Бабенбергі
Бабенбергі (ням.: Babenberger) — першая княжацкая дынастыя ў Аўстрыі (976—1246). Акрамя Аўстрыі, Бабенбергі былі таксама герцагамі Швабіі (1012—1038), Баварыі (1139—1156) і Штырыі (1192—1246). Найбольш значныя прадстаўнікі Бабенбергаў: Генрых II Язаміргот (1141—77), Леапольд V (1177—94), Леапольд VI (1198—1230). Пры Бабенбергах Аўстрыя ператварылася ў адну з наймацнейшых дзяржаў Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Паходжанне
правіцьСярэдневяковыя аўтары, пачынаючы з Атона Фрайзінгскага, узводзілі род Бабенбергаў да ўплывовага франконскага роду Папанідаў. Аднак сучасныя гісторыкі ставяць існаванне гэтых роднасных сувязяў пад сумнеў. Верагодна, Бабенбергі паходзілі з горада Бамберг у Франконіі (поўнач сучаснай Баварыі)[1].
Маркграфы Аўстрыі
правіцьУ 976 годзе нейкі Леапольд Бабенберг, граф з даліны Дуная, сын ці ўнук Арнульфа Злога быў прызначаны імператарам Атонам II маркграфам Усходняй маркі. Гэта была невялікая тэрыторыя на мяжы з землям венграў, вылучаная са складу Баварыі пасля паўстання баварскага герцага супраць імператара. Усходняя марка павінна была служыць буферам паміж нямецкімі і венгерскімі ўладаннямі і трымаць абарону граніц імперыі. Дата ўзыходжання Леапольда на прастол Усходняй маркі лічыцца пачаткам аўстрыйскай дзяржаўнасці. Ужо пры пераемніку Леапольда Генрыху I з'явілася назва Аўстрыя (стара-ням. Ostarrîchi). Наступныя маркграфы Адальберт і Эрнст працягвалі барацьбу з венграмі і падтрымлівалі германскіх імператараў.
Леапольд II у канцы XI стагоддзя пачаў праводзіць больш незалежную палітыку і выступіў супраць імператара ў барацьбе за інвестытуру. Яго сын Леапольд III заслужыў рэпутацыю заступніка хрысціянства і заснавальніка манастыроў, а пазней быў кананізаваны і абвешчаны патронам Аўстрыі.
Герцагі Швабіі
правіцьОдзін з сыноў маркграфа Леапольда, Эрнст I, атрымаў у 1012 годзе ад імператара Генрыха II прастол герцагства Швабія. Аднак у Швабіі Бабенбергі не знайшлі значнай падтрымкі мясцовага дваранства. Эрнст II і Герман IV нават выступілі супраць імператара Конрада II і пацярпелі паражэнне. У 1038 годзе Швабія была забрана ў Бабенбергаў і перададзена сыну імператара.
Першыя герцагі Аўстрыі
правіцьСтарэйшы сын Леапольда III Леапольд IV атрымаў у 1136 годзе за падтрымку германскага караля Конрада III Гогенштаўфена супраць дому Вельфаў герцагства Баварыю. Аднак ужо ў 1156 годзе яго брат Генрых II Язаміргот быў вымушаны вярнуць Баварыю Вельфам. У якасці кампенсацыі імператар дараваў Генрыху II адмысловы патэнт, вядомы пад назвай «Privilegium Minus», якім Аўстрыя ўзводзілася ў статус герцагства і атрымлівала шырокія правы самакіравання.
Пры Генрыху II Язаміргоце і яго пераемніку Леапольдзе V пачалося бурнае развіццё Аўстрыі і яе новай сталіцы — Вены. Дзяржава стала адным з найбольш моцных і квітнеючых герцагстваў Германіі, а аўтарытэт Бабенбергаў значна ўзрос. Дынастычныя шлюбы звязалі Бабенбергаў з найважнейшымі дамамі Цэнтральнай Еўропы (Гогенштаўфены, Арпады, Пржэмыславічы), а таксама з імператарамі Візантыі. Леапольд V увайшоў гісторыю дзякуючы свайму ўдзелу ў Трэцім крыжовым паходзе і паланенню англійскага караля Рычарда Львінае Сэрца ў 1192 годзе. У 1186 годзе Леапольд V заключыў Санкт-Георгенбергскі дагавор аб пераходзе ў спадчыну герцагства Штырыя і праз чатыры гады далучыў Штырыю да сваіх уладанняў.
Падзенне Бабенбергаў
правіцьРосквіт Аўстрыйскай дзяржавы Бабенбергаў прыпаў на час кіравання Леапольда VI (1198—1230). Бурна развіваліся гарады, гандаль і горная справа, вялося замкавае і царкоўнае будаўніцтва, двор герцага ператварыўся ў культурны цэнтр Паўднёвай Германіі. Аднак пасля ўзыходжання на прастол у 1230 годзе Фрыдрыха II Аўстрыя апынулася ўцягнутай у цэлую серыю войнаў з суседзямі — Чэхіяй, Венгрыяй, Баварыяй і самім імператарам. Пэўны час імперскія войскі акупавалі тэрыторыю герцагства, а сам Фрыдрых II быў вымушаны хавацца. У 1246 годзе Фрыдрых загінуў на вайне з венграмі, а з яго смерцю загасла мужчынская лінія Бабенбергаў.
На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў пасля гібелі Фрыдрыха II уладу над Аўстрыяй аспрэчвалі шматлікія прэтэндэнты на герцагскую карону, мужы і дзеці сястры і пляменніцы апошняга Бабенберга. У 1251 годзе перамогу атрымаў Пржэмысл Отакар II, кароль Чэхіі, які стварыў вялікую дзяржаву з чэшскіх, аўстрыйскіх і карынтыйскіх зямель, якая распасціралася да Адрыятычнага мора. Але ў 1276 годзе ён пацярпеў паражэнне ад германскага імператара Рудольфа I Габсбурга і быў вымушаны саступіць таму Аўстрыю. З гэтага часу Аўстрыйская манархія перайшла пад уладу дынастыі Габсбургаў, якія, аднак, не былі спадчыннікамі Бабенбергаў.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Babanberger, ältere (ням.)
Літаратура
правіць- Lechner К. Die Babenberger in Osterrich. — W. 1947.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бабенбергі
- Бабенберги // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.