Афганская вайна (1979—1989)
Афганская вайна (пушту: په افغانستان کې شوروی جګړه, перс.: جنگ شوروی در افغانستان — Савецкая вайна ў Афганістане, таксама першая грамадзянская вайна ў Афганістане і Афганска-савецкая вайна) — 9-гадовая ваенная кампанія СССР у Афганістане са снежня 1979 г. па люты 1989 года супраць баевікоў руху маджахедаў. Скончылася вывадам савецкага войска паводле пункта 5 Жэнеўскага пагаднення аб узаемасувязі для ўладжання датычнага Афганістана становішча ад 14 красавіка 1988 года, якое падпісалі міністры замежных спраў Афганістану і Пакістану Абдул Вакіль (1986—1992) і Сахабзада Якуб-Хан (1982—1991) адпаведна. У якасці паручальнікаў пагадненне падпісалі міністры замежных спраў ЗША і СССР Джордж Шульц (1982—1989) і Эдуард Шэварнадзэ (1985—1990) адпаведна.
Афганская вайна (1979—1989) | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Афганістане, Халодная вайна | |||
| |||
Дата | 25 снежня 1979 — 15 лютага 1989 | ||
Месца | Афганістан | ||
Прычына | Красавіцкая рэвалюцыя і пачатак грамадзянскай вайны ў Афганістане; Імкненне СССР падтрымаць НДПА і засцерагчы свае паўднёвыя межы. | ||
Вынік | Патавая ваенная сітуацыя; заключэнне Жэнеўскіх пагадненняў ; вывад савецкіх войскаў з Афганістана, грамадзянская вайна працягнулася | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Агульныя страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Перадгісторыя
правіцьАдносіны Савецкага Саюза з Дэмакратычнай Рэспублікай Афганістан традыцыйна адрозніваліся дружалюбным характарам, незалежна ад палітычных рэжымаў у Кабуле. Пабудаваныя пры тэхнічным садзейнічанні СССР аб’екты прамысловасці складалі да 1978 года да 60 % усіх афганскіх прадпрыемстваў. Але на пачатку 1970-х гг. XX стагоддзя Афганістан па-ранейшаму ўяўляў сабой адно з самых бедных дзяржаў свету. Статыстыка сведчыла, што 40 % насельніцтва пражывала ў абсалютнай галечы.
Пасля перамогі ў красавіку 1978 года Красавіцкай, рэвалюцыі, генеральны сакратар НДПА Н. М. Таракі абвясціў аб уступленні краіны на шлях сацыялізму. У Маскве гэта сустрэлі з падвышанай увагай. 5 снежня паміж двума краінамі быў заключаны Дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве. Тым часам у НДПА даўно ішла барацьба паміж фракцыямі «Хальк» (кіраўнікі — Н.-М. Таракі і Х. Амін) і «Парчам» (Б. Кармаль). У краіне, па сутнасці, правалілася аграрная рэформа, яе ліхаманіла рэпрэсіі, груба парушаліся нормы ісламу. Афганістан апынуўся перад фактам развязвання маштабнай грамадзянскай вайны. Ужо ранняй вясной 1979 года Таракі папрасіў увесці савецкія войскі на тэрыторыю Афганістана, каб прадухіліць горшы сцэнар падзей. Пазней такія просьбы паўтараліся неаднаразова і зыходзілі не толькі ад Таракі, але і іншых афганскіх кіраўнікоў.
У гэты ж час з’явіўся рух маджахедаў, які ставіўся да ісламарадыкальнай апазіцыі.
Асноўныя падзеі
правіцьПерад вайной
правіцьУ ліпені ў Баграм прыбыў батальён з 111-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка 105-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Гэта было першае воінскае падраздзяленне Савецкай Арміі ў Афганістане. 27 лістапада на самалётах Ан-22 з аэрадрома «Гостомель» прыбыў кантыгент з 120 чалавек асабовага складу для арганізацыі сувязі будучыні камандавання савецкіх войскаў у Кабуле з ваеннымі дарадцамі пры дывізіях нд ДРА. Перакідкай займалася 10-е Упраўленне ГШ ВС СССР.
У пачатку снежня ў Афганістан прыбыў першы «Мусульманскі батальён» — 154 ооСпН 15 обрСпН. 14 снежня прыбыў у Баграм яшчэ адзін асобны батальён 345 опдп.
