Архікафедральны касцёл Найсвяцейшага Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Мінск)

архікафедральны сабор Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які знаходзіцца ў Мінску, Беларусь

А́рхiкафедра́льны касцё́л Найсвяце́йшага Iмя́ Найсвяце́йшай Дзе́вы Мары́i, або А́рхiкафедра́льны касцё́л Iмя́ Найсвяце́йшай Панны Мары́i ў Мінску — каталіцкі кафедральны сабор ў стылі віленскага барока, галоўны каталіцкі храм у Мінску, Беларусь. Кафедральны сабор Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сабор
Архікафедральны касцёл Найсвяцейшага Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі
лац.: Ecclesia Archicathedralis Sanctissimi Nominis Mariae
Minsk Catholic Mary church.jpg
53°54′11″ пн. ш. 27°33′17″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Горад Мінск
Канфесія каталіцтва
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Архітэктар невядома
Дата заснавання 1710
Будаўніцтва 17101732 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000235шыфр 712Г000235
Стан дзейнічае
Сайт katedra.by(бел.)
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

НазваПравіць

Непасрэдна ў межах сістэмы кананічнага права Каталіцкай Царквы касцёл названы ў гонар Найсвяцейшага Імя Марыі (лац.: Ecclesia Archicathedralis Sanctissimi Nominis Mariae), аднак пры рэгістрацыі рэлігійнай абшчыны як суб'екта свецкага права Рэспублікі Беларусь, з прычыны пэўных недакладнасцей пры перакладзе з лацінскай мовы і запаўненні дакументаў, касцёл і парафія пры ім былі зарэгістраваныя як «Імя Найсвяцейшай Панны Марыі». Гэтыя нюансы прывялі да адначасовага выкарыстання абодвух варыянтаў назвы, але аб'ектам рэлігійнага культу парафіі пры касцёле з'яўляецца менавіта Найсвяцейшае Імя Багародзіцы, што ўплывае, у тым ліку, і на адзначэнне парафіяльнага свята.

ГiсторыяПравіць

 
Праектны план касцёла, 1697

У канцы XVII ст. на адным з мінскіх сеймікаў было вырашана сабраць з жыхароў Мінскага ваяводства па 10 грошаў «з дыму» на падтрымку езуіцкага калегіума. Езуіты перабудавалі сваю рэзідэнцыю ў адзіны манументальна-архітэктурны комплекс. У 1699 г. яны ўзвялі новую школу[1]. 24 кастрычніка 1700 г., суперыёр езуітаў Антоній Бжастоўскі асвяціў вуглавы камень новай святыні пры езуіцкім калегіўме.

Касцёл быў узведзены ў 1710 г. як езуіцкая рэзідэнцыя. а касцельныя вежы былі закончаны толькі ў 1730 г. У вежах былі ўстаноўлены прывезеныя з Данцыга гадзіннік і званы, пасля таго доўгі час працягваліся работы па ўнутранай аддзелцы храма[1].

У 1773 г. Таварыства Ісуса было скасавана, і хаця на той час адзінай тэрыторыяй, дзе езуіцкі ордэн застаўся дзейнічаць, была Расійская імперыя, у свой былы прытулак, калі Мінск адышоў да Расiі, манахам вярнуцца не дазволілі. Затое сам храм паводле ўказа імператара Паўла І ад 28 красавіка 1798 г. становіццам кафедральным. Пасля 1820 г. пераасвячоны ў гонар Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі. За яго апсідай быў узведзены 3-павярховы будынак духоўнай кансісторыі, у якім таксама жылі ксяндзы-пралаты і канонікі. Пасля, калі кансісторыю перавялі ў комплекс былога францысканскага кляштара, тут размясцілася плябанія.

Значныя паднаўленні храма праводзіліся ў 18501854 гг. Дах касцёла быў накрыты металічнымі лістамі і афарбаваны, новае дэкаратыўнае афармленне атрымалі фасады, занава абсталяваны прытвор і ўваход у храм. Сцены і скляпенні нанава распісаны, падноўлена рашотка на эмпорах, значна рэканструяваны хоры і цалкам зменена дэкарацыя аргана. Капліцы Св. Тройцы і Св. Феліцыяна былі распісаны ў тэхніцы альфрэска, капітальна рэканструяваны алтары[1].

У 1869 годзе Мінская дыяцэзія была скасавана і касцёл апынуўся ў рангу парафіяльных. У лістападзе 1917 года дзейнасць Мінскай дыяцэзіі была адноўленая, біскупам быў прызначаны кс. Зыгмунт Лазінскі.

