Дэкор

архітэктура
(Пасля перасылкі з Архітэктурная аздоба)

Дэко́р (фр.: décor ад лац.: decoro — упрыгожваю) у архітэктуры — сістэма ўпрыгожвання фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Выступае ў адзінстве з аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, падкрэслівае яе галоўныя элементы, надае пабудовам своеасаблівасць і выразнасць, садзейнічае аб’яднанню асобных будынкаў у архітэктурны ансамбль.

Можа быць просты, напрыклад, аднакаляровая афарбоўка сцен, ці складаны, які спалучае архітэктурныя элементы, такія як абломы, ордар, балконы і інш., са скульптурай, рэльефам, размалёўкай і г.д. Вызначаецца таксама матэрыялам, яго фактурай, колерам.

Беларусь правіць

 
Дэкор Брыгіцкага касцёла ў Гродне

У збудаваннях Беларусі XI—XII стст. дэкор ствараўся выразнасцю муроўкі з плінфы (Сафійскі сабор у Полацку) і спалучэннем яе з часанымі ці паліраванымі камянямі і керамічнымі пліткамі рознай формы (Барысаглебская царква ў Гродне).

У гатычнай архітэктуры асноўная тэма дэкору — спалучэнне цаглянай муроўкі з атынкаванымі нішамі (Мірскі замак, Сынковіцкая царква-крэпасць).

У будынках стылю барока і класіцызму выкарыстоўвалі формы антычнай ордарнай сістэмы. Для барока характэрны складаныя пластычныя формы, крывалінейныя і разарваныя карнізы, лепка, скульптура, фрэскі, паліваная кераміка ([Нясвіжскі палац, касцёл бернардзінцаў у Гродне). Дэкор класіцызму мае больш простыя формы фасадаў пры актыўным выкарыстанні ў інтэр’ерах жывапісу і лепкі (палацы ў Гомелі і Жылічах).

Дэкор неаготыкі ўласціва шырокае выкарыстанне зубчатых завяршэнняў сцен, машыкуляў, стральчатых арак у аконных праёмах, нішах і інш. (палац у г.п. Косава, касцёл у в. Сар’я Верхнядзвінскага раёна).

У дэкоры псеўдарускага стылю ўключалі какошнікі, гіркі, фігурныя калонкі і інш. (тэатр у Магілёве, сабор у Барысаве).

Стыль мадэрн адметны выкарыстаннем арнаменту са стылізаваных дэкаратыўных элементаў іншых архітэктурных стыляў (будынкі пазямельна-сялянскіх банкаў у Віцебску, Гродне).

У драўляным народным дойлідстве дэкор складаюць мастацкая апрацоўка канструкцыйных элементаў (калон, падкосаў, кранштэйнаў і інш.) і разныя аздабленні іншых элементаў будынка: абрамленні акон і дзвярэй, шалёўка франтонаў, вуглоў, сцен і інш.

У манументальным драўляным дойлідстве 17—20 стст. выкарыстоўваліся матывы дэкоры каменных будынкаў (касцёл у в. Воўпа, Радзівілімонтаўскі палац).

У дэкоры сучасных будынкаў шырока выкарыстоўваюць абліцоўку сцен прыродным каменем, керамічнай і шклокерамічнай пліткай розных памераў, фактуры, колераў, а таксама рэльефныя зборныя жалезабетонныя элементы; фасады ўпрыгожваюць творамі манументальнага мастацтва (тэатр музычнай камедыі, гасцініца «Турыст», жылыя дамы ў мікрараёне «Усход» у Мінску).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць