Арол (карная аперацыя)
Аперацыя «Арол» (ням.: Unternehmen «Adler») — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх войскаў супраць савецкіх партызан і мясцовага насельніцтва Клічаўскай партызанскай зоны 20 ліпеня — 10 жніўня 1942 года. З’яўлялася працягам аперацыі «Хрушч».
Аперацыя «Арол» | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 20 ліпеня — 10 жніўня 1942 | ||
Месца | Клічаўская партызанская зона Беларускай ССР | ||
Прычына | Прысутнасць узброеных савецкіх партызанскіх падраздзяленняў у тыле групы армій «Цэнтр» | ||
Статус | аперацыя завершана | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Праводзілася сіламі баявой групы «Арол», якая складалася з часцей «упаўнаважанага рэйхсфюрэра СС па барацьбе з бандамі» групенфюрэра СС Э. фон дэм Бах-Зелеўскага, часцей 203-й і 286-й ахоўных дывізій, а таксама 2-га паліцэйскага палка, 2 артылерыйскіх дывізіёнаў, узмоцненых каманд тайнай палявой паліцыі і СД і зондэркаманд пад агульным камандаваннем генерал-маёра І. Рыхерта.
Асноўнай мэтай аперацыі было акружэнне і знішчэнне партызанскіх атрадаў у квадраце Беразіно—Бялынічы—Свіслач—Быхаў, расправіцца з насельніцтвам, захапіць і вывезці з раёна дзеяння запасы прадуктаў, збожжа, жывёлу.
Пасля пачатку аперацыі, на ўсім фронце партызанскай абароны пачаліся цяжкія баі. На асобных участках партызаны вымусілі карнікаў заняць абарону. Усе атрады былі ў аператыўным падпарадкаванні 208-га партызанскага атрада імя Сталіна. 25 ліпеня па рашэнні падпольнага райкама і камандавання партызаны пакінулі Клічаў і адыходзілі на паўночны ўсход, за чыгунку Асіповічы—Магілёў, ва Усакінскія лясы, дзе разлічвалі перагрупаваць сілы, папоўніць запасы ўзрыўчаткі і боепрыпасаў і выйсці ў зададзеныя раёны. Разам з партызанамі адыходзілі і мясцовыя жыхары, што ратаваліся ад карнікаў. У канцы ліпеня ва Усакінскіх лясах сканцэнтравалася 11 партызанскіх атрадаў (больш за 2 тысячы чалавек) і некалькі тысяч жанчын, старых і дзяцей. Усе выхады з лесу былі перакрыты, пачалася блакада. Лес падвяргаўся бамбёжкам, артылерыйскаму і мінамётнаму абстрэлу. Спроба Ваеннага савета Заходняга фронту даставіць боепрыпасы і медыкаменты самалётамі не ўдалася. 30 ліпеня Рыхерт прапанаваў камандзіру 208-га партызанскага атрада палкоўніку У. І. Нічыпаровічу заключыць перамір’е, але прапанова была адхілена. 1-я і 2-я роты 208-га атрада калля в. Усакіна ў ноч на 3 жніўня знішчылі загароды карнікаў і забяспечылі партызанскім атрадам і мясцовым жыхарам выхад з акружэння.
Супраць партызанскіх атрадаў, якія вырваліся з блакады падчас аперацыі, у сярэдзіне жніўня былі праведзены яшчэ некалькі карных аперацый: «Лютцаў» і «Дружба».
У час карных аперацый «Хрушч» і «Арол» карнікі загубілі больш за 1,5 тысячы цывільных жыхароў, захапілі больш за 3 тысячы галоў жывёлы, спалілі 31 вёску, у т.л. Дубна (загубілі 120 чалавек), Вязень, Гонча, Лаззе, Межнае, Альхоўка, Астапаўка, Падстружжа і Палосы (усяго 57 чалавек), Рубеж і Усакіна (85 чалавек), Сялец Клічаўскага раёна, Бераснёўка (22 чалавека), Гогаль (22 чалавекі), Кострычы (51 чалавек), Нямкі (36 чалавек), Новы Гарадок (27 чалавек), Сяліба (13 чалавек), Чыгірынка (14 чалавек) Кіраўскага раёна, 1-я Красніца (696 чалавек), Ляжанка (15 чалавек) Быхаўскага раёна і іншыя[1][2].
Крыніцы
правіць- ↑ Лазебнікаў, В. С., Пасэ, У. С. «Арол» // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 41. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
- ↑ Лазебнікаў, В. С., Пасэ, У. С. «Арол» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 155—156. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
Літаратура
правіць- Лазебнікаў, В. С., Пасэ, У. С. «Арол» // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 41. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
- Лазебнікаў, В. С., Пасэ, У. С. «Арол» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 155—156. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.