Архітэктурны абмер

Архітэктурны абмер — дакладнае вымярэнне збудавання або комплексу збудаванняў з наступнай фіксацыяй іх памераў на чарцяжы. Выконваецца пры распрацоўцы праектнай дакументацыі на рэканструкцыю і перапланіроўку будынкаў, на рэстаўрацыйныя работы на помніках гісторыі і культуры, а таксама пры даследаванні архітэктурных аб’ектаў, якія маюць гістарычную і мастацкую значнасць.

Архітэктурны абмер аб’екта ўключаюць: план тэрыторыі (у маштабе 1:500, 1:1000), чарцяжы ўсіх фасадаў, планаў усіх паверхаў, разрэзаў (1:50, 1:100) і дэталей (1:10, 1:20, у асобных выпадках 1:1).

Архітэктурны абмер з’яўляецца больш складаным відам абмераў, чым абмеры інвентарызацыйныя. Археалагічны абмер уключае ўсе пазіцыі архітэктурнага абмеру, але ўлічвае дэфармацыі, адхіленні ад вертыкальных і гарызантальных напрамкаў, прамых вуглоў, няроўнасці муроўкі і атынкоўкі і інш.

Выкананне архітэктурных абмераў — важны метад вывучэння помнікаў архітэктуры.

Беларусь

правіць

У Беларусі першыя архітэктурныя абмеры былі звязаны з даследаваннямі ў XIX ст. помнікаў абарончай архітэктуры, у тым ліку Крэўскага замка, Лідскага замка, Мураванкаўскай царквы Раства Багародзіцы, Сынкавіцкай царквы-крэпасці, а таксама культавай архітэктуры, напрыклад, цэркваў у Віцебску.

У 1950-1980-я гады ў працэсе выяўлення, фіксацыі і даследавання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі былі праведзены і іх абмеры, выкананыя кафедрай архітэктуры Беларускага політэхнічнага інстытута, сектарам Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі.

У сучаснай практыцы архітэктурны абмер выконваецца з выкарыстаннем як традыцыйных, так і найноўшых метадаў (фотаграметрыя), што дазваляе паскорыць працэсы вымярэнняў і камеральнай апрацоўкі, атрымаць больш дакладныя звесткі.

Літаратура

правіць