Астрыд Ліндгрэн
Астрыд Лі́ндгрэн (шведск.: Astrid Lindgren; 14 лістапада 1907, Вімербю, Швецыя — 28 студзеня 2002, Стакгольм) — шведская дзіцячая пісьменніца.
Астрыд Ліндгрэн | |
---|---|
шведск.: Astrid Anna Emilia Lindgren | |
![]() Астрыд Ліндгрэн (1960) | |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Астрыд Анна Эмілія Эрыксан (шведск.: Astrid Anna Emilia Ericsson) |
Дата нараджэння | 14 лістапада 1907[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 студзеня 2002[1][2][…] (94 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Муж | Стурэ Ліндгрэн[d] |
Дзеці | Ларс Ліндгрэн[d] і Karin Nyman[d] |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | Шведская пісьменніца |
Гады творчасці | 1944-1981 |
Жанр | дзіцячая літаратура, казка |
Мова твораў | шведская мова |
Дэбют | Брыт-Маргарэт выказвае душу |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Узнагароды | |
Подпіс |
![]() |
astridlindgren.com(шведск.) (ням.) (англ.) astridlindgren.se |
|
![]() |
Біяграфічныя звесткіПравіць
Астрыд нарадзілася на хутары Нэс, ля горада Вімербю ў правінцыі Смоланд на поўдні Швецыі, у сям’і фермераў Эрыксанаў. Мела старэйшага брата Гунара і дзвюх малодшых сясцёр Сціну і Інгегерд. Пазней вясёлыя дзіцячыя ўспаміны знайшлі месца ў яе творах.
Калі Астрыд было 13 год, рэдактар гарадской газеты Вімербю — «Вімербю тыднінг» — узяў яе на валанцёрскую працу ў рэдакцыю. Так пабачыў свет першы артыкул будучай пісьменніцы — «На нашым хутары». У шаснаццаць гадоў Астрыд атрымала сталую працу ў газеце. Друкавала тэатральныя рэцэнзіі і рэкламныя тэксты, адказвала на тэлефоныя званкі. Праз 2 гады Астрыд сышла з газеты — дзеля «пошуку шырэйшай працоўнай прасторы», як пазначыў рэдактар газеты Рэйнхальд Блумберг у пасведчанні аб звальненні спадарыні Астрыд Эрыксан. Сапраўднай жа прычынай звальнення была цяжарнасць васемнаццацігадовай журналісткі. Бацькам будучага дзіцяці быў сам рэдактар газеты «Вімербю тыднінг». Саракадзевяцігадовы спадар Блумберг закахаўся ў маладую дзяўчыну і прапанаваў ёй злучыць жыццёвыя шляхі. Астрыд адмовілася.
Каб выратаваць сям’ю ад ганьбы, цяжарная Астрыд мусіла пакінуць родныя мясціны. Спачатку яна вучылася на сакратарку ў Стакгольме, пасля пераехала ў Данію, дзе ананімна нарадзіла сына Ларса. Там, у Капенгагене, была адзіная на той час у Паўночнай Еўропе медыцынская ўстанова, дзе можна было нарадзіць дзіця, не рэгіструючы, як завуць маці. Астрыд, як маці-адзіночка, не мела матэрыяльных магчымасцей, каб утрымліваць сына, і таму прыняла рашэнне пакінуць Ларса прыёмнай маці, датчанцы спадарыні Стэвенс. Сама ж яна вярнулася ў Стакгольм, зноў пайшла ў сакратаркі і старалася як мага часцей адведваць сына ў Капенгагене. Праз 3 гады ў спадарыні Стэвенс пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, і Астрыд мусіла забраць сына да сябе ў маленькі пакойчык, які здымала ў Стакгольме.
