Атрады асаблівай важнасці

Атрады асаблівай важнасці (партызанскія атрады) – кавалерыйскія групы асобага прызначэння, якія ствараліся для выканання разведвальна-дыверсійных задач пры штабах і злучэннях Рускай імператарскай арміі ў перыяд Першай сусветнай вайны.

Вопыт атрадаў асаблівай важнасці выкарыстоўваўся кавалерыйскімі часцямі Белага руху ў гады грамадзянскай вайны[1].

Фарміраванне

правіць

Першыя дыверсійныя атрады на Усходнім фронце Першай сусветнай з’явіліся вясной 1915 года. Да прыкладу, 3 мая была сфарміравана Маньчжурская партызанская конная сотня ў складзе трох афіцэраў і 160 ніжніх чыноў. Станам на жнівень на Паўднёва-Заходнім фронтам дзейнічалі ўжо 12 партызанскіх атрадаў. Адзін з іх складаўся з байцоў каўказскай «Дзікай дывізіі» і знаходзіўся на Палессі, але яго расфармавалі «з прычыны дрэннага ведання чынамі мясцовай мовы»[2].

25 жніўня 1915 года камандуючы Паўднёва-Заходнім фронтам генерал М. Іваноў загадаў камандзірам 8-й, 9-й і 11-й армій разгарнуць актыўную партызанскую вайну ў раёне Палесся. Партызанскія атрады павінны былі затрымаць прасоўванне непрыяцеля да Дняпра, дзейнічаючы ў тылах праціўніка[3]. Напярэдадні, як сцвярджаў генерал У. Клембоўскі, нейкі А. Кучынскі падаў кіраўніцтву рапарт аб фарміраванні конных груп спецыяльнага прызначэння[2].

У верасні 1915 года падобныя часці былі створаны ў 3-й і 4-й арміях Заходняга фронту. Колькасць атрадаў была невялікая – у кожным 3–4 афіцэра і 70–120 радавых. Адначасова пачалі фарміравацца партызанскія атрады і на Паўночным фронце[3].

1 верасня быў сфарміраваны атрад асаблівай важнасці з казакоў Арэнбургскай дывізіі. У яго ўвайшлі 120 ніжніх чыноў і чатыры афіцэры. У складзе 11-й кавалерыйскай дывізіі ўтвораны лятучы атрад. Асабісты склад – 32 казакі 12-га, 37-га і 42-га Данскіх казачых палкоў, добраахвотнікі Крымскага коннага палка. 9-я кавалерыйская дывізія сфармавала атрад з байцоў 9-га Драгунскага Казанскага, 9-га гусарскага Кіеўскага, 9-га ўланскага Бугскага і 1-га Уральскага казацкага палкоў. Аналагічнае фарміраванне, складзенае з палкавых конных разведчыкаў, было створана і пры 12-й кавалерыйскай дывізіі[4].

Атрады асаблівай важнасці на Паўднёва-Заходнім фронце ствараліся больш арганізавана, чым на іншых франтах. Штаб 8-й арміі нават распрацаваў «Агульныя ўказанні для дзеянняў партызанскіх атрадаў», у якіх планаваліся дзеянні атрадаў у раёне КовельРоўна. Усяго на Паўднёва-Заходнім фронце было арганізавана 11 атрадаў рознай колькасці. Да зімы 1915/16 года кожнай кавалерыйскай і казачай дывізіяй Заходняга і Паўднёва-Заходняга франтоў было сфарміравана 50 атрадаў колькасцю ад 60 да 200 шабляў, якія павінны былі апераваць у варожым тыле ў паласе гэтых франтоў[3].

Дзейнасць

правіць

У адрозненне ад больш вядомых партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны, байцы атрадаў асаблівай важнасці насілі не разнамасную, часцяком цывільную вопратку без знакаў адрознення, а ваенную форму кавалерыйскіх палкоў. У якасці ўзбраення выкарыстоўваліся германскія вінтоўкі Mauser 98 або аўстра-венгерскія Mannlicher M1895, бо ў варожым тыле боепрыпасы да трафейнай зброі даставаць было лягчэй. У задачу фарміраванняў уваходзілі вядзенне разведкі ў тыле праціўніка, налёты на нямецкія гарнізоны, знішчэнне баз, складоў і абозаў, захоп палонных[5].

Часта яны мучыліся без спецыяльнай работы і займаліся корпуснай разведкай — прачэсвалі мясцовасць, карэктавалі штабныя карты, сачылі за праціўнікам, часам ладзілі вылазкі за «языкамі». Увесну і ўлетку 1917 года некаторым прыйшлося выконваць карныя функцыі — душыць збунтаваныя пяхотныя палкі[6].

