Армянская літаратура

Культура Арменіі
Літаратура
Архітэктура
Музыка
Тэатр
Танец
Адзенне
Дыван
Мініяцюра
Выяўленчае
мастацтва
Міфалогія
Кнігадрукаванне
Адукацыя
Кіно
Каляндар
Сістэма злічэння
Права
Кулінарыя

Армянская літаратура — сукупнасць мастацкай літаратуры, створанай на армянскай мове; адна з самых старажытных літаратур свету. Зарадзілася ў сярэдзіне V стагоддзя пасля стварэння каля 406 г. армянскага алфавіта. V стагоддзе лічыцца «залатым векам» у гісторыі армянскай літаратуры. XXIV стагоддзі таксама называюцца перыядам армянскага адраджэння. З XI стагоддзя літаратура, акрамя класічнай армянскай, развівалася таксама на сярэднеармянскай літаратурнай мове. Армянская літаратура сярэдніх вякоў распадаецца на гістарычную, рэлігійную, паэзію, прозу і юрыдычную.

Ара Цудоўны і Шамірам, карціна Вардкеса Сурэнянца (1899)

Найстаражытнейшыя помнікі армянскай культуры захоўваюць звесткі пра жыццё і барацьбу армянскіх плямёнаў дагістарычнага перыяду. Паданні і легенды («Нараджэнне Ваагна», «Гайк і Бел», «Ара Цудоўны і Шамірам», «Тыгран і Аждаан» і інш.) расказваюць пра барацьбу армян за незалежнасць і дзяржаўнасць, адлюстроўваюць зараджэнне этнічнай самасвядомасці, пошукі ў філасофскім асэнсаванні жыцця прыроды і сусвету. Помнікам сусветнай культуры з'яўляецца гераічны эпас IX стагоддзя «Давід Сасунцы».

Гісторыя развіцця правіць

 
Армянскі манускрыпт V—VI ст.

Армянскае пісьменства пачыналася з клінапісных надпісаў (1-е тыс. да н.э.). У перыяд росквіту ў армянскай эліністычнай культуры існавалі летапісы, кнігі малітваў, паэтычныя і драматургічныя творы. Помнікі язычніцкай літаратуры не захаваліся, яны былі знішчаны пасля прыняцця хрысціянства. Развіццю арыгінальнай і перакладной літаратуры (жыційнай, царкоўнай, гістарычнай, філасофскай) садзейнічалі вучоны-асветнік Месроп Маштоц, гісторыкі Агатангелос, Карун, Фаўстос Бузанд, Егішэ, Маўсес Харэнацы і іншыя.

У часы арабскага нашэсця і візантыйскай экспансіі (VIIIX ст.) пераважала царкоўная літаратура, асабліва духоўныя песні (шараканы), царкоўна-палітычная публіцыстыка, развівалася гістарыяграфія (Маўсес Каланкатаўцы, Себеос, Іаан Маміканян і інш.), а таксама паэзія (Камітас Ахцэцы, Даўтак Кертох).

Аднаўленне дзяржаўнасці Арменіі (886) спрыяла адраджэнню літаратуры. У паэзію пранікаюць свецкія матывы (Грыгор Нарэкацы). З пісьменнікаў XII стагоддзя вылучаюцца Нерсер Шнаралі і Мхітар Гош, з прадстаўнікоў гуманістычнай паэзіі — Фрык, Канстанцін Ерзнкацы (XIII ст.), Наапет Кучак, Вардан Айгекцы і інш.

 
Помнік Фрыку, армянскаму паэту XIII—XIV ст.

Пасля нашэсця мангола-татараў (XIV ст.) і падзелу Арменіі паміж Турцыяй і Персіяй настаў змрочны перыяд у культуры краіны. Некаторы яе ўздым адбыўся толькі на пачатку XVII стагоддзя. Адраджэнне старажытнай армянскай цывілізацыі, традыцый мовы і літаратуры былі галоўнай мэтай літаратурнага руху «аднаўлення». Важную ролю ў ім адыгрывалі культурныя цэнтры армянскіх калоній у Венецыі, Мадрыдзе, Калькуце, Канстанцінопалі і інш. Развіваюцца публіцыстыка (Аўсеп Эмін, Шаамір Шааміран, Маўсес Баграмян), паэзія (Нагаш Аўнатан, Петрас Капанцы, Багдасар Дпір, Саят-Нава і іншыя).

