Астрожская акадэмія

Астрожская славяна-грэка-лацінская школа ці Астрожская акадэмія — навучальная ўстанова, якая дзейнічала ў г. Астрог на працягу XVI—XVII стагоддзяў. Астрожская школа ці акадэмія мела трохступенны характар і спалучала ў сабе элементарную (пачатковую) і сярэднюю адукацыю з пачаткамі вышэйшай.

Канстанцін Васіль Астрожскі (фрагмент карціны XVI ст.)

Гісторыя правіць

Навучальная ўстанова заснаваная каля 1576 года на сродкі Канстанціна-Васіля Астрожскага ў яго родавым маёнтку Астрог. Вялікую суму сродкаў на развіццё акадэміі дала яго пляменніца — князёўна Гальшка Астрожская.

У аснову дзейнасці Астрожскай акадэміі было пакладзена традыцыйнае для сярэднявечнай Еўропы, аднак цалкам незвычайнае для мясцовай школьнай адукацыі, вывучэнне сямі свабодных навук (граматыкі, рыторыкі, дыялектыкі, арыфметыкі, геаметрыі, музыкі, астраноміі), а таксама вышэйшых навук: філасофіі, багаслоўя, медыцыны. Студэнты Астрожскай акадэміі асвойвалі пяць моў: славянскую, польскую, старажытнагабрэйскую, грэцкую, лацінскую. Унікальнасць і арыгінальнасць гэтай установы вышэйшай адукацыі праявілася і ў тым, што тут упершыню злучыліся два тыпу культур: візантыйская і заходнееўрапейская. З Астрожскай акадэміяй звязваецца пачатак Рэнесанса на украінскіх землях.

Падручнікі для навучання рыхтаваліся і друкаваліся ў Астрожскай друкарні. Непасрэдна пры школе і друкарні К. Астрожскі стварыў гурток адукаваных людзей, якія займаліся перакладамі, распрацоўвалі і выдавалі вучэбную, богаслужбовую, павучальную літаратуру. Да гуртка належалі вядомы друкар Іван Фёдараў, пісьменнік Герасім Сматрыцкі, перакладчыкі і выдаўцы Васіль Суражскі і Цімафей Міхайлавіч; браты Дзям’ян і Ігнацій Налівайкі. У Астрог часта наведваліся грэчаскія навукоўцы — Дзіянісій Палеалог, будучы Канстанцінопальскі патрыярх Кірыл Лукарыс, патрыяршы экзарх свяшчэннамучанік Нікіфар Кантакузін. Усе гэтыя высокаадукаваныя людзі прымалі ўдзел у навучанні, што сведчыць пра яго высокі ўзровень.

Са сцен Астрожскай акадэміі выйшлі вядомыя царкоўныя і грамадска-культурныя дзеячы — пісьменнікі-палемісты і перакладчыкі. Сярод іх: Клірык Астрожскі — аўтар пісьмаў-адказаў Іпацію Пацею; Мялецій Сматрыцкі — епіскап і вядомы пісьменнік-палеміст; Захарыя Капысценскі — пісьменнік-палеміст; Іоў Барэцкі — Кіеўскі мітрапаліт, перакладчык і пісьменнік; Стэфан Зізаній — педагог і царкоўны прапаведнік; Андрэй Рымша — вядомы паэт, заснавальнік панегірычнага жанру; Лявонцій Карповіч і інш.

Акадэмія спыніла сваю дзейнасць у 1636 годзе. Сёння яе адукацыйныя традыцыі працягвае заснаваны ў 1994 годзе Нацыянальны ўніверсітэт «Астрожская акадэмія».

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Том 2: Аршыца — Беларусцы. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1996. — 479 с. — ISBN 985-11-0061-7.