Аршанска-Магілёўская раўніна

Аршанска-Магілёўская раўніна — фізіка-геаграфічны раён Усходне-Беларускай ландшафтнай правінцыі, размяшчаецца ў Магілёўскай і на крайнім паўднёвым усходзе Віцебскай абласцей.

Аршанска-Магілёўская раўніна (2001)
Аршанска-Магілёўская раўніна (1977)

Працягласць тэрыторыі з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход больш за 200 км, з захаду на ўсход ад 50 км да 120 км. Абсалютная вышыня 150—200 м. Аршанска-Магілёўская раўніна працягнулася з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Мяжуе з Аршанскім і Горацка-Мсціслаўскім узвышшамі, Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінамі.

Геалогія правіць

У тэктанічных адносінах Аршанска-Магілёўская раўніна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент перакрыты асадачнай тоўшчай верхняга пратэразою, дэвону і антрапагену, на поўдні акрамя таго адкладамі юры, мелу, палеагену і неагену.

Магутнасць антрапагенавых адкладаў у сярэднім 50—80 м, у лагчынах ледавіковага выворвання і размыву да 200 м. У будове антрапагенавага покрыва ўдзельнічаюць пераважна адклады бярэзінскага, дняпроўскага з сожскім зледзяненняў, александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў, галацэну. Адметная роля ў фарміраванні сучаснай паверхні належыць, лёсападобным адкладам магутнасцю да 10—12 м, якія намножыліся ў час адступання апошняга, паазерскага зледзянення. Яны перакрываюць больш старажытныя марэнныя і флювіягляцыяльныя адклады.

Рэльеф правіць

Паверхня платопадобная, месцамі хвалістая, з агульным нахілам на поўдзень. Уздоўж Дняпра, Проні і Сажа пясчаныя (зандравыя) раўніны і надпойменныя тэрасы, паверхня якіх месцамі ўскладненая выдмамі і камамі. Часта сустракаюцца суфазійныя западзіны, на паўднёвым усходзе — карставыя варонкі.

Асноўныя рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў перыяд адступання сожскага ледавіка. Пераважае флювіягляцыяльная раўніна з хвалістай і спадзіста-хвалістай паверхняй, а таксама спадзіста-хвалістая і дробнаўвалістая марэнная раўніна. Водападзельныя ўчасткі ў познім плейстацэне і ў галацэне набылі платопадобны выгляд, прыдалінныя схілы былі парэзаны эрозіяй, якой садзейнічалі лёсападобныя пароды. Часта трапляюцца суфазійныя западзіны, калдобіны, прамывіны. Найдаўжэйшыя і найглыбейшыя маладыя яры і старыя спадзістыя яры і лагчыны прымеркаваны да схілаў рачных далін і дасягаюць даўжыні 2—3 км, глыбіні 20—30 м.

Клімат правіць

Тэмпературы студзеня ад −7,5 да −8,2 °C, ліпеня 17,8—18,5 °C. Ападкаў 600—645 мм за год.

Унутраныя воды правіць

Рачная сістэма належыць да басейна Дняпра. Найбольшыя рэкі, якія праразаюць раўніну: Дняпро (ад Оршы да Магілёва), Проня з Басяй і Растай, Сож з Волчасам, Лабжанкай і Сяннай. На поўдні цякуць правыя прытокі Бесядзі — Жадунька з Крупняй, Дзяражня.

Глебава-расліннае покрыва правіць

Глебы дзярнова-падзолістыя (найбольш урадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя). Глебаўтваральныя пароды — лёсападобныя суглінкі і супескі, радзей трапляюцца марэнныя суглінкі, супескі і пяскі.

Пад лесам 25 % тэрыторыі. На поўначы захаваліся невялікія дзялянкі яловых і шыракаліста-яловых лясоў.

Літаратура правіць