Архірэйскае падвор’е (Мінск)

(Пасля перасылкі з Архірэйскі падворак, Мінск)

Архірэйскае падвор’е — праваслаўны архітэктурны комплекс у Мінску, у якім размяшчаліся рэзідэнцыя епіскапа і духоўная кансісторыя. Будавалася на працягу XVIIIXIX стст. на высокім узгорку ў паўднёвай частцы горада, якая атрымала назву Новае Места.

Комплекс Архірэйскага падвор’я на старой паштоўцы
Будынак духоўнай кансісторыі

Комплекс складаўся з двухпавярховага мураванага будынка мінскай архіепіскапіі, царквы Покрыва Прасвятой Багародзіцы, царкоўна-археалагічнага музея і двух флігеляў. Да нашага часу захаваўся паўночна-заходні флігель, які першапачаткова прызначаўся для Мінскай духоўнай кансісторыі, а таксама будынак музея.[1] Муры царквы сталі асновай для левага крыла Дома афіцэраў.[2][3]

Гісторыя правіць

 
Таполевая алея на колішняй Кашарскай вуліцы, справа — будынкі Архірэйскага двара, злева — Аляксандраўскі сквер, 1915

З усталяваннем у 1793 годзе Мінскай епархіі Рускай праваслаўнай царквы ўзнікла патрэба ў размяшчэнні духоўнай кансісторыі і рэзідэнцыі епіскапа, якіх часова пасялілі ў адабраны ў уніятаў будынак мужчынскага базылянскага кляштара.

У 1799 годзе для рэзідэнцыі набылі мураваны дом на Навамескай плошчы, побач з ім збудавалі напаўмураваную Свята-Успенскую царкву. Новы комплекс падвор’я спраектаваў у 1850-я гады архітэктар К. Хршчановіч. У 1860 годзе быў збудаваны двухпавярховы мураваны будынак мінскай архіепіскапіі (архірэйскі дом), да якога ў 1885 годзе прыбудавалі на месцы разабранай папярэдніцы мураваную Свята-Пакроўскую царкву.[1]

У 1909 годзе архітэктар В. Струеў збудаваў будынак царкоўна-археалагічнага музея паводле загаду мінскага архірэя Мітрафана і па ініцыятыве Мінскага царкоўна-археалагічнага камітэта. У пачатку 1913 года Мінская епархія ў сувязі з юбілеем царавання расійскай дынастыі Раманавых вырашыла пашырыць будынак музея (атрымаў назву Юбілейны дом). Неўзабаве будынак быў завершаны, а ў кастрычніку таго ж года асвячоны.

Крыжовую царкву зруйнавалі ў 1934 годзе пры будаўніцтве Дома афіцэраў. У канцы 1940-х гадоў быў знесены паўднёва-ўсходні флігель (выкарыстоўваўся як пеўчая, потым земскім судом).

Ад 1963 года будынак царкоўна-археалагічнага музея выкарыстоўваецца як Дом працаўнікоў мастацтва (пр. Незалежнасці, 26). У колішніх мурах духоўнай кансісторыі размяшчаецца музей гісторыі войскаў Беларускай ваеннай акругі (пр. Незалежнасці, 24).

Архітэктура правіць

 
Крыжовая царква

Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы (таксама вядомая як Крыжовая[2], Успенская) — твор рэстраспектыўна-рускага стылю. Была вырашана прамавугольным аб’ёмам, мела развіты галоўны фасад дамінантай якога з’яўлялася двух’ярусная чатырохгранная шатровая званіца з макаўкай у завяршэнні і ў аснаванні шатра. Пасярэдзіне бляшанага даху стаяў вялікі васьмігранны светлавы барабан з паўсферычным купалам. Галоўны фасад вылучаўся глыбокім рызалітам, які фланкіраваўся чацверыковымі вежападобнымі прыбудовамі з закамарным завяршэннем граняў і цыбулепадобнымі купаламі. Аналагічнае завяршэнне, але меншае па памерах было над апсідай. Храм вылучаўся насычанай архітэктурай, пазычанай з маскоўскага царкоўнага дойлідства — закамары і какошнікі, вокны-біфорыумы, аркатурныя фрызы. Атынкаваныя фасады падзяляліся 40 вялікімі і 4 малымі аконнымі праёмамі. Мела тры ўваходы.

Галоўны будынак мінскай архіепіскапіі быў вырашаны ў неарусім стылі — двухпавярховы прамавугольны ў плане аб’ём сіметрычнай кампазіцыі. Фасад, што выходзіў на плошчу падзяляўся філянговым поясам на два паверхі, першы з якіх быў апрацаваны рустам і падзелены лучковымі аконнымі праёмамі. Архітэктурным акцэнтам з’яўляліся два рызаліты, завершаныя лучковым згібам верхняга карніза і вылучаныя наверсе вокнамі-біфорыумамі з круглай разеткай у агульным арачным афармленні. Вось сіметрыі фасада адзначана кілепадобным франтончыкам з круглай разеткай над завяршальным карнізам. У выцягнутым прамавугольным аб’ёме, што выходзіў на Захар’еўскую вуліцу, размяшчалася выставачная зала. У кароткім крыле, размешчаным перпендыкулярна, былі фондасховішчы і адміністрацыйныя памяшканні. У месцы злучэння гэтых двух аб’ёмаў размяшчаліся сходы, што вялі на другі паверх. Тут жа знаходзіўся ўваход у будынак і невялікі вестыбюль.[4]

Абапал архірэйскага дома размяшчаліся Г-падобныя ў плане флігелі — помнікі архітэктуры класіцызму. Паўночна-заходні флігель уяўляе сабой трохпавярховы будынак (трэці паверх надбудаваны ў савецкі час). Рытмічна размешчаныя аконныя праёмы вылучаюцца на руставаным тле сцен. Унутры памяшканні перакрытыя цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі, планаванне калідорнае.

 
Будынак Царкоўна-археалагічнага музея

Царкоўна-археалагічны музей — помнік архітэктуры неарускага стылю. Будынак вырашаны двухпавярховым прамавугольным у плане аб’ёмам на высокім цокальным паўпаверсе, накрытым вальмавым дахам. Асіметрыю ў кампазіцыю галоўнага фасада ўносіць уваходны рызаліт, завершаны кілепадобным франтонам, кутняя дэкаратыўная шатровая вежка і кутняя цыліндрычная вежа пад цыбулепадобным купалам. Галоўны фасад падзелены высокімі лучковымі аконнымі праёмамі ў багатых дэкаратыўных ліштвах з паўкалонкамі, двух- і трохлопасцевымі аркамі, філёнгамі.[1]

Цікавыя факты правіць

  • З ліпеня па жнівень 1918 года ў будынку археалагічнага музея праходзілі паседжанні Рады БНР.[5]
  • У 1920-я гады ў колішнім архірэйскім доме размяшчаўся ўрад БССР — Савет Народных Камісараў.[6]

Зноскі

  1. а б в Архірэйскае падвор’е // Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7. С. 267
  2. а б Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 301
  3. Дом Чырвонай Арміі, вул Чырвонаармейская // Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 145
  4. Памяць. Мінск 2001, с. 449.
  5. Мінск — сталіца БНР // Радыё Свабода
  6. Савет Народных Камісараў // Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 144

Літаратура правіць

  • Т. І. Чарняўская. Архірэйскае падвор’е // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 449. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
  • Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7.
  • Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007— 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
  • Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.— 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.

Спасылкі правіць