дарога свабоды: Артыкулы, эцюды, партрэты / Арсень Ліс. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 414 с., 6 л. іл. — ISBN 5-340-01395-2.
- Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 296—297. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.
- Болатаў, А., Рыдзеўскі Г. Ахвяруючы сябе Бацькаўшчыне: Аркадзь Смоліч / Андрэй Болатаў, Генадзь Рыдзеўскі. — Мн.: Тэхналогія, 1999. — 59, [2] с., [8] л. іл. — (Нашы славутыя землякі). — ISBN 985-6234-55-7.
- Міхнюк У. М. Смоліч Аркадзь Антонавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 59—60. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Смо́ліч Аркадзь Антонавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 676. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
Спасылкі
правіцьАркадзь Антонавіч Смоліч у Вікікрыніцах | |
Аркадзь Антонавіч Смоліч на Вікісховішчы |
- Памяці Аркадзя Смоліча // novychas.by 17 чэрвеня 2018
- Смоліч Аркадзь Антонавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»