Сярод найбольш буйных аперацый вылучаюць:

  • У ноч з 20 на 21 кастрычніка 1915 года група ў 250[7]—500[5] байцоў Арэнбургскай казачай, 9-й і 11-й кавалерыйскіх дывізій атакавала войскі праціўніка ў н. п. Кухоцкая Воля Пінскага павета Мінскай губерні (зараз Украіна). Паводле неправераных звестак разведкі, у вёсцы знаходзіліся два эскадроны драгун, тры ўзводы егераў, рабочая рота, сапёры і артылерысты. Падабраўшыся да вёскі з дапамогай мясцовых сялян-правадыроў, партызаны пераадолелі драцяныя загароды і ўварваліся ў вёску. Пачалася рукапашная. Па даных царскіх войск, немцы страцілі да 400 чалавек, у палон былі захопленыя пяцёра. Расійскі бок страціў аднаго забітым, 30 параненымі, двух прапаўшымі без вестак[7][3].
  • У ноч на 14 лістапада таго ж года восем аб’яднаных партызанскіх груп усталявалі кантроль над вёскай Невель (сёння Беларусь). Заяўлена, што падчас гэтага налёту быў захоплены ў палон германскі генерал, загінула 20 афіцэраў і 600 салдат праціўніка. Трафеямі партызан сталі дзве гарматы[5]. Расійскі бок страціў пяцярых забітымі. Яшчэ двое прапалі без вестак[7].
  • 21 чэрвеня 1916 года байцы атамана Барыса Аненкова здзейснілі напад на нямецкіх пяхотнікаў пад Баранавічамі, захапіўшы вялікую здабычу[8].

Згортванне

правіць

Атрады асаблівай важнасці не спраўляліся з пастаўленымі задачамі. За выключэннем аперацый у Кухоцкай Волі і Невелі, не ўдалося правесці грандыёзных набегаў і рэйдаў. Аднак нават паспяховыя місіі ніяк не паўплывалі на ход асобных аперацый і вайны ў цэлым, аказаўшы толькі станоўчае ўздзеянне на маральны стан войск[9]. Цяжкасці ўзнікалі ўжо пры перасячэнні фронту. У большасці выпадкаў праз моцна ўмацаваную лінію абароны байцы проста не маглі пракрасціся хоць бы на некалькі кіламетраў у нямецкі тыл[3].

Вярхоўнае камандаванне неўзабаве расчаравалася ў малой вайне, бо ні адзін з атрадаў не змог выканаць сваёй галоўнай мэты — прарвацца ў тыл праціўніка і нанесці яго камунікацыям і жывой сіле сур’ёзны ўрон. Паводле даных штаба Паходнага Атамана з кастрычніка 1915 па май 1916 з усіх злучэнняў баяздольнымі былі толькі 30%. Разам з тым, паводле генерала А. Брусілава, партызаны бясчынствавалі. Фіксаваліся выпадкі марадзёрства. Таму ў красавіку 1916 года па хадайніцтве Паходнага Атамана пачаўся перавод партызанскіх атрадаў у падпарадкаванне генерал-кватэрмайстарскім часцям тых армій, на тэрыторыі якіх яны грунтаваліся. Іх падпарадкавалі армейскаму і корпуснаму камандаванню для таго, каб стражэй сачыць за работай партызан і каардынаваць іх дзеянні. Праведзены скарачэнні атрадаў, за выключэннем тых, у якіх было ад 250 да 350 чалавек, а таксама часцей змешанага характару і больш складанай арганізацыі[10].

У гэты час наспела іншая праблема: колькасць «вокнаў» на лініі фронту, праз якія можна было праходзіць, стала менш. Атрымалася арганізаваць толькі некалькі ўдалых вылазак. У маі 1917 года, ужо пры Часовым урадзе, прайшлі чарговыя скарачэнні атрадаў асаблівай важнасці. Большасць конных спецгруп, якія пазбеглі вясновых скарачэнняў, спынілі існаванне ўжо ў верасні—кастрычніку[11].

Заўвагі

правіць
  1. Хорошилова, с. 52—53.
  2. а б Хорошилова, с. 46.
  3. а б в г д Колпакиди и Север 2012, Глава 3 Военные партизаны Первой мировой войны.
  4. Хорошилова, с. 47.
  5. а б в Бондаренко 2014, Партизаны Первой мировой.
  6. Хорошилова, с. 53.
  7. а б в Хорошилова, с. 48.
  8. Хорошилова, с. 49.
  9. Хорошилова, с. 52.
  10. Хорошилова, с. 50—51.
  11. Хорошилова, с. 51—52.

Літаратура

правіць

Далейшае чытанне

правіць