Першы перыяд (1979—1984)
правіць24 снежня 1979 г. міністр абароны СССР Дзмітрый Усцінаў Дырэктывай № 312/12/001 зацвердзіў увод войскаў у Афганістан. 25 снежня за 36 км ад Кабула аб скалу разбіўся савецкі ваенна-транспартны самалёт Іл-76, у выніку чаго загінулі 47 ваенных 350-га парашутна-дэсантнага палка (пасёлак Баравуха, Полацкі раён, Віцебская вобласць, Беларуская ССР) 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі (Віцебск). А 19:30 654 савецкія ваенныя, апранутыя ў афганскую форму, у рамках аперацыі «Шторм-333», пачалі ў Кабуле штурм Вялікага каралеўскага палаца , дзе застрэлілі старшыню ўрада Афганістана Хафізулу Аміна[12], яго 2 малалетных сыноў і каля 200 афганскіх ваенных. Страты савецкіх нападнікаў склалі 20 чалавек забітымі і 32 — параненымі.
7 студзеня 1980 г. Пянджскі зводны баявы атрад памежных войскаў КДБ СССР (204 чалавека пры шасці БТР) пераправіўся верталётамі і на плаўсродках праз раку Пяндж і размясціўся гарнізонам у афганскім кішлаку Нуса, прыкрыўшы савецкі раённы цэнтр Кала-Хумб і прымежную дарогу на Душанбэ. Затым ён дэсантаваўся ў раён афганскага рачнога порта Шэрхан і прадухіліў пагрозу яго захопу мяцежнікамі. Неўзабаве на тэрыторыю Афганістана перабазаваліся і іншыя зводныя баявыя атрады пагранвойскаў (СПА). На кожным участку савецка-аўганскай мяжы было выстаўлена да трох СПА колькасцю па 100—120 чалавек.
Цягам 9—11 студзеня 1980 г. падраздзялення 108-й мотастралковай дывізіі (Цярмез , Сурхандар'інская вобласць, Узбекская ССР) узялі кішлак Нахрын (правінцыя Баглан), дзе падняў мяцеж 4-й афганскі артылерыйскі полк. У ходзе бунту былі забітыя ўсе савецкія ваенныя саветнікі. Страты мяцежнікаў склалі 100 чалавек забітымі, 7 гармат і 5 аўтамабіляў. Савецкія войскі пры падаўленні паўстання страцілі 2 забітымі, 2 параненымі і 1 БМП-1.
10—11 студзеня ў Кабуле савецкія войскі забілі каля 100 ваенных мяцежнай 20-й афганскай дывізіі, страціўшы 2 савецкіх вайцоўцаў забітымі і 2 — параненымі. 20—24 лютага ў Кабуле адбылося паўстанне, у ходзе якога 22 лютага абстралялі савецкую амбасаду. 23 лютага ў сярэдзіне тунэля на перавале Саланг (правінцыя Парван) ад выхлапных газаў задыхнуліся 18 савецкіх ваенных, чыя калона спынілася ў выніку дарожна-транспартнага здарэння. 29 лютага ў баі пад кішлаком Шыгал (правінцыя Кунар) 317-ы парашутна-дэсантны полк (Віцебск) страціў 37 чалавек забітымі і 26 — параненымі. У акружэнні паранены беларус Мікалай Чэпік (16 красавіка 1960; вёска Май, Пухавіцкі раён, Мінская вобласць) падарваў на бліжэйшым дрэве міну МОН-100 , чым забіў 32 маджахедаў. Да 2 сакавіка Кунарскі наступ на 30-ы горны пяхотны полк маджахедаў прывёў да гібелі 52 савецкіх дэсатнікаў і ранення яшчэ 43-ох. 11 мая ў баі пад кішлаком Хара (правінцыя Кунар) 150 маджахедаў забілі 46 і паранілі 65 савецкіх ваенных 1-га батальёна 66-й мотастралковай брыгады (Алматы, Казахская ССР). Страты з боку баевікоў склалі 36 чалавек забітымі і 84 — параненымі.
3 жніўня 1980 г. у баі пад кішлаком Шаеста (Кішымскі павет , правінцыя Бадахшан) узброеныя атрады маджахедаў (Файзабад , правінцыя Бадахшан) забілі 49 і паранілі 48 савецкіх ваенных 201-й мотастралковай дывізіі (Душанбэ, Таджыкская ССР). Цягам 15 лістапада — 5 снежня ў правінцыях Баміян, Кабул і Парван савецкія войскі забілі звыш 500 і паланілі 736 афганскіх паўстанцаў. Цягам 1980 г. афганскія маджахеды забілі 1484 (незваротныя страты ) і паранілі (звольненыя з войска) 725 савецкіх ваеннаслужачых, знішчылі 18 савецкіх танкаў, 173 адзінак бранятэхнікі, 40 верталётаў і самалётаў.
