Аляксандр Валер’евіч Тарайкоўскі

удзельнік пратэстаў, які загінуў у Мінску
(Пасля перасылкі з А. В. Тарайкоўскі)

Аляксандр Валер’евіч Тарайкоўскі (26 сакавіка 1986 — 10 жніўня 2020, Мінск) — беларускі прадпрымальнік, загінулы ўдзельнік пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Ён быў застрэлены ва ўпор супрацоўнікамі спецпадраздзялення 10 жніўня 2020 года ў Мінску, у той час урадавыя СМІ спрабавалі прадставіць інцыдэнт як тое, што адбылося з-за ягонай неасцярожнасці[1].

Аляксандр Валер’евіч Тарайкоўскі
Род дзейнасці прадпрымальнік, слесар, таксіст
Дата нараджэння 26 сакавіка 1986(1986-03-26)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 жніўня 2020(2020-08-10) (34 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Узнагароды і прэміі
Медаль Ордэна Пагоні
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфічныя звесткі правіць

Аляксандр Тарайкоўскі быў прадпрымальнікам, рабіў аўтамабільныя шторкі, меў свой сайт hober.by[2].

Быў прысуджаны да 7 гадоў зняволення за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія выклікалі смерць. Па словах жонкі, ён заступіўся за маці, якую збіў сужыцель. Адбыў увесь тэрмін зняволення[3].

Гібель правіць

Аляксандр Тарайкоўскі загінуў 10 жніўня 2020 года каля 23:00 побач станцыі метро «Пушкінская» ў Мінску. Мікалай Карпянкоў, начальнік ГУБАЗіК, у апублікаваным у студзені 2021 года восеньскім аўдыёзапісы пацвердзіць, што Тарайкоўскі быў забіты стрэламі яго падначаленых[4] (2 лютага 2021 года TUT.BY атрымаў вынікі фанаскапічнай экспертызы запісу, апублікаванага BYPOL, у якім гаворка ідзе ў тым ліку і пра забойства Аляксандра Тарайкоўскага; экспертыза пацвердзіла, што голас на запісе належыць Мікалаю Карпянкову, і не выявіла прыкметаў мантажу[5]).

Напярэдадні, 9 жніўня, сілы спэцыяльнага рэагавання — АМАП, «Алмаз» і іншыя — стралялі ў людзей траўматычнымі кулямі, у горадзе былі выбухі святлашумавых гранат. Але, нягледзячы на гэта, людзі выйшлі і 10 жніўня.

Увечары 10 жніўня калона маніфестантаў рухалася з боку метро «Пушкінская». У раёне моста на Кальварыйскай яны даведаліся, што па другі бок чакае «Алмаз», таму развярнуліся і зноўку пайшлі на Пушкінскую. Там сабралася прыблізна тры тысячы чалавек. Людзі стаялі на скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага, усярэдзіне кола, са сцягамі, скандавалі. Кіроўцы аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў зрабілі затор, каб сілавікі не змаглі праехаць. Аднак «Алмаз» і, як потым пісалі СМІ, спецпрызначэнцы КДБ прыйшлі па ходніку, з боку вуліцы Кальварыйскай. Людзі сталі разбягацца, пачалася паніка, кіроўцы пачалі з’яжджаць. На плошчы засталося каля 20 маніфестантаў, сілавікі пачалі выкарыстоўваць святлошумавыя гранаты.

Каля поўначы МУС апублікавала афіцыйную заяву: «У ходзе масавых беспарадкаў у Мінску на вул. Прытыцкага, натоўп будаваў барыкады для блакавання руху. У ходзе супрацьстаяння са спецназам, які прыбыў для дэблакавання плошчы, адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём»[6].

Апублікавана відэа меркаванага забойства маніфестанта[7]. На кадрах бачна, што Аляксандр Тарайкоўскі быў у шортах, у майцы, з пустымі рукамі. Такім чынам, версія МУС, быццам ён падарваўся на самаробнай выбуховай прыладзе, абвяргаецца. Аляксандр, які рухаўся ў бок сілавікоў, падняў рукі ўгору, і ў гэты момант паўз яго праляцела святлошумавая граната, але не зачапіла яго. А калі ён прайшоў яшчэ два метры ўперад, у яго стрэлілі, пасля чаго ён пачаў хіліцца і падаць, таксама ў яго быў яшчэ адзін стрэл, з іншага боку[8].

Праз некалькі дзён па забойстве Тарайкоўскага выйшла расследаванне «The Insider  (руск.)», у якім аўтары паводле відэаздымкаў зрабілі выснову, што забойства здзейсніў адзін з байцоў спецыяльных падраздзяленняў «Алмаз» альбо «Альфа»[9]. Як заўважыў былы намеснік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падраздзялення МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар, страляў у Аляксандра Тарайкоўскага супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі ад 50 метраў, пры тым што да ахвяры было значна бліжэй[10].

На працягу месяца з дня гібелі Аляксандра Тарайкоўскага крымінальную справу так і не завялі.

21 снежня 2020 года прадстаўнік грамадскай ініцыятывы «Беларускі народны трыбунал  (бел. (тар.))» Ігар Макар апублікаваў матэрыялы папярэдняга расследавання. У іх сцвярджаецца, што Аляксандр Тарайкоўскі быў забіты супрацоўнікам СПБТ «Алмаз» Каровіным Мікітам Юр’евічам 1993 г.н. пры саўдзеле іншых не ўстаноўленых супрацоўнікаў СПБТ «Алмаз»[11], а выстрал у вобласць сэрца зроблены самазарадным ружжом Сайга-12К[12].

Пахаванне правіць

 
Мітынг памяці Аляксандра Тарайкоўскага, метро «Пушкінская», Мінск, 15 жніўня 2020

Удзень 15 жніўня 2020 года ў Мінску побач станцыі метро «Пушкінская» сабраліся тысячы беларусаў, каб развітацца з загінулым 10 жніўня 2020 года 34-гадовым дэманстрантам Аляксандрам Тарайкоўскім. Людзі скандавалі «Трыбунал», іх падтрымлівалі аўтамабілісты гукам клаксонаў[13]. Ушанаваць памяць загінулага «народнага героя Беларусі»[14] прыйшлі вядомы спявак Макс Корж і Марыя Калеснікава, прадстаўніца штаба былога прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі[15]. Каля рытуальнай залы, куды прасілі прыходзіць толькі сваякоў і знаёмых, з Тарайкоўскім развітваліся сотні людзей з кветкамі і сцягамі. Калі з залы вынеслі труну, людзі сталі на калені. Аляксандра праводзілі з словамі «Слава герою» і «Жыве Беларусь!», а затым выканалі гімн «Магутны Божа»[16].

У гэты ж дзень Аляксандра Тарайкоўскага пахавалі на Заходніх могілках Мінска.

Ушанаванне памяці правіць

На месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ўзнік народны мемарыял, які адразу ж улады паспрабавалі знішчыць, але людзі яго аднаўлялі.

Раніцай 11 жніўня 2020 года каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, узнік стыхійны мемарыял. Уначы з 11 на 12 і з 12 на 13 жніўня мемарыял знішчалі камунальныя службы. 13 жніўня паслы краін ЕС, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза, прадстаўнікі пасольства ЗША і іншых краін усклалі кветкі да стыхійнага мемарыяла на Пушкінскай паблізу месца, дзе загінуў Аляксандр[17].

Улады змагаліся з мемарыялам, прыбіралі кветкі, вялікі надпіс «Не забудзем» то засыпалі пяском, то зафарбоўвалі, але і кветкі, і надпіс з’яўляліся зноў.

24 лістапада 2022 года Тарайкоўскі быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[18]

Рэакцыя правіць

17 верасня 2020 года Еўрапейскі парламент у сваёй рэзалюцыі, ухваленай абсалютнай большасцю дэпутатаў, заклікаў да правядзення «незалежнага і эфектыўнага расследавання» звязанай з пратэстамі смерці Аляксандра Тарайкоўскага[19].

