Аршанскі павет (Вялікае Княства Літоўскае)

павет Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага

Арша́нскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў XVI—XVIII стст. у складзе Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Адміністрацыйны цэнтр — горад Орша. Назва Аршанскі павет ужывалася з XVI ст.[1].

Аршанскі павет
Краіна  Вялікае Княства Літоўскае
Уваходзіць у
Адміністрацыйны цэнтр Орша
Насельніцтва гл. Насельніцтва
Аршанскі павет на карце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Папярэднікам Аршанскага павета было Аршанскае (Рошскае) намесніцтва, утворанае ў 1392 г. пасля прамога падпарадкавання Оршы вялікаму князю літоўскаму Вітаўту. Верагодна, яно ўваходзіла ў склад Віцебскага княства і падзялялася на шэраг валасцей. У XV — пачатку XVI стст. значная іх частка шляхам вялікакняжацкіх пажалаванняў перайшла ва ўласнасць буйных феадалаў (пераважна праваслаўных князёў). Князі Друцкія-Пуцяцічы набылі Басею, Горкі, Горы, Шышава, князі Друцкія-Бабічы — Брухава, Куцейна, Ламачын, Мошкава, Прыхабы, Судзілавічы, Сялец, князі Адзінцэвічы — Гальцова, Рэпухаў. Воласці КопысьБаранню) і Раманава перайшлі да князёў Гальшанскіх. Каталіцкім панам Гаштольдам належаў Шклоў, Глябовічам — Дуброўна і Расасна. Маёнткам Межава валодаў пан П. Фурс, потым — князі Заслаўскія. У падпарадкаванні аршанскага намесніка да пачатку XVI ст. засталіся Бабіна, Баева, Дзевіна і Заазер’е. Велікакняжацкай уласнасцю заставаліся Смаляны, пакуль у 1543 г. каралева Бона Сфорца не прамяняла іх князю Сангушку. Невядомы ў гэты час статус Любавіцкай воласці, якая пазней належала панам Сцяцкевічам-Заверскім.

Пасля захопу Смаленскага ваяводства Вялікім Княствам Маскоўскім Аршанскі павет стаў пагранічным і неаднойчы быў тэатрам ваенных дзеянняў паміж войскамі ВКЛ і ВКМ. Так, на працягу 1508—1564 гг. маскоўскія войскі 6 разоў захоплівалі і спусташалі Оршу і яе ваколіцы, тройчы даходзілі да Друцка, двойчы — да Шклова і Копысі. На р. Крапіўна адбылася Аршанская бітва 1514 г.

Паводле адміністрацыйнай рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім 1565—1566 гадоў памеры Аршанскага павета значна павялічаны. У яго ўвайшлі былое Лукомскае княства з буйным маёнткам Чарэя, Барысаўскае староства (да р. Бярэзіна), паўднёвай частка былога Аболецкага павета з Алексінічамі, Беліцай і Палоннам, уся тэрыторыя Друцкага княства ад Бабра да Стараселля, далучаны таксама Магілёўскае староства, Любашанская і ўсходняя частка Свіслацкай валасцей, шэраг прыватнаўласніцкіх маёнткаў уздоўж Дняпра (Баркалабаў, Буйнічы, Быхаў, Новы Быхаў) і на захад ад яго (Цяцерын з Бялынічамі, Галоўчын з Княжыцамі). У ваенных адносінах шляхецкае апалчэнне (харугва) Аршанскага павета падпарадкоўвалася віцебскаму ваяводу, буйныя магнаты выстаўлялі свае атрады асобна. Сцягам Аршанскага павета была харугва зялёнага колеру з выявай «Пагоні», аднолькавая з харугвай Віцебскага павета. У канцы XVI — першай палове XVII стст. на тэрыторыі павета сфарміравалася латыфундыя паноў Сапегаў, якім належалі частка Лукомскага княства, Чарэя з Худавам, Талачын і Стараселле з вялікай часткай Друцкага княства, Цяцерын з Бялынічамі і Круглым, часткі Басеі, Гор, Горак і Шышава, Аршанскае і Магілёўскае староствы, Любашанская воласць. Буйнымі землеўладальнікамі былі князі Галоўчынскія (Галоўчын, Княжыцы, Новы Быхаў), Друцкія (ч. Друцка, Горы, Саколіна), Зіноўевічы (Беліца), Лукомскія (ч. Лукомля, Мялешкавічы, Шчыдуты), Сангушкі (Абольцы, Брухава, Крупкі, Смаляны), Сцяцкевічы-Заверскія (Баркулабаў, Любавічы, Расасна, Чаркасаў), паны Глябовічы (Беліца, Дуброўна, Расасна), Радзівілы (Барысаўскае староства, Барань, Копысь, Рачанава), Хадкевічы (Бобр, Быхаў, Шклоў). Акрамя таго ў Аршанскім павеце налічвалася некалькі дзесяткаў дробных маёнткаў мясцовай шляхты.