 
Касцёл і калегіум езуітаў,1918 г.

У 1920 годзе савецкія ўлады арыштавалі і выслалі біскупа Лазінскага, у 1934 годзе кафедральны сабор быў зачынены. У перадваенныя гады савецкая ўлада выкарыстоўвала касцёл як гараж.

 
Тры жанчыны моляцца ў памяшканні касцёла, стоячы на каленях на падлозе сярод перакуленых машын. Чэрвень 1941 г.

Падчас Другой сусветнай вайны нямецкая адміністрацыя дазволіла касцёлу функцыянаваць, але ў 1947 годзе кафедра зноў была зачыненая саветамі. У 1951 годзе на будынку разабралі вежы, ліквідавалі ўбранне і ператварылі касцёл у спартыўны комплекс таварыства «Спартак». Ужо ў такім выглядзе будынак быў залічаны ў помнікі архітэктуры рэспубліканскага значэння.

На пачатку 1990-х гадоў на трэцім паверсе былога касцёла зноў пачалі праходзіць набажэнствы. 15 снежня 1993 года будынак касцёла быў цалкам перададзены вернікам, пачаліся рэстаўрацыйныя работы.

21 кастрычніка 1997 года кафедральны касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі быў урачыста асвечаны нанова.

АрхітэктураПравіць

 
Касцёл з боку апсіды і плябанія

Архітэктоніка мінскага касцёла езуітаў, паўтараючы ў асноўным структуру папярэдніх мураваных святынь горада, магчыма, упершыню ў храмабудаўніцтве ордэна ў Вялікім Княстве Літоўскім парушае іх устойлівую ідэалагічна-праграмную схему. Будынак касцёла ўяўляе сабою трохнефавую базіліку без трансепта, з вылучанай, больш вузкай і нізкай за цэнтральны неф апсідай прэсбітэрыя, якая мае больш нізкі асобны дах. Дынаміка кампазіцыі традыцыйна нарастае ад больш нізкіх аб'ёмаў алтарнай часткі да двухвежавай пласціны галоўнага фасада-нартэкса. Будаўніцтва верхніх ярусаў вежаў завершана ў 1730—1732 гг. напачатку станаўлення віленскага барока, таму іх пластыка адносна стрыманая у параўнанні, напрыклад, з больш познімі завяршэннямі вежаў гродзенскага касцёла св. Францыска Ксаверыя. Аднак колькасць ярусаў над узроўнем карніза цэнтральнага нефа ў мінскім касцёле большая: іх тры і яны выразна змяншаюцца па памерах, ствараючы «тэлескапічную» структуру, у чым адчуваюцца павевы новага стылістычнага кірунку. Відавочна, што ў той жа час створаны познебарочны франтон-«дыядэма» над алтарнай часткай[2].

Інтэр’ерПравіць

 
Інтэр’ер
 
Інскрыпцыя біскупа Якуба Дадэркі ў капліцы Св. Феліцыяна

Унутры базіліка мае трохчасткавае прасторавае чляненне сістэмай апорных слупоў, міжнефавых і папярочных падпружных арак, што падтрымліваюць цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. Адметнасць інтэр’ера святыні надае незвычайны малюнак антаблемента, што апярэзвае цэнтральны неф. Яго верхняя карнізная цяга не строга гарызантальная (як звычайна), а «разарваная»: лініі архітэктурных профіляў нібыта сцякаюць уніз і закручваюцца ў маленькія валюты. Такі незвычайны творчы прыём надае мастацкаму абліччу інтэр’ера ўсхваляванасць і экстатычнасць. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень разумення эстэтыкі барока. Міжнефавыя аркады раскрапаваны пілястрамі карынфскага ордара, якія аздаблялі ўмацаваныя на кансолях дынамічныя рухавыя скульптуры 12 апосталаў. Фрэскавыя роспісы святыні маюць некалькі пластоў рознага часу, таму існуе складанасць іх аднаўлення[2]. Адным з аўтарам фрэсак лічыцца Антон Анташэўскі[3].

ПробашчыПравіць

Зноскі

  1. а б в Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. а б Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты. / Тэкст і фота А. Яроменкі. Уводзіны Ул. Трацэўскага, — Мн.: ВУП «Выд-ва „Про Хрысто“». — 2003. — 256 с. ISBN 985-6628-37-7.
  3. Анташэўскі Антон // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць