Аляксей Міхайлавіч Літвін
Аляксей Міхайлавіч Літвін (нар. 12 студзеня 1951, Семігосцічы, Давыд-Гарадоцкі раён, Пінская вобласць) — беларускі гісторык, прафесар. Доктар гістарычных навук.
Аляксей Міхайлавіч Літвін | |
---|---|
Дата нараджэння | 12 студзеня 1951 (73 гады) ці 1951[1] |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Бацька | Міхаіл Іванавіч |
Маці | Марыя Адамаўна |
Род дзейнасці | гісторык |
Навуковая сфера | гісторыя[2] і ваенная гісторыя[d][2] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар гістарычных навук (2000) |
Альма-матар | |
Член у | |
Узнагароды |
Біяграфічны нарыс
правіцьАляксей Міхайлавіч Літвін нарадзіўся 12 студзеня 1951 года ў Семігосцічах Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька, Міхаіл Іванавіч, працаваў бакеншчыкам на рацэ Прыпяці, маці -- Марыя Адамаўна, была паляводам у калгасе. У сям’і Літвіных было трое дзяцей: сын Аляксей і дочкі Наталля і Паліна.
Пасля сканчэння Сямігосціцкай сярэдняй школы ў 1968 годзе Аляксей Літвін паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дыпломная работа, якую ён абараніў на выдатна, была прысвечаная дзейнасці камуністаў ва ўрадзе Сальвадора Альендэ ў Чылі.
У 1973—1975 гадах у званні лейтэнанта Аляксей Літвін праходзіў тэрміновую службу ва Унутраных войсках МУС СССР. Пакуль служыў, здаў кандыдацкія экзамены, паколькі планаваў займацца навуковай дзейнасцю. Пасля дэмабілізацыі Аляксей Міхайлавіч пачаў працаваць у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Да снежня 1984 года быў малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела Вялікай Айчыннай вайны, з 1977 года ўваходзіў у склад групы па вывучэнні Мінскага падполля. Аляксей Міхайлавіч прымаў удзел у падрыхтоўцы шэрагу фундаментальных прац: трохтомніка «Всенародная борьба в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (1983—1985), трэцяга тома зборніка дакументаў «Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (1982).
З 1985 года Аляксей Літвін працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР. У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Военно-оперативное руководство Компартии Белоруссии партизанским движением в годы Великой Отечественной войны (1941—1944 гг.)».
У 1987 годзе Аляксей Літвін узначаліў у Інстытуце гісторыі АН БССР аддзел гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны (з 1991 г. — аддзел ваеннай гісторыі Беларусі; з 2005 г. — аддзел ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін). Пад кіраўніцтвам Аляксея Міхайлавіча супрацоўнікі аддзела ў рамках выканання тэмы «Беларусь у войнах і ваенных канфліктах ХХ ст.» упершыню заняліся вывучэннем шэрагу пытанняў ваеннай гісторыі, а менавіта — удзелу беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў вайне 1936—1939 гадоў у Іспаніі, савецка-фінляндскай вайне 1939—1940 гадоў, у лакальных ваенных канфліктах 1950—1970 гадоў.
У 2000 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Антысавецкія ваенна-паліцэйскія фарміраванні на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Вытокі. Структура. Дзейнасць».
Навуковую працу прафесар А. М. Літвін паспяхова спалучае з выкладчыцкай, дзеліцца сваімі ведамі са студэнтамі БДУ, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.
20 верасня 2020 года быў затрыманы на Маршы Справядлівасці[4].
Даследчыцкая дзейнасць
правіцьГісторык адным з першых звярнуўся да разгляду праблемы стварэння беларускага нацыянальнага войска ў час Першай сусветнай вайны, да дзейнасці на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны Арміі Краёвай, Рускай Нацыянальнай Народнай Арміі, латышскіх і ўкраінскіх паліцыйных батальёнаў, раскрыў подзвіг удзельніка Асіповіцкага падполля Фёдара Крыловіча.
Навуковец папоўніў скарбонку беларускай гістарыяграфіі арыгінальнымі даследаваннямі, што атрымалі прызнанне як у Беларусі, так і за яе межамі. Яго пяру належыць больш за 200 навуковых прац, прысвечаных вывучэнню актуальных праблем ваеннай гісторыі, у тым ліку каля 20-ці індывідуальных і калектыўных манаграфій.
Найбольшы рэзананс і цікавасць у навуковай супольнасці выклікалі працы, якія выйшлі цягам 2001—2016 гадоў. Так, у манаграфіі «Акупацыя Беларусі (1941—1944): пытанні супраціву і калабарацыі» аўтар паспрабаваў зрабіць комплексны аналіз праблемы, раскрыць прычыны ўзнікнення і сутнасць калабарацыянізму. У кнізе «На той войне незнаменитой. Советско-финляндская война и Беларусь (1939—1940 гг.)» ён упершыню ў айчыннай гістарычнай навуцы на аснове скрупулёзнага аналізу самых разнастайных крыніц паказаў удзел аб’яднанняў, злучэнняў і часцей Беларускай асобай ваеннай акругі, беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў савецка-фінляндскай вайне.
Аляксей Міхайлавіч адным з першых у беларускай гістарычнай навуцы ў фундаментальным калектыўным двухтомным выданні «Беларусь. 1941—1945: Подвиг. Трагедия. Память» (2010) усебакова паказаў абарончыя баі 1941 года на тэрыторыі Беларусі, раскрыў складаны механізм каардынацыі баявых дзеянняў партызанскіх сіл Беларусі.
А. М. Літвін выступае навуковым рэдактарам наступных выданняў: «Беларусь непокорённая: Воспоминания, документы, хроника партизанского движения и подпольной борьбы 1941—1944» (2005); «Внутренние войска МВД Республики Беларусь: История и современность» (2006); «Разняволеная памяць. Прымусовая праца беларускіх грамадзян на акупаванай тэрыторыі Беларусі (1941—1944 гг.): зборнік навуковых артыкулаў» (2010). Аляксей Міхайлавіч — адзін з ініцыятараў стварэння і выдання грунтоўнай працы «Гісторыя Мінска» (2006), а таксама аўтар раздзела ў гэтай кнізе.
Узнагароды
правіцьЗа шматгадовую навуковую і арганізатарскую работу на ніве гістарычнай навукі, высокія паказчыкі, дасягнутыя пры правядзенні навуковых даследаванняў, Аляксей Міхайлавіч узнагароджаны юбілейным медалём «60 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» (2005), медалём «90 лет Вооружённым Силам Республики Беларусь» (2008), двума Ганаровымі граматамі Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Зноскі
- ↑ Czech National Authority Database Праверана 8 чэрвеня 2022.
- ↑ а б Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ https://www.dgo-online.org/site-dgo/assets/files/4396/mitglieder_kommission.pdf Праверана 17 лютага 2021.
- ↑ Спіс затрыманых на акцыях пратэсту 20 верасня. Абнаўляецца
Спасылкі
правіць- Шаламіцкая Яўгенія Аляксандраўна 12 студзеня 2016 г. – 65 гадоў з дня нараджэння (1951) Аляксея Міхайлавіча Літвіна, вучонага-гісторыка. — Краязнаўства Берасцейшчыны, 17 Сакавік 2016 15:37.
- Літвін Аляксей Міхайлавіч | IГ НАНБ (history.by) Архівавана 18 студзеня 2021.