На пачатку 1930-х Астрыд працавала сакратаркай у каралеўскім аўтамабільным клубе, дзе і пазнаёмілася са сваім начальнікам і будучым мужам Стурэ Ліндгрэнам. Спадар Ліндгрэн, які быў на 9 гадоў старэйшы за Астрыд, пакінуў сваю першую жонку з маленькай дачкой і ажаніўся з будучай пісьменніцай. У іх нарадзілася дачка Карын. Калі спадару Ліндгрэну было 53 гады, ён раптоўна памёр, Астрыд засталася ўдавою з двума дзецьмі. Больш яна замуж не выходзіла.
ТворчасцьПравіць
Гісторыі пра Піпі Доўгуюпанчоху, якія Астрыд расказвала сваёй дачцэ Карын і яе сябрам, у 1944 пісьменніца падаравала ў запісаным выглядзе дачцэ на дзень нараджэння. Такім чынам казка пра рудую дзяўчынку, якая жыла разам з малпай і канём і не падпарадкоўвалася ніякім абмежаванням, трапіла ў друк. І пачалася кар’ера казачніцы.
За 1944—1950 Астрыд Ліндгрэн склала трылогію пра Піпі Доўгуюпанчоху, дзве аповесці пра дзяцей з Бюлербю, тры кніжкі для дзяўчынак, дэтэктыў, два зборнікі казак, зборнік песень, чатыры п’есы і дзве кніжкі-малюнкі. Астрыд Ліндгрэн была надзвычай рознабаковым аўтарам, гатовым да эксперыментаў у розных жанрах.
У 1946, 1951 і 1953 выйшла яе трылогія пра дэтэктыва Кале Блюмквіста. У 1954 Астрыд Ліндгрэн напісала першую з трох казачных аповесцей — «Міо, мой Міо!». У наступнай трылогіі расказала аб прыгодах хлопчыка і Карлсана, які жыве на даху (1955, 1962, 1973).
У яе творах узняты праблемы дабра і зла, дэмакратыі і тыраніі, цудоўнага і рэальнага, узаемаадносін дзіцячай асобы з дарослымі. Яны поўныя гумару і ўвасабляюць дзіцячае, непасрэднае ўспрыманне людзей і свету.[7]
Ідэальныя адносіны дарослых і дзяцей — гэта бязмежнае пытанне, лічыла пісьменніца, але самае галоўнае — «дарослыя не павінны ні пры якіх абставінах абражаць дзяцей словам, а тым больш дзеяннем»[8].
УзнагародыПравіць
За свае літаратурныя заслугі Астрыд Ліндгрэн атрымала медаль Ганса Хрысціяна Андэрсена — адну з самых прэстыжных прэмій свету ў галіне дзіцячай літаратуры, Вялікі залаты медаль Шведскай акадэміі, Медаль імя Талстога ў Маскве, прэмію Right Livelyhood Award — «альтэрнатыўную Нобелеўскую прэмію» за спрыянне гарманічнаму развіццю чалавецтва.
Ушанаванне памяціПравіць
Расійская Акадэмія навук назвала яе імем астэроід нумар 3204, а шведскі парламент заснаваў літаратурную прэмію памяці Астрыд Ліндгрэн, памерам 500000 еўра.
Беларускія перакладыПравіць
- Браты Львінае Сэрца / Перакл. з швед. С. Лузгіной і Т. Лукшы. — Мн., 1997 (Школьная бібліятэка).
- Лота / Перакл. з швед. С. Лузгіной і Т. Лукшы.
- Усе нашы дзеці з Булербю / Перакл. са швед. Л. Баршчэўскага. — Вільня, 2000.
- Малы і Карлсан-з-даху / Перакл. са швед. Ю. Жалезкі. — Мн., 2007.
- Піпі Доўгаяпанчоха / Перакл. са швед. Д. Плакса. — Мн., 2008.
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ 2,0 2,1 Astrid Lindgren // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ 3,0 3,1 Astrid Lindgren // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118573217 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
- ↑ https://web.archive.org/web/20171006140953/http://jeugdliteratuur.org/auteurs/astrid-lindgren
- ↑ 6,0 6,1 http://www.samfundetdenio.se/
- ↑ Е. Лявонава (1999)
- ↑ sb.by
ЛітаратураПравіць
- Лявонава Е. Ліндгрэн // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.