19 лістапада 2020 года амбасадар ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе Джым Гілмар  (укр.) выступіў з заявай адносна трохмесячнага прыпынення расследавання смерці Аляксандра Тарайкоўскага, назваўшы яго яшчэ адной прыкметай «беспакаранасці, з якой беларускія сілы бяспекі працягваюць жорсткае падаўленне мірных дэманстрантаў»[20]. 26 лістапада 2020 года Еўрапейскі парламент у сваёй рэзалюцыі, ухваленай абсалютнай большасцю дэпутатаў, заклікаў да «хуткага, дбайнага, бесстаронняга і незалежнага расследавання» забойстваў падчас пратэстаў у Беларусі, у тым ліку Аляксандра Тарайкоўскага[21].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Заключэнне экспертаў і аналітыкаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (6 мая 2021). — «За два дні да здарэння ў г. Мінску супрацоўнікам спецпадраздзялення быў застрэлены ва ўпор Аляксандр Тарайкоўскі; яго гібель афіцыйныя СМІ спрабавалі прадставіць як тое, што адбылося па яго ўласнай неасцярожнасці.»  Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2021. Праверана 8 мая 2021.
  2. Сергей Козловский. «Он делал всё ради семьи и пошёл на митинг из-за этого». Что говорят близкие протестующего, который погиб в Минске. Русская служба Би-би-си (14 жніўня 2020). Праверана 8 верасня 2020.
  3. Александра Дынько. «Ён мусіў жыць». Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў на Пушкінскай падчас разгону, сям’я шукала двое сутак. Беларуская служба Радыё «Свабода» (13 жніўня 2020)
  4. «Сказано сделать лагерь для отселения особо острокопытных». BYPOL опубликовал запись голоса, похожего на Карпенкова (руск.). TUT.BY (15 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2021. Праверана 15 студзеня 2021.
  5. Кто говорил про «лагерь для острокопытных» на слитой аудиозаписи? Мы получили результаты экспертизы (руск.). TUT.BY (2 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2021. Праверана 2 лютага 2021.
  6. nashaniva.by
  7. Момент предполагаемого убийства белоруса силовиками показали на видео
  8. svabod1.azureedge.net Радыё Свабода Архівавана 12 лістапада 2020.
  9. Виктория Пономарева. CIT: К убийству протестующего в Минске могут быть причастны бойцы «Альфа» или «Алмаз» (руск.). The Insider  (руск.) (14 жніўня 2020). Праверана 28-1-2021.
  10. Радыё Свабода Архівавана 12 лістапада 2020.
  11. Справа Тарайковского. Справаздача па результа папярэдняга расследавання. Архівавана 21 снежня 2020. (21.12.2020, Беларускі народны трыбунал  (бел. (тар.)))
  12. Беларуский Народный Трибунал. Дело Тарайковского. Отчет по результам предварительного расследования (руск.)(недаступная спасылка). Беларускі народны трыбунал  (бел. (тар.)). Архівавана з першакрыніцы 21 снежня 2020. Праверана 28-1-2021.
  13. Минчане пришли проститься с погибшим во время протестов
  14. Как в Минске прощаются с народным Героем Беларуси
  15. Тысячы беларусаў развітваюцца з Аляксандрам Тарайкоўскім — дэманстрантам, застрэленым падчас пратэстаў супраць дыктатуры ФОТЫ
  16. «Он всегда был за правду». В Минске прощаются с Александром Тарайковским, который погиб на акции протеста
  17. Послы стран ЕС возложили цветы на Пушкинской, к месту, где погиб участник протестов Архівавана 1 кастрычніка 2020.
  18. Рада БНР абвяшчае пра абнаўленьне Статуту Ордэна Пагоні і заснаваньне Мэдаля Ордэну Пагоні
  19. Европарламент принял резолюцию по Беларуси и вмешательству России (руск.). Міжнароднае французскае радыё (17 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2020. Праверана 17 лютага 2021.
  20. On Human Rights Violations in Belarus (англ.). Пасольства ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе  (англ.) (19 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2020. Праверана 26 лістапада 2020.
  21. Санкции, международное расследование преступлений. Европарламент принял новую резолюцию по Беларуси (руск.). TUT.BY (26 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2020. Праверана 26 лістапада 2020.

Спасылкі правіць