Аблом (архітэктура)
Абло́мы — працяглыя элементы архітэктурна-дэкаратыўныя элементы рознага папярочнага сячэння (профілю) размешчаныя па гарызанталі (на цокалях, у карнізах, міжпавярховых паясах ці цягах, базах калон), часам па нахіленай (бакавыя карнізы франтонаў), крывой (архівольты арак, нервюры) ці ламанай (абрамленні парталаў, вокнаў) лініі. Асноўная роля архітэктурных абломаў — вылучэнне элементаў архітэктурнай кампазіцыі ці формы, іх увянчання і аснавання, пластычнай акантоўкі[1]. Шырока распаўсюджаныя ў ордарнай архітэктуры, служаць для ўзмацнення архітэктурнага дэкору, вобразна-мастацкай выразнасці тэктанічнай асновы будынка.
Узніклі ў класічнай архітэктуры Старажытнай Грэцыі, адкуль запазычаны дойлідствам Старажытнага Рыма і Візантыі, пасля — Заходняй Еўропы[1][2].
У сучаснай архітэктуры архітэктурным абломам адпавядаюць архітэктурныя профілі[2].
Падзяляюцца на просталінейныя (палічка) і крывалінейныя (вал, гусёк, абцасік і інш.)[2].
Тыпы абломаў
правіцьПаводле папярочнага сячэння вылучаюцца наступныя тыпы абломаў:
- палічка (прамавугольнае сячэнне). Для палічкі, размешчанай у пастаменце калоны, часцяком выкарыстоўваецца назва плінт
- паліца (шырэйшае прамавугольнае сячэнне)
- валік ці торус (паўкруглае сячэнне)
- вал ці торус (шырэйшае паўкруглае сячэнне)
- чацвяртны вал (сячэнне ў выглядзе чвэрці акружнасці)
- зваротны чацвяртны вал
- абцасік (сячэнне мае выпуклую і ўвагнутую дугі з выпуклай дугой наверсе). Выкарыстоўваецца ў капітэлях і карнізах
- адваротны абцасік з выпуклай дугой унізе выкарыстоўваецца ў базах калон і цокалях
- гусёк (сячэнне мае выпуклую і ўвагнутую дугі з увагнутай дугой наверсе)
- адваротны гусёк
- жолаб
- адваротны жолаб
- выкружка (сячэнне мае ўвагнутую частку акружнасці ці крывой)
- скоцыя
- астрагал (складаны профіль, які складаецца з валіка і палічкі)
- палічка з выкружкай
Беларусь
правіцьНа тэрыторыі Беларусі элементы архітэктурных абломаў з'явіліся ў манументальнай старажытна-рускай архітэктуры XI—XII стст., у тым ліку ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку, пашараліся ў збудаваннях стыляў рэнесанс, барока, класіцызм. Найбольш развітыя архітэктурныя абломы палацаў у Гомелі, Нясвіжы, Шчорсах Навагрудскага, Свяцку Гродзенскага, Снове Нясвіжскага раёнаў, касцёле францысканцаў у Пінску, бернардзінцаў у в. Будслаў Мядзельскага раёна і інш[1].
Зноскі
- ↑ а б в Абломы архітэктурныя // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.
- ↑ а б в Абломы архітэктурныя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
Літаратура
правіць- Абломы архітэктурныя // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.
- Абломы архітэктурныя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Аблом (архітэктура)
- Архитектура // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.