Аўстралоідная раса

Вялікая аўстралоідная раса — адна з чатырох вялікіх чалавечых рас. Пашырана пераважна ў Аўстраліі, Акіяніі, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі. Да яе адносяць каля 4 % жыхароў Зямлі[1].

Меланезійцы

Этымалогія

правіць

Упершыню аўстралоідная раса была вылучана як самастойная брытанскім эвалюцыяністам Томасам Гекслі ў яго працы «Аб геаграфічным размеркаванні галоўных мадыфікацый чалавецтва» (1870 г.)[2]. Класічнымі аўстралоідамі ён лічыў абарыгенаў Аўстраліі, адкуль і паходзіць назва.

Паходжанне

правіць

У 1923 г. амерыканскі даследчык Роланд Дыксан высунуў тэорыю протааўстралоідаў, паводле якой прамыя продкі аўстралоідаў былі першымі прадстаўнікамі Homo Sapiens Sapiens, што пакінулі Афрыку і захавалі многія старажытныя рысы, у тым ліку цёмны колер скуры, высунутыя наперад сківіцы і моцнае надброўе. Пасля доўгай вандроўкі яны засялілі Паўднёвую і Паўднёва-Усходнюю Азію, Аўстралію і Меланезію[3]. Пазней у Азіі яны былі ў значнай ступені асіміляваны прышлымі прадстаўнікамі еўрапеоіднай і мангалоіднай рас.

У XX ст. і XXI ст. тэорыя протааўстралоідаў працягвала развівацца і знаходзіла шматлікія пацверджанні. Вучоныя высветлілі, што многія фізічныя аўстралоідныя рысы характэрны для дравідаў Індыі, народаў Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўднёвага Кітая, айнаў, японцаў. Раскопкі на востраве Балі ў Інданезіі паказалі, што па меры павелічэння старажытнасці знойдзеных чалавечых рэштак там назіралася тэндэнцыя да «аўстралізацыі»[4]. Бразільскія біёлагі на аснове даследавання старажытнага жаночага чэрапа сцвярджаюць, што протааўстралоіды склалі першую хвалю мігрантаў, якія засялілі Амерыку[5]. Паводле класіфікацыі Я. Рагінскага, аўстралоіды разам з негроідамі складаюць адзіную экватарыяльную расу[6].

Аднак тэорыя протааўстралоідаў як першасных выхадцаў з Афрыкі мае сваіх крытыкаў. Прычым у апошнія дзесяцігоддзі яны абапіраюцца на даследаванні генетыкаў, якія сцвярджаюць, што аўстралоіды генетычна найбольш аддалены ад чарнаскурага насельніцтва Афрыкі, а аўстралоіды Азіі і Акіяніі больш блізкія да мангалоідных народаў[7][8][9]. Такім чынам, крытыкі лічаць, што быццам бы старажытныя фізічныя рысы сучасных аўстралоідаў не былі запазычаны ў далёкіх продкаў, а набываліся ўжо ў месцах рассялення ў Азіі, Акіяніі і Аўстраліі ў выніку прыстасавання да канкрэтных экалагічных умоў. У 2010 г. былі апублікаваны вынікі даследавання ДНК дзянісаўскага чалавека[10][11]. Яны дэманструюць, што папуасы, абарыгены Аўстраліі і некаторыя жыхары астравоў Паўднёва-Усходняй Азіі — носьбіты генаў дзянісаўцаў.

Характэрныя рысы

правіць
 
Абарыгены Заходняй Аўстраліі, 1916 г.

Сучасныя антраполагі вылучаюць наступныя рысы аўстралоідаў[12]:

  • Чэрап бывае вельмі масіўны, з моцна развітымі надброўнымі дугамі і моцнымі сківіцамі. Ніжняя сківіца выступае наперад. Амаль адсутнічае падбародкавы выступ.
  • Даўжыня цела сярэдняя і вышэй сярэдняй. Корпус кароткі, канечнасці доўгія. Грудная клетка і яе мышцы развітыя вельмі добра. Шыя караткаватая.
  • Колер скуры цёмны.
  • Колер валасоў — ад карычневых да чорных. Валасы на канцах маюць тэндэнцыю «выгараць» (станавіцца святлейшымі). У некаторых груп аўстралійскіх абарыгенаў сустракаюцца дзеці са светлымі валасамі, але з узростам яны цямнеюць. Форма валасоў вар’іруецца, можа быць хвалепадобнай, з пасмамі, радзей кудлатая. Валасяны покрыў на твары развіты добра, на целе ўмерана.
  • Вочы моцна пігментаваныя. Вачніцы вялікія, але вочны яблык пасаджаны вельмі глыбока.
  • Нос вельмі шырокі ў крылах, мае вельмі нізкае пераноссе.
  • Вусны сярэдняй таўшчыні.

Унутраныя варыяцыі

правіць

Вывучэнне абарыгенаў Аўстраліі паказала, што, нягледзячы на іх доўгатэрміновае жыццё ў ізаляцыі ад іншых чалавечых папуляцый і адсутнасць значных перашкодаў для кантактаў і міграцый на тэрыторыі аўстралійскага кантынента, іх фізічныя рысы вельмі зменлівы. Так, амерыканскі даследчык Джозэф Бёрдсел вылучыў некалькі фізічных тыпаў:

  • Барыноідны тып прадстаўлены сярод насельнікаў трапічных дажджавых лясоў Квінслэнда. Ён адрозніваецца нізкім ростам (у сярэднім 157,85 см), даволі цёмнымі скурай і вачыма, вялікай колькасцю тых, хто мае кудлатыя валасы, слабым ростам барады і валасоў на целе, маленькімі зубамі, мінімальным для Аўстраліі нахілам і шырынёй ілба, нізкім і вузкім тварам, малым носам. Надброўны валік сустракаецца часта, але ў параўнанні з іншымі аўстралійскімі групамі надброўе развіта слабей. Пры нізкім росце прадстаўнікі барыноіднага тыпу маюць доўгія канечнасці.
  • Карпентарыйскі тып распаўсюджаны на поўначы Аўстраліі. Ён адрозніваецца самым цёмным колерам скуры ў Аўстраліі, самым высокім ростам і вузкім целаскладам, самым выпуклым падоўжным носам. Галава карпентарыйцаў самая кароткая і самая вузкая ва ўсёй Аўстраліі, лоб сярэдненахілены. Пры гэтым назіраюцца моцныя ўнутраныя адрозненні нават сярод тубыльцаў заходняй і ўсходняй акраін заліва Карпентарыя.
  • Мюрэйскі тып характэрны для Паўднёвай Аўстраліі. У яго прадстаўнікоў самы светлы колер скуры і вачэй, самыя слаба хвалістыя валасы, наймацнейшы рост барады і вусоў, самыя вялікія зубы, прамы профіль спінкі носу, вялікая галава.

Абарыгены Цэнтральнай Аўстраліі маюць вельмі высокі рост, чэрап сярэдняй па аўстралійскім маштабе даўжыні, вельмі вузкі лоб, вузкі твар з шырокім носам. Іх адметная рыса — светлыя валасы, асабліва ў дзяцей і дзяўчын. Абарыгены Заходняй Аўстраліі маюць сярэднедоўгі і нізкі чэрап, моцны надброўны рэльеф і вельмі нізкія для Аўстраліі твар і нос[13]. Абарыгены Тасманіі, якія доўгі час развіваліся ізалявана ад аўстралійскіх суседзяў, мелі кудлатыя валасы, шырокі твар, вялікую галаву з цемянным узняццем, плоскі нос з шырокім пераноссем і шырокімі ноздрамі, падоўжаныя наперад сківіцы і вялікія зубы[14]. Цікава, што шчыльнасць карэннага насельніцтва Тасманіі была нізкай, але і тасманійцы мелі ўнутраныя фізічныя адрозненні. Жыхары Паўднёвай Тасманіі былі больш светлымі, чым абарыгены поўначы[15].

Антраполагі асобна вылучаюць малую меланезійскую расу, прадстаўнікі якой насяляюць Папуасію і Меланезію, а таксама малую ведоідную расу, характэрную для Паўднёвай Індыі і Шры-Ланкі. Меланезійцы маюць меншы ў параўнанні з аўстралійцамі рост, кудлатыя валасы і рэдкі валасяны покрыў на целе. Ведоіды невысокія, з вузкім носам і ўмерана выцягнутымі сківіцамі, хвалістымі валасамі. Блізкімі па фізічных характарыстыках да ведоідаў з’яўляюцца негрытосы Паўднёва-Усходняй Азіі і Андаманскіх астравоў.

Зноскі

правіць
  1. THE ORIGIN OF HUMAN “RACES” AND BLOOD GROUPS Архівавана 4 сакавіка 2016.
  2. Thomas Huxley, On the Geographical Distribution of the Chief Modifications of Mankind
  3. Roland Burrage Dixon, The Racial History of Man. — Scribner, 1923.
  4. Александр Зубов, К каким расовым типам относились первые колонизаторы Америки?
  5. Австралоиды, возможно, были первыми людьми в Америке
  6. Хомутов А. Е. Антропология. — Ростов н/Д: «Феникс», изд. 3-е, 2004. С. 282.
  7. Станислав Дробышевский, Родственны ли австралийцы негроидам?
  8. The Genetic Origins of the Andaman Islanders
  9. Geographic Variation in Human Mitochondrial DNA from Papua New Guinea
  10. Katherine Harmon, New DNA analysis shows ancient humans interbred with Denisovans
  11. CARL ZIMMER, Siberian Fossils Were Neanderthals’ Eastern Cousins, DNA Reveals
  12. Апісанне даецца згодна з: Хрисанфова Е. Н. Антропология: учебник / Е. Н. Хрисанфова, И. В. Перевозчиков. — 4-е изд. — М.: Изд-во Моск. ун-та: Наука, 2005. — С. 283; Caroline Wilkenson. Forensic Facial Reconstruction. — Cambridge University Press, 2004.
  13. Станислав Дробышевский, Насколько разнообразны австралийцы?
  14. Peter John Roberts-Thomson, A book collector’s notes on the Tasmanian Aborigines. An account of the early books which tell the story of the Tasmanian Aborigines(недаступная спасылка). P. 11.
  15. tasmanianaboriginal.com.au

Спасылкі

правіць