На тэрыторыі павета здаўна існавалі праваслаўныя манастыры Чарэйскі Свята-Троіцкі і Магілёўскі Пячэрскі. У 1620-я г. ў адказ на каталіцкую экспансію створаны Куцеінскі (каля Оршы), Буйніцкі і Баркулабаўскі праваслаўныя манастыры. Адначасова ўзнікалі (пераважна ў маёнтках магнатаў) каталіцкія касцёлы і кляштары. Так, Сапегі заснавалі каталіцкія кляштары ў Быхаве (каля 1620 г.), Бялынічах (1623 г.), Чарэі і Беліцы. З’явіліся каталіцкія кляштары і ў Оршы: базыльянскі (1642), дамініканскі (1650), бернардзінскі (1653). З канца XVI ст. існаваў кляштар у Лукомлі, з 1653 г. — у Чавусах. Касцёлы ўзніклі ў большасці мястэчкаў, што дазволіла стварыць у складзе Віленскага біскупства асобны Аршанскі дэканат (ахопліваў Аршанскі павет і суседняе Мсціслаўскае ваяводства). Быў заснаваны і Аршанскі езуіцкі калегіум з вялікімі зямельнымі ўладаннямі. Да езуіцкага калегіума ў Вільні перайшоў ад Сапегаў маёнтак Пачаевічы. Да пачатку XVII ст. найбуйнейшым горадам павета стаў Магілёў, які ў 1561 г. атрымаў права на войтаўства (гарадское кіраванне), а ў 1577 г. поўнае самакіраванне — магдэбургскае права і герб. Такімі ж правамі карысталіся Барысаў і Орша (з 1620 г.). Гандлёва-рамеснымі цэнтрамі павета былі прыватнаўласніцкія мястэчкі Бобр, Быхаў, Бялынічы, Галоўчын, Горы-Горкі, Копысь, Лукомль, Раманава, Стараселле, Талачын, Шклоў, пазней Крупкі, Халопенічы, Чавусы.

Паўднёвая частка павета была арэнай баявых дзеянняў казацкіх загонаў С. Налівайкі (1595) і т.зв. «вайны за Маларосію» (з 1648 г.). У 1654 г. амаль увесь павет заняты рускімі войскамі і заставаўся ў іх руках да 1660—1661 гг. У 1655 г. каля мястэчка Шапялевічы рускія разбілі войска ВКЛ. У 1660 г. на р. Бася адбылася бітва, у якой войска ВКЛ на чале з Паўлам Сапегам і Стэфанам Чарнецкім разбіла маскоўскае войска князя Ю. Далгарукава  (руск.). Вайна прычыніла павету моцнае спусташэнне. Сойм ВКЛ 1661 г. характарызаваў стан павета як «ушчэнт разбураны і спалены»[2], а колькасць дымаў скарацілася на 67 %[3]. Да канца XVII ст. яе вынікі былі ў асноўным пераадолены. З’явіліся новыя кляштары ў Дуброўне (1674 г.), Галоўчыне і Княжыцах (1681 г.), Оршы (1680 г., францысканскі). Колькасць касцёлаў у межах павета да 1669 г. дасягнула 17. Да канца XVII ст. старыя магнацкія латыфундыі ў асноўным распаліся, за выключэннем уладанняў Сапегаў, якія ахоплівалі Стары і Новы Быхаў з Тайманавам, Баркулабаў з Буйнічамі, частку Галоўчына, Беліцу, Бобр, Горы з Горкамі, Чарэю з Мялешкавічамі. Частка спадчыны князёў Галоўчынскіх (Галоўчын, Княжыцы) мерайшла да Пацаў. Акрамя таго, мелася каля 150 шляхецкіх маёнткаў (буйнейшыя ўладальнікі Баратынскія, Галімскія, Кміцічы, Падбярэзскія, Халецкія і інш.) і вялікія дзяржаўныя воласці (староствы) — Барысаўскае, Любавіцкае, Любашанскае, Магілёўскае, Свіслацкае. 3 пачатку XVIII ст. павет зноў стаў арэнай ваенных дзеянняў спачатку паміж магнацкімі групоўкамі Казіміра Яна Сапегі і Рыгора Агінскага (1700 г.), потым паміж войскамі шведскага караля Карла XII і рускага цара Пятра I (1705—1708 гг.). Адбыліся і ўзброеныя выступленні сялян у Дуброўне (1701 г.) і Быхаве (1702 г.). Сярод землеўладальнікаў Аршанскага павета ў XVIII ст. па-ранейшаму дамінавалі Сапегі, у другой палове XVIII ст. значную маёмасць набылі князі Агінскія (Барысаўскае староства, Бобр, Бялынічы, Свіслач, Цяцерын). У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) большая частка павета (да р. Друць) адышла да Расійская імперыі, дзе была ўтворана Аршанская правінцыя. Астатняя частка павета (з цэнтрам у Халопенічах) праіснавала да другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.).

У складзе Расійскай імперыі Орша стала цэнтрам новага Аршанскага павета, які ў параўнанні з паветам Вялікага Княства Літоўскага быў значна паменшаны па памерах.

Ураднікі правіць

Падстаростамі былі В. Цяпінскі (1578), П. Кубліцкі (1599), А. Падбярэзскі (1614), Я. Друцкі-Любецкі (1625—1634), П. Галімскі (1651); павятовымі маршалкамі — П. Ю. Друцкі-Саколінскі (1569—1575), Ц. Ю. Друцкі-Саколінскі (1575—1585), Р. Падбярэзскі (з 1585), Б. А. Лукомскі (1591), М. Друцкі-Саколінскі (1591—1605), Я. Друцкі-Горскі (1605—1619), Я. Курч (1619), С. Сангушка (1620), Я. Ю. Друцкі-Саколінскі (1622—1648), П. Галімскі (1653); павятовымі харунжымі — Я. В. Сцяцкевіч-Заверскі (1629—1631), Ю. Горскі (1639), С. Галоўчынскі (1640—1644), М. Галоўчынскі (1644—1658); земскімі суддзямі — Б. А. Лукомскі (1580—1591), А. В. Варапай (1599—1615), I. Б. Лукомскі (1620—1625), Я. Цеханавецкі (1635), М. Баратынскі (1638—1642).

Заўвагі правіць

  1. БелЭн 1996.
  2. Volumina legum: przedruk zbioru praw staraniem xx. pijarow w Warszawie od r. 1732 do r. 1782 wyd. T. 4. — Petersburg: J. Ohryzko,1859. — 518 s. — S. 386—389.
  3. Morzy, J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku / Józef Morzy. — Poznań: Uniwersytet im. Adama Mickiewicza, 1965. — 405 s. — Tabl. 22, 24. — (Prace Wydziału Filozoficzno-Historycznego — Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Historia 21).

Літаратура правіць