5 верасня 1981 г. у гарах Луркох за 40 км на паўночны ўсход ад Фараха (правінцыя Фарах) афганскія паўстанцы паразілі з буйнакалібернага кулямёта Дзегцярова-Шпагіна (ДШК) савецкі верталёт Мі-8Т. У выніку выбуху пры сутыкненні верталёта са скалой экіпаж загінуў разам з генерал-маёрам Вадзімам Ха́халавым на борце, які быў намеснікам камандзіра Ваенна-паветраных сіл (ВПС) Туркестанскай ваеннай акругі СССР. 6 верасня ў Панджшэрскай цясніне (Панджшэрскі павет, правінцыя Парван; цяпер правінцыя Панджшэр) афганскія паўстанцы паранілі каля 100 савецкіх ваенных. Цягам 1981 г. афганскія паўстанцы забілі 1298 савецкіх акупантаў, 28 савецкіх танкаў, 128 адзінак бранятэхнікі, 17 гарматаў і мінамётаў, 26 верталётаў і самалётаў.
Цягам 16—30 мая 1982 г. у Панджшэрскай цясніне 5 тыс. афганскіх маджахедаў забілі 93 і паранілі 343 савецкіх ваенных. 3 лістапада ў выніку дарожнага затору на перавале Саланг у тунэлі задыхнуліся 64 савецкія ваенныя і 112 грамадзянскіх афганцаў. Агулам цягам года афганскія паўстанцы забілі 1948 і паранілі 894 савецкіх ваеннаслужачых, знішчылі 17 савецкіх танкаў, 107 адзінак бранятэхнікі, 14 гармат і мінамётаў, 40 верталётаў і самалётаў.
У красавіку 1983 г. у Ніджрабскай цясніне (правінцыя Капіса) афганскія паўстанцы забілі 14 і паранілі 63 савецкіх ваенных. 16 мая ў Ганджагальскай цясніне (Сірканайскі павет , правінцыя Кунар) афганскія паўстанцы забілі 16 савецкіх ваенных 3-га батальёна 66-й мотастралковай брыгады. 10 ліпеня ў цясніне Куран-Мунджанскага павета (правінцыя Бадахшан) загінулі 12 савецкіх ваенных 1-га батальёна 860-га мотастралковага палка (Ош, Ошская вобласць, Кіргізская ССР). У ліпені 1983 г. афганскія паўстанцы пачалі аблогу Хоста (правінцы Хост), якую працягвалі да канца лістапада 1987 года. У жніўні пачалася аблога Ургуна (правінцыя Пактыка) 800 афганскімі маджахедамі, што доўжылася да 16 студзеня 1984 года. Цягам 1983 г. афганскія паўстанцы забілі 1446 і паранілі 945 савецкіх ваеннаслужачых, знішчылі 186 адзінак савецкай бранятэхнікі, 13 танкаў і 37 верталётаў і самалётаў.
16 студзеня 1984 г. над Ургунам афганскія паўстанцы ўпершыню збілі з перанаснога зенітна-ракетнага комплекса (ПЗРК) «Страла-2М» савецкі штурмавік Су-25. 11 красавіка ў Суробскім павеце (правінцыя Кабул) афганскія паўстанцы забілі 15 савецкіх ваенных 3-га батальёна 66-й мотастралковай брыгады. Цягам 19 красавіка — 4 мая ў Панджшэрскай цясніне афганскія паўстанцы забілі звыш 100 і паранілі 72 савецкіх ваенных 40-й арміі (Ташкент, Узбекская ССР). Цягам найбольш кровапралітнага ў вайне 1984 г. савецкая армія забілі каля 18 тыс. афганскіх паўстанцаў. Афганскія паўстанцы забілі 2343 і паранілі 1388 савецкіх ваенных, знішчылі 88 адзінак савецкай бранятэхнікі, 8 танкаў, 66 верталётаў і самалётаў.