У XVIII стагоддзі ў армянскай літаратуры зараджаецца класіцызм (А. Ванандэцы, П. Мінасян, А. Багратуні, Э. Гюрмюзян), у 18301840-я гады адбываецца пераход да рамантызму. Уздым асветніцтва стварыў перадумовы для абнаўлення формы і зместу літаратуры. Старажытная армянская мова (грабар) саступае месца народнай літаратурнай мове (ашхарабару). Сярод прадстаўнікой новага літаратурнага руху вылучаюцца імёны А. Аламдарана, М. Тагіядзяна, Х. Абавяна, Г. Алішана і іншых.

 
Рафі — аўтар гістарычнага рамана «Самвел»

У 2-й палове XIX стагоддзя развіваюцца грамадская думка і літаратура. У фарміраванні нацыянальнай ідэалогіі важная роля належала перыядычным выданням «Юсісапайл» («Паўночнае ззянне»), «Мегу» («Пчала»), «Мегу Айастані» («Пчала Арменіі»), «Мшак» («Працаўнік»), «Мурч» («Молат») і інш. Літаратура вызначаецца жанравай і стылёвай разнастайнасцю, шматграннасцю ахопу сацыяльна-бытавых і нацыянальных праблем. У паэзіі вядучае месца займае грамадская лірыка (М. Пешыкташлян, Р. Патканян, М. Налбандзян, П. Дуран), развіваюцца гістарычна-рамантычная драма (Дуран, Пешыкташлян), сацыяльна-бытавая драма (Г. Сундукян). Вядучы жанр літаратуры 18701890-х гадоў — проза. На змену сінкрэтычнаму тыпу «нацыянальнага рамана» прыходзіць маналагічны раман: гістарычны (Цэрэнц, Мурацан, Рафі), сацыяльны (П. Прашан, Г. Агаян, Ц. Камсаракан, А. Шырванзадэ), палітычны (Рафі), псіхалагічны (Мурацан, Нар-Дос) і інш. Дасягненнем мастацкай прозы сталі сатыра (А. Паранян), навелістыка (Р. Захраб). У 1880-1890-я гады вядучым кірункам становіцца крытычны рэалізм, выступае «другое пакаленне» новай армянскай паэзіі (І. Іаанісян, А. Туманян, А. Ісаакян).

У пачатку XX стагоддзя побач з рэалізмам існуе мадэрнісцкі кірунак з элементамі натуралізму, сімвалізму, неарамантызму. Эстэтычная і філасофская канцэпцыя адлюстравання рэчаіснасці выявілася ў гістарычна-філасофскіх драмах (Л. Шант), прозе (Э. Ацян, Ерухан, В. Папазян), паэзіі (Сіяманта, В. Тэр’ян, Д. Варужан).

У 1920-я гады ўзнік шэраг літаратурных груповак і арганізацый. У 1927 г. быў створаны Саюз пралетарскіх пісьменнікаў, у 1934 г. — Саюз пісьменнікаў Арменіі. Сацыяльныя і ідэалагічныя перамены ў жыцці, паказ новага і старога грамадства — галоўныя тэмы творчасці Е. Чарэнца, Д. Дэмірчана, С. Зарана, Н. Зарана. Г. Маары і інш. У літаратуры 1950-х гадоў (А. Шыраз, А. Сагіян, Г. Эмін, С. Капуцікян, Р. Аванесян, Х. Даштэнц, С. Хандзядзян і інш.) адлюстраваны падзеі Другой сусветнай вайны, змены ў грамадскім і сацыяльным жыцці.

У 1960-1970-я гады пашыраецца тэматычны і жанравы дыяпазон літаратуры, скіраванай на абнаўленне выяўленчых сродкаў, паглыбленне сацыяльна-псіхалагічнага аналізу з’яў і працэсаў, расце цікавасць да гістарычнага лёсу армянскага народа і яго этнічнай самабытнасці (Г. Матэвасян, А. Айвазян, В. Петрасян, Р. Даваян, А. Грыгаран і інш.). У 1980-я гады ў літаратуру прыйшлі В. Мугнецян, Л. Хечаян, В. Акапян і іншыя. Асобнае месца ў сучаснай армянскай літаратуры займае літаратура г. зв. спюрка, створаная армянамі, што жывуць у іншых краінах свету (А. Ашакян, Амстэг, Г. Шахнур, М. Ішхан, Захрат, А. Карапенц).

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць