Арыядна Іванаўна Казей

беларуская партызанка і заслужаная работніца, Герой Сацыялістычнай Працы, родная сястра Героя Савецкага Саюза Марата Казея

Арыядна Іванаўна Казе́й (25 снежня 1925, Станькава, Койданаўскі раён, Менская акруга — 15 красавіка 2008, Мінск) — беларуская партызанка і заслужаная работніца, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаная настаўніца БССР. Родная сястра Героя Савецкага Саюза Марата Казея.

Арыядна Іванаўна Казей
Дата нараджэння 23 снежня 1925(1925-12-23)
Месца нараджэння
Дата смерці 15 красавіка 2008(2008-04-15) (82 гады)
Месца смерці
Альма-матар
Грамадзянства
Узнагароды і званні
Герой Сацыялістычнай Працы
ордэн Леніна медаль «За адвагу»
Заслужаны настаўнік Беларускай ССР

Біяграфія правіць

Нарадзілася 25 снежня 1925 года ў Станькава ў сялянскай сям’і.

Бацька, Іван Георгіевіч Казей — камуніст, актывіст, праслужыў 10 гадоў на Балтыйскім флоце, затым працаваў на машына-трактарнай станцыі, узначальваў курсы падрыхтоўкі трактарыстаў, быў старшынёй таварыскага суда, у 1936 годзе арыштаваны за «шкодніцтва», памёр у высылцы ў Бірабіджане, пасмяротна рэабілітаваны ў 1959 годзе.

Маці, Ганна Аляксандраўна Казей — таксама была актывісткай, уваходзіла ў выбарчую камісію па выбарах у Вярхоўны Савет СССР 1937 года. Таксама падвяргалася рэпрэсіям: была арыштаваная двойчы паводле абвінавачання ў «трацкізме», але пазней вызваленая. Нягледзячы на арышты, працягвала актыўна падтрымліваць савецкую ўладу. Падчас Вялікай Айчыннай вайны хавала ў сябе параненых партызан і лячыла іх, за што 7 лістапада 1942 года была павешана немцамі ў Мінску. Пасля смерці маці ў лістападзе 1942 года Арыядна з малодшым братам Маратам сышлі ў партызанскі атрад імя 25-годдзя Кастрычніка.

Узімку 1943 года беларускім партызанам прыйшлося асабліва цяжка, гітлераўцы бачылі ў іх рэальную пагрозу і адклікалі з фронту некалькі дывізій, каб «раз і назаўжды скончыць з беларускімі партызанамі». Партызанскія атрады ў гэты час часта змянялі месцы размяшчэння, трапляючы ў акружэнні і засады, з баямі прарываліся і сыходзілі ад ворага. У такіх партызанскіх паходах Арыядна Казей адмарозіла ногі, патрабавалася ампутацыя, было прынята рашэнне адправіць яе на «вялікую зямлю», але стан пагаршаўся, і ў канцы студзеня 1943 года ступні адабралі ў палявых умовах пілой без наркозу. На «вялікую зямлю», у падмаскоўнае Моніна, Арыядна Казей патрапіла на самалёце толькі 14 чэрвеня 1943 года.

Яе брат — Марат Казей, загінуў 11 мая 1944 года ў 14-гадовым узросце пад Уздой, быў пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

У далейшым яна скончыла філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Працавала ў школе № 28 г. Мінска настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, дзе яе намаганнямі ў 1969 годзе быў адкрыты музей імя Марата Казея[1].

Стала заслужанай настаўніцай БССР, Героем Сацыялістычнай Працы, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, членам рэвізійнай камісіі ЦК Кампартыі Беларусі[2].

Памерла 15 красавіка 2008 года. Пахаваная ў Мінску на Паўночных могілках.

Узнагароды правіць

Памяць правіць

Пра лёс Арыядны Іванаўны Казей і яе брата Марата Казея выдадзены кнігі:

  • Когда протрубили тревогу. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1973.
  • Костюковский Б. А. «Жизнь как она есть». М., «Детская литература», 1973.
  • Костюковский Б. А. «Нить Ариадны». М., «Молодая гвардия», 1975.

Зноскі

  1. Казей Ариадна Ивановна(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 сакавіка 2023. Праверана 8 сакавіка 2023.
  2. Казей Ариадна Ивановна

Літаратура правіць

  • Л. Восковцова, Мужество // Труд, талант, доблесть.: В 2-х ч. Ч. 1 [Сост. Е. Э. Павлюць, Б. И. Сушкевич, В. В. Шарпило]. — Мн.: Беларусь, 1981. — 414 с., ил., стр. 310—315
  • А. И. Валаханович, А. Н. Кулагин, Дзержинщина: прошлое и настоящее. Минск, Наука и техника, 1986