Асветніцтва на Беларусі

Асветніцтва — сацыяльна-палітычная ідэалогія перыяду станаўлення капіталізму, якая аддавала перавагу асвеце, навуцы і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырэнню асветніцтва спрыялі навуковыя адкрыцці ў прыродазнаўстве і дасягненні гуманітарных ведаў.

Гісторыя

правіць

На Беларусі ідэі Асветніцтва распаўсюдзіліся ў 2-й палове XVIII — пачатку XIX ст. і былі цесна звязаны як з усходнеславянскім, так і з заходнееўрапейскім Асветніцтвам. Яны знайшлі адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, літаратуры і мастацтве, вызначаліся паказам бытавых і этнічных умоў жыцця класаў і сацыяльных груп, праблем аўтаномнасці і адносін да Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, успрыняцця духоўнай спадчыны мінулага, суіснавання розных пластоў у нацыянальнай культуры. Адначасова з перайманнем еўрапейскіх мастацкіх стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) пашыраліся мясцовыя стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш. у жывапісе), інтымная лірыка, фальклор.

Ідэйныя вытокі Асветніцтва на Беларусі ідуць ад творчасці і дзейнасці прагрэсіўных мысліцеляў канца XVII — пачатку XVIII ст. К. Лышчынскага, С. Полацкага, I. Капіевіча. Значны ўклад зрабілі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі XVIII ст. (Л. Барановіч, Г. Каніскі, Ф. Пракаповіч і інш.). Прадстаўнікамі ранняга перыяду на Беларусі Б. Дабшэвічам, К. Нарбутам, М. Пачобутам-Адляніцкім спалучаліся навуковыя памкненні з гуманістычнымі. Гэтыя дзеячы высока цанілі свабоду думкі, лічачы гэта абавязковай умовай развіцця навук. У лістах, дзённіках, іншага роду эпісталярнай, лірычнай, драматычнай (інтэрмедыі) творчасці Ф. Карпінскі, малады А. Міцкевіч, выяўляючы погляды дробнай шляхты, былі настроеныя супраць уціску клерыкалізму і прыгонніцтва. У многіх творах (асабліва паэтычных) побач з гэтым узмацніўся сатырычна-сацыяльны кірунак. Ён спалучаўся з дыдактызмам і сентыментальнасцю. У мастацтве 2-й паловы XVIII ст. пераважаў класіцызм, які пад уплывам асветніцтва набываў новыя рысы; развіваліся сентыменталізм (І. Быкоўскі, Ф. Карпінскі і інш.), элементы рамантызму і рэалізму. У плыні класіцызму ствараліся паэтыка і рыторыка (Ф. Галянскі, І. Фалькоўскі), а таксама ідэі класіцызму сумяшчаліся з эмпірызмам (ён аддае перавагу пачуццёваму ўспрыманню і вопыту, а не логіцы і абагульненням) і сенсуалізмам (пры ім таксама на першы план выходзяць адчуванне і пачуццё). Я. Снядэцкі, А. Доўгірд, Ю. Славацкі, Л. Бароўскі адыходзілі ад класістычных канонаў і рэалізоўвалі сваю творчасць у рэчышчы рамантызму. У канцы XVIII ст. да некаторых найбольш адукаваных дзеячаў пачалі траплаць творы, а з імі ідэі Радзішчава і інш. Прапагандавалі асветніцтва выкладчыкі народных вучылішчаў І. Сакольскі, А. Зміеў і інш. У «Одзе», прысвечанай адкрыццю народнага вучылішча ў Полацку, І. Саколькі сцвярджаў тэзіс «Без ведаў мы — дзеці цемры!»

У сувязі з тым, што Беларусь у канцы XVIII ст. трапіла ў абшары Расійскай імперыі, у Расіі павысілася цікавасць да жыцця, беларускай мовы і культуры (Г. Дзяржавін, М. Кайдаловіч, І. Ляпёхін, В. Севяргін і інш.). Пеўную ролю для распаўсюджвання ідэй асветніцтва на Беларусі адыграла Адукацыйная камісія. Ідэйна яе натхнялі польскія асветнікі Сташыц, Я. Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Ж. Жылібер, М. Пачобут-Адляніцкі, А. Снядэцкі, І. Страйноўскі і інш. У канцы XVIII і пачатку XIX ст. узмацнілася супрацьстаянне паміж прыхільнікамі і праціўнікамі асветніцтва. Творы Вальтэра, Дзідро, Сташыца, Ламаносава і інш., што распаўсюджваліся і ў Беларусі, рэзка крытыкаваліся апанентамі (у 1781 г. у Нясвіжы на польскай мове апублікаваны пераклад кнігі абата Нанота «Жыццё і памылкі Вальтэра», у 1786 у Вільні — кніга М. Богуша «Філосаф без рэлігіі»). Ім (апанентам) у супрацьлегласць выдаваліся творы, што прапаведавалі ідэі асветніцтва. У 1790 у Мінску пабачыла свет кніга «Праблемы…» Быкоўскага, дзе па-свойму тлумачыліся канцэпцыі французскіх і іншых асветнікаў. Асветнікі ў сваіх творах прапагандавалі тэорыю натуральнага права (Страйноўскі, Карповіч і інш.) і радыкальна-утапічныя ідэі (І. Яленскі), выкрывалі антыпрыгонніцтва і яго канцэпцыі (Я. Ясінскі і інш.). У 1-й палове XIX ст. узмацнілася імкненне да тэорыі пазнання і логікі. Я. Снядэцкі і А. Доўгірд намагаліся спалучыць сенсуалізм і абстрактны метады пазнання ў супрацьстаянні з нямецкім ідэалізмам. Свой уклад у справу асветніцтва ўнеслі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В. Карчэўскі, П. Славінскі, С. Юндзіл, М. Ачапоўскі, да яго ідэалогіі мелі дачыненні філаматы і філарэты.

Літаратура

правіць
  • Герасіменя В. Асветніцтва // Малая краязнаўчая энцыклапедыя / Ганцавіцкі раённы краязнаўча-інфармацыйны партал — Эл.рэсурс gants-region.info

Спасылкі

правіць