Другі перыяд (1985—1987)
правіць21 красавіка 1985 г. у Мараварскай цясніне (правінцыя Кунар) афганскія маджахеды забілі 29 савецкіх ваенных 5-га батальёна 15-й брыгады спецыяльнага прызначэння ГРУ (пасёлак Азадбаш, Ташкенцкая вобласць, Узбекская ССР). Цягам 19 мая — 12 чэрвеня ў ходзе Кунарскай аперацыі савецкія войскі 40-й арміі забілі каля 4200 афганскіх паўстанцаў. У ноч на 12 чэрвеня на авіябазе ў Шындандзе (правінцыя Герат) афганскія паўстанцы знішчылі 19 і пашкодзілі 13 самалётаў. Цягам 13 ліпеня — 29 жніўня ў правінцыі Хост афганскія паўстанцы страцілі 2,4 тыс. чалавек забітымі. 17 кастрычніка каля ледавіка ў Шутульскай цясніне (Панджшэрскі павет) 17 савецкіх ваенных 682-га палка 108-й мотастралковай дывізіі памерлі ад пераахаладжэння. 22 снежня ў баі пад кішлаком Афрыдж (Бахарацкі павет , правінцыя Бадахшан) афганскія паўстанцы забілі 19 памежнікаў савецкай заставы. Цягам 1985 г. савецкія акупанты забілі каля 17 тыс. афганскіх паўстанцаў. Афганскія паўстанцы забілі 1886 і паранілі 1751 савецкага акупанта, знішчылі 185 адзінак савецкай бранятэхнікі, 18 танкаў, 66 верталётаў і самалётаў.
20 красавіка 1986 г. савецкія войскі часова захапілі паўстанцкую базу Джавара (правінцыя Хост), забіўшы цягам месяцавай аблогі 281 і параніўшы 363 афганскіх паўстанцаў. 17—18 чэрвеня ў баі пад гарой Яфсадж (Чальскі павет , правінцыя Тахар) афганскія паўстанцы забілі 21 і паранілі 40 савецкіх ваенных 783-га батальёна 201-й мотастралковай дывізіі. 25 верасня пад Джэлалабадам (правінцыя Нангархар) афганскія паўстанцы ўпершыню збілі з ПЗРК «Стынгер» 2 савецкія верталёты Мі-8 і Мі-24. Цягам 1986 г. афганскія паўстанцы забілі 1333 і паранілі 1311 савецкіх ваеннаслужачых, знішчылі 126 адзінак савецкай бранятэхнікі, 14 танкаў, 61 верталёт і самалёт.
У ноч на 9 красавіка 1987 г. у баі пад кішлаком Івалк (Маскоўскі раён , Кулябская вобласць, Таджыкская ССР) 22 савецкія памежнікі забілі 14 і паранілі 1 афганскага паўстанца. Цягам 17 красавіка — 13 чэрвеня 1987 г. у баі пад Джаджы (Джаджыйскі павет , правінцыя Пактыя) 200 савецкіх ваенных забілі каля 120 афганскіх маджахедаў. 31 кастрычніка ў баі пад кішлаком Дуры (правінцыя Забуль) савецкія ваенныя 7-га батальёна 22-й брыгады спецыяльнага прызначэння забілі 63 афганскіх паўстанцаў, страціўшы 12 чалавек забітымі. Цягам 1987 г. афганскія паўстанцы забілі 1215 і паранілі 1472 савецкіх ваеннаслужачых, знішчылі 128 адзінак савецкай бранятэхнікі, 7 танкаў, 68 верталётаў і самалётаў.
Трэці перыяд (1988—1989)
правіць14 красавіка 1988 г. у Жэневе (Швейцарыя) міністры замежных спраў Афганістану і Пакістану Абдул Вакіль і Сахабзада Якуб-Хан адпаведна падпісалі Пагадненне аб узаемасувязі для ўладжання датычнага Афганістана становішча, якое набыло моц 15 мая 1988 года. У якасці паручальнікаў Пагадненне падпісалі міністры замежных спраў ЗША і СССР Джордж Шульц і Эдуард Шэварнадзэ адпаведна. Пункт 5 Пагаднення прадугледжваў: «У адпаведнасці з тэрмінамі, ўзгодненымі між Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Рэспублікай Афганістан адбудзецца паступовы вывад замежных войскаў, што пачнецца ў згаданы вышэй дзень набыцця Пагадненнем моцы. Першую палову войскаў выведуць да 15 жніўня 1988 г., а вывад усіх войскаў скончыцца на працягу 9 месяцаў»[13].
