Ахова птушак Бацькаўшчыны

беларуская прыродаахоўная недзяржаўная некамерцыйная грамадская арганізацыя

Ахо́ва пту́шак Ба́цькаўшчыны, скарочана АПБ — беларуская прыродаахоўная недзяржаўная некамерцыйная грамадская арганізацыя. Першапачаткова пачаўшы з вырашэння праблем арніталогіі і непасрэдна аховы птушак, за часы свайго існавання развілася ў буйное грамадскае аб’яднанне, якое займаецца шырокім спектрам мясцовых і глабальных экалагічных праблем і працуе дзеля захавання разнастайнасці відаў і экасістэм у Беларусі шляхам далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды.

Ахова птушак Бацькаўшчыны
Тып грамадская арганізацыя
Год заснавання 29 сакавіка 1985 г.
Размяшчэнне 220114, вул. Парніковая 11, пак. 4, Мінск, Беларусь
Сфера дзейнасці ахова прыроды
Колькасць членаў каля 3000
Вэб-сайт ptushki.org
Дата ліквідацыі 2021

Датай стварэння АПБ прыняца лічыць 29 сакавіка 1985 года, калі адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага аддзялення Усесаюзнага арніталагічнага таварыства СССР, пераемнікам якога з цягам часу стала Ахова птушак Бацькаўшчыны. Гэты факт робіць АПБ найстарэйшай дзеючай прыродаахоўнай арганізацыяй Беларусі пасля Беларускага таварыства аховы прыроды.

Гісторыя правіць

29 сакавіка 1985 г. было створана Беларускае аддзяленне Усесаюзнага арніталагічнага таварыства Савецкага Саюза. Яно аб’ядноўвала не толькі прафесійных арнітолагаў, але і аматараў. Першым старшынёй арганізацыі быў абраны доктар біялагічных навук Міхаіл Долбік, які ўзначальваў групу арніталогіі Інстытута заалогіі Акадэміі навук БССР. На пасадзе старшыні яго змяніў выкладчык кафедры заалогіі БДУ Леанід Шкляроў.

21 студзеня 1992 г., паколькі Беларусь атрымала незалежнасць, у Мінску адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага арніталагічнага таварыства (БАТ). На з’ездзе прысутнічалі 40 дэлегатаў. Прэзідэнтам БАТ быў абраны Леанід Шкляроў, віцэ-прэзідэнтам — Міхаіл Нікіфараў, вучоным сакратаром — Ірына Самусенка, членамі Прэзідыума — Васіль Грычык і Барыс Ямінскі. У склад Рэспубліканскага Савета (усяго 15 чалавек), акрамя названых вышэй членаў Прэзідыума, увайшлі Віктар Бірукоў, Ігар Бышнёў, Юрый Вязовіч, Анатоль Дарафееў, Уладзімір Дучыц, Уладзімір Іваноўскі, Надзея Малюціна, Таццяна Паўлюшчык (скарбнік), Алег Рудамётаў, Аляксей Цішачкін. Членамі Рэвізійнай камісіі былі абраныя Леанід Бурко, Уладзімір Байдакоў і Алег Парэйка. Дэлегаты з’езда адзінадушна вырашылі і прагаласавалі за прысваенне таварыству імя Анатоля Фядзюшына — выдатнага даследчыка фаўны Беларусі.

14 верасня 1992 г. таварыства было зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь (было выдадзена пасведчанне № 412) як грамадская арганізацыя, прымаючая актыўны ўдзел у развіцці ў Рэспубліцы Беларусь арніталагічных работ, аб’яднанні арнітолагаў (вучоных і аматараў) для вырашэння задач у вывучэнні і ахове птушак.

БАТ налічвала ў 1990-я гады каля 100 членаў.

У 1993 г. у Гродне было створана Заходне-Беларускае таварыства аховы птушак (ЗБТАП), у склад якога ўваходзілі каля 60 членаў амаль з усіх абласцей Беларусі.

10 красавіка 1998 г. сябры БАТ і ЗБТАП вырашылі аб’яднацца ў адзіную арганізацыю з назвай «Ахова птушак Беларусі». У той жа дзень адбыўся ўстаноўчы з’езд новай арганізацыі са статусам рэспубліканскага таварыства. У 1999 годзе ў АПБ з’явіліся першыя штатныя супрацоўнікі.

У 2006 г. АПБ была вымушана змяніць назву на «Ахова птушак Бацькаўшчыны», пад якой працуе і дагэтуль.

Грамадская арганізацыя была афіцыйна ліквідаваная восенню 2021 года на патрабаванне Мінюста, бо, на яго думку, «пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак АПБ ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць». Тады ж быў арыштаваны і былы дырэктар «АПБ», вучоны-арнітолаг Віктар Фянчук.

Прадмет, місія, мэты, задачы дзейнасці правіць

Прадметам дзейнасці АПБ з’яўляецца экалагічная дзейнасць.

Місія АПБ — захаваць птушак і біяразнастайнасць дзікай прыроды, аб’ядноўваючы дзеля гэтага людзей.

Асноўнымі мэтамі АПБ з’яўляюцца:

  • захаванне біялагічнай разнастайнасці;
  • заахвочванне насельніцтва да актыўнай аховы прыроды.

Задачы АПБ:

  • вывучэнне і захаванне біяразнастайнасці, асабліва разнастайнасці дзікіх птушак;
  • выяўленне, вывучэнне, захаванне і (пры неабходнасці) аднаўленне прыродных тэрыторый, важных для захавання біяразнастайнасці, асабліва для дзікіх птушак;
  • захаванне прыродных экасістэм;
  • заахвочванне насельніцтва да практычных дзеянняў па захаванні біяразнастайнасці, у асаблівасці дзікіх птушак і прыродных тэрыторый, павышэнне экалагічнай свядомасці насельніцтва;
  • садзейнічанне ўстойліваму выкарыстанню прыродных рэсурсаў.

Структура і выбарныя органы правіць

З’езд з’яўляецца найвышэйшым органам АПБ, які склікаецца адзін раз на кожны каляндарны год. Ён:

  • зацвярджае Стратэгію развіцця на наступны перыяд і асноўныя кірункі дзейнасці АПБ на год, разглядае і зацвярджае змены і дапаўненні ў Статут АПБ;
  • абірае Старшыню, сяброў Цэнтральнага савета (ЦС) і Рэвізійнай камісіі (РК) тэрмінам на тры гады;
  • заслухоўвае і зацвярджае справаздачу ЦС, фінансавую справаздачу за год Дырэктара, справаздачу РК, прымае па іх рашэнні;
  • зацвярджае ці адмяняе (пры неабходнасці) рашэнні ЦС.

Цэнтральны савет (ЦС) кіруе працай арганізацыі ў перыяд паміж з’ездамі. Старшынёй ЦС і адначасова найвышэйшай службовай асобай АПБ з’яўляецца Старшыня АПБ. Пытанні, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі ЦС:

  • распрацоўка асноўных кірункаў дзейнасці АПБ;
  • разгляд і зацвярджэнне гадавой тэхнічнай справаздачы Дырэктара, бюджэту, гадавога балансу і гадавой фінансавай справаздачы Дырэктара;
  • унясенне ў Статут змяненняў і дапаўненняў у сувязі са змяненнем юрыдычнага адраса або заканадаўства;
  • стварэнне і ліквідацыя мясцовых аддзяленняў як з правамі юрыдычнай асобы, так і без іх, стварэнне і ліквідацыя рабочых груп, клубаў сяброў АПБ;
  • прыняцце любых іншых рашэнняў, якія не адносяцца да кампетэнцыі З’езда.

Сакратарыят з’яўляецца выканаўчым органам АПБ, працай якога і ўвогуле арганізацыі кіруе Дырэктар.

Рэвізійная камісія з’яўляецца кантрольным органам АПБ, які абіраецца З’ездам тэрмінам на тры гады і рыхтуе справаздачы толькі для З’езда. Яна:

  • ажыццяўляе кантроль над фінансава-гаспадарчай дзейнасцю АПБ, яе арганізацыйных структур і камерцыйных арганізацый, таксама і з долевым удзелам;
  • разглядае гадавыя справаздачы ЦС, бюджэт, баланс, уносіць свае папраўкі і заўвагі, ажыццяўляе кантроль над вядзеннем дакументацыі арганізацыі;
  • мае права патрабаваць ад кіраўнікоў, сяброў, супрацоўнікаў АПБ любыя дакументы, якія маюць дачыненне да фінансавай дзейнасці арганізацыі.

Мясцовыя аддзяленні правіць

Па стане на канец красавіка 2017 года Ахова птушак Бацькаўшчыны мела 18 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне: ад абласных да раённых цэнтраў. Мясцовыя аддзяленні АПБ удзельнічаюць не толькі ў глабальных ініцыятывах арганізацыі, але і таксама вырашаюць мясцовыя прыродаахоўныя праблемы. Усе аддзяленні аб’ядноўвае тое, што на іх тэрыторыі праводзіцца навукова-асветніцкая праца з насельніцтвам, пераважна са школьнікамі. Існуюць:

  • Барысаўскае раённае аддзяленне;
  • Брэсцкае абласное аддзяленне;
  • Віцебскае гарадское аддзяленне;
  • Гомельскае рэгіянальнае аддзяленне;
  • Гродзенскае абласное аддзяленне;
  • Жыткавіцкае раённае аддзяленне;
  • Іванаўскае раённае аддзяленне;
  • Лунінецкае раённае аддзяленне;
  • Мазырскае раённае аддзяленне;
  • Мінскае гарадское аддзяленне;
  • Мядзельскае раённае аддзяленне;
  • Навагрудскае раённае аддзяленне;
  • Сенненскае раённае аддзяленне;
  • Слонімскае раённае аддзяленне;
  • Слуцкае раённае аддзяленне;
  • Чавускае раённае аддзяленне;
  • Шумілінскае раённае аддзяленне.