Арыстоцель
Арысто́цель (стар.-грэч.: Aristotelēs/Ἀριστοτέλης; 384 да н.э., Стагіра, Грэцыя — 322 да н.э., Халкіда на Эўбеі, Грэцыя) — старажытнагрэчаскі філосаф, вучоны-энцыклапедыст, заснавальнік шэрагу навуковых дысцыплін, заснавальнік асобнай філасофскай плыні і фармальнай логікі. Нарадзіўся ў македонскім горадзе Стагіра на паўвостраве Халкідзікі на паўночнай перыферыі Класічнай Грэцыі. Яго бацька, Нікамах, памёр калі Арыстоцель быў дзіцём, пасля чаго яго апекуном стаў Праксен. У васемнаццаць гадоў ён уступіў у акадэмію Платона ў Афінах і заставаўся там да трыццаці сямі (347 да н.э.). Тэмы яго работ ахопліваюць мноства прадметаў — у тым ліку фізіку, біялогію, заалогію, метафізіку, логіку, этыку, эстэтыку, паэзію, тэатр, музыку, рыторыку, лінгвістыку, палітыку, такім чынам стварыўшы першую комплексную сістэму Заходняй філасофіі. Неўзабаве пасля смерці Платона Арыстоцель пакінуў Афіны і па просьбе Філіпа Македонскага ў 343 да н.э. на тры гады стаў настаўнікам Аляксандра Вялікага. Паводле энцыклапедыі «Брытаніка» «Арыстоцель быў першым сапраўдным навукоўцам у гісторыі… [і] кожны вучоны ў абавязку перад ім».
Арыстоцель | |
---|---|
Ἀριστοτέλης | |
![]() | |
Дата нараджэння | 384 да н.э.[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 322 да н.э.[1][2][…] |
Месца смерці | |
Бацька: | Нікамах[d][8] |
Жонка | Піфіяда[d] |
Дзеці: | Нікамах[d] |
Альма-матар: | |
Школа/традыцыя: | Перыпатэтычная школа, Арыстатэлізм |
Кірунак: | Антычная філасофія |
Асноўныя інтарэсы: | біялогія, заалогія, фізіка, метафізіка, логіка, этыка, рыторыка, музыка, паэзія, тэатр, палітыка |
Значныя ідэі: | |
Аказалі ўплыў: | Парменід, Сакрат, Платон, Геракліт, Дэмакрыт |
Зведалі ўплыў: | Практычна ўсе наступныя заходнія філосафы, хрысціянскія філосафы і папярэднікі эпохі асветніцтва |
![]() |
Навучанне Аляксандра Вялікага зрабіла Арыстоцеля багатым чалавекам і дало яму шмат магчымасцяў, пасля чаго ён усталяваў бібліятэку ў Лікеі, пры дапамозе якой ён выдаваў многія з сотняў сваіх кніг. Арыстоцель, які пад уплывам свайго настаўніка прытрымліваўся поглядаў Платанізму, пасля смерці Платона пагрузіўся ў эмпірыстычныя даследванні і паступова перайшоў ад Платанізму да эмпірызму. Ён верыў, што канцэпцыі і веды ўсіх людзей заснаваны на асабістым пачуццёвым досведзе.
БіяграфіяПравіць
Нарадзіўся ў Стагіры, грэчаскай калоніі ў Фракіі. Паходзіў з высакароднай сям'і (бацька — Нікамах быў лекарам македонскага караля Аміны ІІІ, маці — Фестыда), рана страціў бацькоў. У 18-гадовым узросце пачаў жыць у Афінах, дзе захапіўся лекцыямі Платона. Каля 20 гадоў правёў у Афінскай акадэміі, філасофскай школе Платона, спачатку вучнем, а пасля паўнапраўным членам.
Пасля смерці Платона (347 да н.э.), у 343 да н.э. македонскі кароль Філіп даверыў Арыстоцелю выхаванне свайго сына Аляксандра. Выхаванне працягвалася каля трох гадоў, пасля яго заканчэння Арыстоцель быў шчыра ўзнагароджаны царом.
У 335 да н.э. адкрыў у Афінах філасофскую школу — Лікей (адсюль назва навучальнай установы ліцэй). Заняткі Арыстоцель праводзіў, гуляючы па алеях саду, таму яго вучняў сталі называць «перыпатэтыкамі» (тыя, што прагульваюцца). Падчас выкладання ў Лікеі займаўся логікай, эпістэмалогіяй, фізікай біялогіяй, паліталогіяй, этыкай, эстэтыкай.
Пасля смерці Аляксандра Македонскага ў 323 г. Арыстоцель быў вымушаны пакінуць Афіны, бо праз свае былыя стасункі з Македоніяй не карыстаўся сімпатыяй у афінян. Больш таго, ён ратаваўся ад пераследу па абвінавачванню ў злачынстве супраць рэлігіі. Праз год, у 322 да н. э., ён памёр у г. Халкідзе на востраве Эўбеі.
Навуковыя поглядыПравіць
Арыстоцель лічыў, што ўсе рэчы, якія рэальна існуюць, створаны з формы і матэрыі. Паводле яго, матэрыя — субстанцыя без формы, якая з'яўляецца матэрыялам для ўсіх рэчаў. Форма ж робіць матэрыю нейкім канкрэтным прадметам, іншымі словамі — гэта сутнасць кожнай рэчы. Форма не можа існаваць без матэрыі і наадварот. Пачаткам усяго існага з'яўляецца Бог. Арыстоцель сістэматызаваў і развіў практычна ўсе галіны тагачасных ведаў — логіку, філасофію, фізіку, прыродазнаўства, гісторыю, палітыку, этыку, літаратуру, эстэтыку.
Ім напісаны сотні кніг («Катэгорыя», «Аналітыкі», «Метафізіка», «Фізіка», «Гісторыя жывёл», «Пра душу», «Палітыка», «Паэтыка»), з якіх захавалася 47 твораў. Арыстоцель лічыў, што людзі пачалі філасофстваваць, каб пазбавіцца ад няведання, і неабходна стварыць асаблівую навуку, якая б даследавала «пачаткі і прычыны». Пазней гэта навука была названа «метафізікай». Арыстоцель крытыкаваў вучэнне Платона пра ідэі як першакрыніцу рэальнага свету. У аснове быцця бачыў чатыры пачаткі: форму, матэрыю, крыніцу руху і мэты. Паводле яго вучэння форма (актыўны пачатак) пераўтварае матэрыю (пасіўны пачатак) як магчымасць рэчы ў рэальны, канкрэтны прадмет. Першарухавіком свету і вышэйшай мэтай яго развіцця лічыў Бога. Гэта абумовіла аб'ектыўна-ідэалістычны характар яго філасофіі. У касмалогіі Арыстоцель стаяў на пазіцыях геацэнтрызму (Зямля — цэнтр). Прызнаваў мэтазгоднасць у жывой прыродзе, апісаў шматлікія віды жывёл.
Працэс пазнання ён разумеў як рух ад адчуванняў да агульных паняццяў, паколькі «ўсялякія навуковыя веды ёсць веды пра агульнае». Разглядаючы ўзаемаадносіны індывіда і грамадства, прыйшоў да высновы, што чалавек — «істота палітычная, …, грамадская». Таму важную ролю адводзіў дзяржаве. Лепшай формай дзяржаўнага ладу лічыў такую ўладу, пры якой выключаліся б злоўжыванне ўладай, падаўленне свабод грамадзян, прычыненне шкоды дабрабыту і годнасці людзей. Але пры гэтым ён апраўдваў рабаўладальніцкі характар антычнага грамадства і лічыў, што рабства існуе «ад прыроды».
У эстэтычных трактатах развіваў тэорыю мастацтва, якое набліжаецца да рэальнасці. Вылучаў мастацтвы рухомыя (паэзія, музыка, танец) і нерухомыя (архітэкітура, жывапіс, скульптура), распрацаваў канцэпцыю катарсісу. Яго вучэнне моцна паўплывала на пазнейшае развіццё філасофскай думкі і амаль 2 тыс. гадоў існавала як плынь арыстоцелізму ў філасофіі і прыродазнаўстве. Арыстоцель з'явіўся заснавальнікам фармальнай логікі, стваральнікам сілагістыкі, якія паслужылі філасофскай асновай схаластыкі.
Дэмаркацыя эмпірычнай навукіПравіць
Арыстоцель імкнуўся не толькі вызначыць прадмет кожнай паасобнай навукі, але і правесці паміж імі мяжу. Ён дасягнуў падобнай демаркацыі, увёўшы адрозненне паміж прыкладной матэматыкай, якая ўжываецца ў складаных навуках, і чыстай матэматыкай, якая мае дачыненне да да абстрактных лікаў і лічбаў[9].
Навуковая спадчынаПравіць
Творы Арыстоцеля былі вядомыя на Русі, ў XIV—XV ст. распаўсюджваліся зборнікі, што ўключалі ўрыўкі яго твораў. У ВКЛ цікавасць беларускай грамадскай думкі да ідэй Арыстоцеля ўзрасла ў эпоху Адраджэння. Глыбока ведаў яго творы Ф. Скарына, які пісаў пра неабходнасць злучэння «Саламонавай і Арыстоцелевай мудрасці». Ва ўмовах рэфармацыйнага руху прадстаўнікі прагрэсіўнай грамадскай думкі ВКЛ асаблівае значэнне надавалі сацыяльна-палітычным і эстэтычным дактрынам Арыстоцеля (С. Будны, Л. Зізаній, А. Волан і інш.). У 1568 г. Ян Ліцыній Намыслоўскі выдаў «Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля». Элементы філасофіі Арыстоцеля вывучаліся ў брацкіх школах. У XVII—XVIII ст. у навучальных установах ВКЛ вучэнне Арыстоцеля трактавалася ў духу рэлігійна-каталіцкай артадоксіі; у той жа час значна ўзрасла цікавасць да яго прыродазнаўчых канцэпцый. Эклектыкі імкнуліся злучыць ідэі Арыстоцеля з новай навукай. Але ў канцы XVIII ст. адбыўся адыход навуковай думкі ад схаластызаванага арыстоцелізму.
Творы Арыстоцеля перакладаў арабскі філосаф і лекар, прадстаўнік арабскага арыстоцелізму Авероэс.
Гл. таксамаПравіць
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118650130 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 9 красавіка 2014.
- ↑ 2,0 2,1 Лосев А. Ф. Аристотель // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 1.
- ↑ 3,0 3,1 Berry A. A Short History of Astronomy — London: John Murray, 1898.
- ↑ Aristotle Праверана 25 жніўня 2018.
- ↑ Arithmetizations of Syllogistic à la Leibniz — 2012.
- ↑ OUTLINES OF GREEK AND ROMAN MEDICINE
- ↑ Isocrates and Aristotle on Rhetoric
- ↑ 8,0 8,1 Aristotle Праверана 25 жніўня 2018.
- ↑ Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995. С.23
ЛітаратураПравіць
- Арыстоцель // Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7.
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 138. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.
СпасылкіПравіць
Арыстоцель на Вікісховішчы |
- (англ.) Збор твораў Арыстоцеля