Архітэктура Сербіі

Захаваліся рэшткі старажытна-рымскіх паселішчаў, напрыклад, Сінгідунум (цяпер Бялград). Унікальны помнік візантыйскага горадабудаўніцтва — рэшткі г. Юсцініяна-Прыма  (руск.) (Царычын-Град).

Юсцініяна-Прыма
Рэшткі сцен і вежы Сінгідунума

У архітэктуры XIIXIV стст. сфарміравалася т.зв. школа Рашкі  (руск.). Манастыры і храмы будавалі з каменю, часам з мармуровай абліцоўкай, паводле візантыйскай кампазіцыйнай схемы ў спалучэнні з раманскімі аркатурнымі паясамі, перспектыўнымі парталамі (цэрквы Успення Багародзіцы ў манастыры Студзеніца, Пантакратара ў манастыры Дзечані  (руск.), Святой Тройцы ў манастыры Сопачані).

У XIV ст. склалася т.зв. косава-метахійская школа, для якой характэрны крыжова-купальныя храмы з каменю і цэглы (царква Дабравешчання ў манастыры Грачаніца  (руск.)). У другой палове XIV ст. пад турэцкім уплывам у даліне р. Ігарава сфарміравалася т.зв. мараўская школа  (руск.), у якой традыцыі сербскага дойлідства набылі арыгінальную перапрацоўку, пашырыліся бясстоўпныя (царква Святога Стэфана, ці т.зв. Лазарыца  (серб.) ў Крушавацы) і 4-стоўпныя крыжова-купальныя храмы з апсідамі па трох баках крыжа (царква ў манастыры Раваніца  (руск.)). У XIVXV стст. будавалі крэпасці з масіўнымі зубчастымі сценамі і велічнымі вежамі. У раўнінных раёнах яны мелі рэгулярны (Смедарава  (руск.)), у горных — ірэгулярны (Звечан  (руск.) і Магліч  (руск.) у даліне р. Ібар) планы. Гарады з радыяльнай планіроўкай забудоўвалі драўлянымі, саманнымі і каменнымі дамамі.

З другой паловы XV ст. ў час турэцкага панавання пашыраны мячэці, мінарэты, лазні, караван-сараі, дамы т.зв. балканскага тыпу з выступаючымі верхнімі паверхамі, эркерамі, галерэямі.

З пачатку XVIII ст. ў культурным цэнтры Сербіі — вобласці Ваяводзіна будаўніцтва вялося ў стылях барока і класіцызму (Нові-Сад, Срэмскі-Карлаўцы і інш.). З 1850-х гг. будавалі ў духу еўрапейскай эклектыкі (Народны тэатр і Стары палац  (руск.) у Бялградзе), у пачатку XX ст. — у стылях мадэрн і неавізантыйскім (арх. А. Стэванавіч  (серб.), Н. Нестаравіч  (серб.)).

Будынак Дзяржаўнай тыпаграфіі. Арх. Драгіша Брашаван

У канцы 1930-х г. сцвердзіўся функцыяналізм (арх. Н. Добравіч, Д. Брашаван  (серб.)). Архітэктура краіны моцна пашкоджана ў Другую сусветную вайну. У пасляваенны час распрацаваны планы будаўніцтва і рэканструкцыі гарадоў, срод якіх генплан развіцця Бялграда (19471950, арх. Добравіч інш.). У 1960 годзе заснаваны Саюз архітэктараў Сербіі.

Мемарыяльны парк у Лескавацы. Арх. Богдан Багданавіч. 1971

Сучасная архітэктура адметная свабоднай і выразнай планіроўкай жылых комплексаў, імкненнем да пластычнай выразнасці, выкарыстання фактурных кантрастаў — неапрацаваных бетону і каменю, цэглы з дэталямі з металу і шкла, паліхромных мазаік (новыя раёны Бялграда, Ужыцаў, Чачака). Пашыраецца выкарыстанне традыцый народнай архітэктуры, дасягненні ў галіне сінтэзу мастацтваў (мемарыяльныя ансамблі Б. Багданавіча  (руск.)).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць