Разьба (архітэктура)

(Пасля перасылкі з Архітэктурная разьба)

Архітэктурная разьба́ — арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам мастацкай апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр'еры будынкаў, надае ім мастацкую каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найбольш значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.

Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.

Вядома з даўніх часоў у Старажытным Егіпце і Грэцыі, Індыі. На Русі вядомая з XII ст. у Ноўгарадзе. Асабліва пашырана з XIX ст. на тэрыторыі сучасных Архангельскай, Кастрамской, Маскоўскай, Томскай, Уладзімірскай абласцей Расіі, а таксама ў такіх краінах Еўропы, як Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія і інш.

Беларусь правіць

 
Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.

На Беларусі архітэктурная разьба пашырана з XII ст. ў драўляным дойлідстве Полацка, Віцебска, Мінска, Пінска і інш.). У XVII ст. беларускія майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, т.зв. беларускай рэзі, што развівалася на Беларусі з XVI ст.. У XVI — пач. XX ст. архітэктурная разьба выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з другой паловы XIX — пачатку XX ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравана гарадскога і сельскага народнага жылля. Найбольшага росквіту ў архітэктурным дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш.

На Беларусі пашырана некалькі відаў архітэктурнай разьбы: гранёна-выемчатая (геаметрычны ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў архітэктурнай разьбы або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У народным жыллі найбольш пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі раёны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі раёны), раслінныя (паўднёвыя раёны Беларусі), геаметрычныя і іншыя дэкаратыўныя матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш.

У народным дойлідстве найбольш старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Архітэктурнай разьбой аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (вертыкальная, гарызантальная), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геаметрычным арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі раёны, Цэнтральнае і Заходняе Палессе).

Асноўны дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найбольш пашыраны ў 1950—1980-я гг. ва ўсходніх і цэнтральных раёнах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне архітэктурнай разьбой вуглоў (пашыраны ў 1950—1960-я гг.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геаметрычнай, расліннай, радзей зааморфнай арнаментыкай).

Адзін з галоўных элементаў разнога дэкору знадворнай часткі жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Архітэктурнай разьбой упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкаратыўны выгляд ствараецца мастацкім шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і раслінных форм.

Для дэкору дзвярэй характэрна мастацкая разьба з салярнымі выявамі, разеткамі, расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых архітэктурных форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы архітэктурнай разьбы, як і для аддзелкі жылля.

На Беларусі вылучаюць некалькі асноўных архітэктурна-дэкаратыўных ансамбляў традыцыйнага аздаблення народнага жылля, у т.л. навагрудска-мядзельскі, турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
  • Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
  • Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
  • Сахута, Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
  • Якімовіч Ю. А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
  • Xіцько І. П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.

Спасылкі правіць