24 чэрвеня 1988 г. афганскія маджахеды захапілі Майданшахр (цэнтр правінцыі Вардак). 4 жніўня ў памежнай мясцовасці правінцыі Хост пакістанскі самалёт-знішчальнік F-16 збіў савецкі штурмавік Су-25 з намеснікам камандзіра ВПС 40-й арміі Аляксандрам Руцкім, які ў выніку 9 жніўня трапіў у палон да афганскіх паўстанцаў. 7 жніўня афганскія паўстанцы захапілі Кундуз (цэнтр аднайменнай правінцыі). 8 жніўня — Талукан (цэнтр правінцыі Тахар). 10 жніўня ў Пулі-Хумры (цэнтр правінцыі Баглан) маджахеды падарвалі артылерыйскі склад, што прывяло да гібелі 6 савецкіх грамадзян, знішчэння 75 % будынкаў гарадка 395-га мотастралковага палка (штаб, 6 складоў, 19 жылых дамоў), усіх боепрыпасаў аб’ёмам да 1000 вагонаў і звыш 100 аўтамабіляў.
На 15 жніўня СССР вывеў з Афганістана 50,2 тыс. ваенных, пакінуўшы 50,1 тыс. салдат у 6 з 27 правінцый (Баглан, Балх, Герат, Кабул, Парван і Самарганец). У лістападзе афганскія паўстанцы цалкам захапілі 3 правінцыі (Баміян, Кунар і Пактыка). Да канца лістапада пад уладай баевікоў знаходзіліся звыш 21,7 тыс. (78 %) кішлакоў з 30 191, 199 (69 %) з 290 павятовых цэнтраў і 5 з 27 цэнтраў правінцый.
23—26 студзеня 1989 г. у правінцыях Баглан, Кундуз і Парван савецкія войскі 40-й арміі гарматнымі абстрэламі і паветранымі бамбаваннямі забілі 377 афганскіх маджахедаў і звыш 1000 грамадзянскіх асоб. 4 лютага савецкія войскі пакінулі Кабул. 15 лютага скончыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістану.
Абстаноўка пасля вываду войскаў
правіцьПасля сыходу савецкіх войскаў з Афганістана істотна ўскладнілася сітуацыя на савецка-афганскай мяжы: мелі месца абстрэлы тэрыторыі СССР, спробы пранікнення на тэрыторыю СССР (толькі ў 1989 годзе мелі месца каля 250 спроб пранікнення на тэрыторыю СССР), узброеныя напады на савецкіх памежнікаў, мініраванне савецкай тэрыторыі (у перыяд да 9 мая 1990 года памежнікамі былі знятыя 17 мін: брытанскія Mk.3, амерыканскія M-19, італьянскія TS-2,5 і TS-6,0)[14].
Тым часам узброены канфлікт працягваўся. У 1992 годзе маджахеды змаглі захапіць уладу ў краіне. Аднак у гэты час паўстаў «Паўночны альянс», які ўступіў у супрацьстаянне з новым урадам. У 2001 годзе, у сувязі з пачаткам ваеннай аперацыі ЗША і іх саюзнікаў, пачалася новая фаза канфлікту, якая працягваецца да гэтага часу.
Удзельнікі вайны з Беларусі
правіцьУ савецкай ваеннай кампаніі ў Афганістан узялі ўдзел 28 832 ураджэнцаў Беларусі (5 % ад 620 тыс. з СССР агулам), з якіх 771 (3 %) загінулі на вайне і больш за 1500 атрымалі раненні[15]. На 2014 г. у Беларусі засталося пражываць каля 27 тыс. удзельнікаў вайны ў складзе савецкага войска[16]. 15 лютага, дзень сканчэння Афганскай вайны, ў Беларусі адзначаецца як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Асвятленне ў савецкіх СМІ і стаўленне савецкага грамадства да вайны
правіцьАфганская вайна не выклікала ў простых савецкіх грамадзян выяўленай палітычнай рэакцыі: пры дрэнным веданні сітуацыі, пераважалі страх і немагчымасць ацаніць тое, што адбываецца. Асаблівую трывогу адчувалі сваякі мужчын прызыўнога ўзросту з-за асцярогі, што тыя будуць пасланыя ў ДРА з імітацыяй добраахвотнасці. Ад года да года, стаўленне да вайны станавілася ўсё больш насцярожана-адмоўным. Пры гэтым аб’ём звестак, які прадстаўляўся ў савецкіх СМІ, быў недастатковым для мерапрыемства такога маштабу і значнасці. Упор пастаянна рабіўся на слова «абмежаваны» ў дачыненні да ўведзенага кантынгента войскаў.
Ударам для вялікай часткі грамадзян стала шмат у чым звязаная з вайной у ДРА адмена адтэрміноўкі ад службы ў войску студэнтам дзённых аддзяленняў ВНУ СССР (рэальна студэнты сталі прызывацца з 1983 года з нарастаннем долі прызваных у 1985—1988 гадах, у 1989 годзе адтэрміноўка была адноўлена).
Памяць
правіцьПомнікі воінам-афганцам ёсць у многіх гарадах былога Савецкага Саюза.
-
Абеліск загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў, Краснагорск
-
Помнік воінам-афганцам, Ціраспаль
-
Помнік воінам-афганцам, Чарнаморск
-
Манумент памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Усць-Каменагорск
-
Помнік загінулым у Афганістане і іншых лакальных войнах, Хмяльніцкі
Зноскі
- ↑ India to Provide Aid to Government in Afghanistan – NYTimes.com, March 7, 1989
- ↑ Ruud van Dijk,William Glenn Gray,Svetlana Savranskaya,Jeremi Suri,Qiang Zhai, Encyclopedia of the Cold War, p. 433
- ↑ Afghanistan- Aid, Armies and Empires: Aid, Armies and Empires - Peter Marsden - Google Books . Books.google.com (30 студзеня 2009). Праверана 19 студзеня 2018.
- ↑ а б в г д у т.л. навучальныя лагеры для баявікоў
- ↑ „Operation Sommerregen“: BND-Agenten waren im Afghanistan-Krieg gegen die Sowjets aktiv - Afghanistan - FOCUS Online - Nachrichten
- ↑ Афіцыйныя даныя пра савецкія страты ў Афганістане
- ↑ Класавая барацьба ў афганскім грамадстве у 2-й пал. XX стагоддзя
- ↑ 40-я армія, колькасць якой у розны час вагалася ад 100 да 120 тыс. салдат і афіцэраў. Усяго ж савецкія і афганскія ўзброеныя сілы (з улікам вайсковых падраздзяленняў усіх сілавых структур) не перавышалі 300 тыс. Гл. Валентин Ютов. Каскадёры // «НВО», 22.09.2000.
- ↑ Никитенко Е. Г. Афганистан: От войны 80-х до прогноза новых войн. — М.: Астрель; АСТ, 2004. — ISBN 5-17-018154-X, 5-271-07363-7 — С. 94, 110.
- ↑ [1] Страты ў вайне 1979—1989 гг.
- ↑ Antonio Giustozzi. War, politics and society in Afghanistan, 1978–1992. — Hurst, 2000. — ISBN 1-85065-396-8.
Арыгінальны тэкст (англ.)
A tentative estimate for total mujahideen losses in 1980-02 may be in the 150–180,000 range, with maybe half of them killed.
- ↑ Сымон Свістуновіч. Закладнікі часу // Звязда : газета. — 28 кастрычніка 2011. — № 206 (27070). — С. 7. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
- ↑ Пагадненне аб узаемасувязі для ўладжання датычнага Афганістана становішча (англ.). Універсітэт Карнегі і Мелана (6 снежня 2012). Праверана 31 кастрычніка 2015.(недаступная спасылка)
- ↑ капитан В. Филин. Стой, кто идёт? Уже больше года, как наши войска ушли из Афганистана. Но на советско-афганской границе по-прежнему неспокойно // «Комсомольская правда» от 9 мая 1990. стр.3
- ↑ Истории белорусских афганцев: ради чего шли и что из этого вышло Архівавана 13 ліпеня 2019. — TUT.by, 15 февраля 2013
- ↑ Да 25-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана . Беларускае тэлеграфнае агенцтва (20 сакавіка 2014). Праверана 31 кастрычніка 2015.(недаступная спасылка)
Спасылкі
правіцьАфганская вайна (1979—1989) на Вікісховішчы |
- Статьи по истории войны
- Как ЦРУ планировала вооружённые нападения на территорию СССР Архівавана 12 верасня 2008. (англ.)
- А. Остальский. Афганский симптом
- Стодеревский И. Ю. Автобиография (Записки офицера спецназа ГРУ)
- Части и соединения, входившие в состав 40-й армии (Ограниченного контингента советских войск в Республике Афганистан) в период с 1979 по 1989 гг.
- Оригиналы секретных документов Политбюро и ЦК КПСС, связанные с вводом советских войск и военными действиями в Афганистане Архівавана 26 красавіка 2007.
- Особенности разведывательно-боевой деятельности частей и подразделений специальной разведки в условиях Афганистана Архівавана 4 сакавіка 2016.