Багрымавічы

вёска ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі

Багры́мавічы[1] (трансліт.: Bahrymavičy, руск.: Багримовичи) — вёска ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Пціцкага сельсавета.

Вёска
Багрымавічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
каля 1432 года
Ранейшыя назвы
Багрынавічы
Насельніцтва
130 чалавек (2004)
Часавы пояс
Тэлефонны код
2350
Паштовы індэкс
247910
Аўтамабільны код
3
СААТА
3243860006
Багрымавічы на карце Беларусі ±
Багрымавічы (Беларусь)
Багрымавічы
Багрымавічы (Гомельская вобласць)
Багрымавічы

Геаграфія правіць

Знаходзіцца на правым беразе ракі Пціч, за 1 км ад яе ўпадзення ў Прыпяць.

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

 
Павіннасці сяла Багрынавічы Бчыцкай воласці ў 1552 годзе.
 
Заходні анклаў Багрымавіцкага староства ў канцы XVIII ст.
 
Усходні анклаў староства.

Вядома, што жыхары сяла Багрынавічы мелі грамату на карыстанне грунтам Піліпаўшчына яшчэ ад вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы і атрымаць яе маглі не пазней 1432 года, пасля чаго манарх заняўся войнамі і было не да разгляду гаспадарчых пытанняў, тым больш зваротаў даннікаў. У апісанні Мазырскага замка 1552 года сказана, што сяло дало сваю назву нядзелі[A] і належала да Бчыцкай воласці. На той час у Багрынавічах налічвалася 12 гаспадарак[3]. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, была вызначана мяжа сяла Бахрынавічы (Bachrynowicze) воласці Пчыцкай (Pczycka) замку ЯКМ Мазырскага. Шырыня таго грунту ўздоўж склала дзве мілі, а ўпоперак — паўтары мілі. Асобна адзначаныя багатыя рыбныя ловы на рэках Прыпяці, Пцічы і азёрах, гоны бабровыя на Пцічы аж да Прыпяці[4]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Багрымавічы — у складзе Мазырскага павета Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, пасля падпісання акта Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — у тым жа павеце Менскага ваяводства.

Прынамсі, у XVIII ст. існавала нягродавае, вылучанае з Мазырскага, Багрымавіцкае староства[5]. Недзе ад 1738 года[B], паводле кансэнсу караля Аўгуста ІІІ, староства трымаў пан Рафал Алойзы Аскерка. У 1760 годзе тую каралеўшчыну пераняў яго сын Антоні Яўхім[6]. На 1789 год у складзе Багрымаўскага староства паноў Аскеркаў названыя вёскі Багрымавічы, Рог, Хусна (Хуснае), Каленкавічы, Гулевічы, Буда і Бабровічы[C][7].

Расійская імперыя правіць

 
Багрымавічы і Скрыгалаў на схематычным плане Мазырскага павета 1800 г.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Багрымавічы — у межах Расійскай імперыі. З мая 1795 года сяло знаходзілася ў складзе адноўленага Мазырскага павета Мінскага намесніцтва, са снежня 1796 года — Мінскай губерні[8]. Паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1795 годзе ў Багрымавічах — 19 двароў, 154 жыхары.

У 1816 годзе ў сяле было 22 двары. На 1834 год — 141 жыхар. Да 1842 года тут дзейнічала прыходская царква, вядомая яшчэ з крыніц XVIII ст. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Багрымавіцкага казённага маёнтка была ўтворана воласць[D] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 395 дзяржаўных сялян, 2 аднадворцы, 2 пасяленцы «разного звания»[9]. У 1858 годзе ў паселішчы налічвалася 29 двароў.

У парэформенны перыяд Багрымавічы адміністрацыйна належалі да Капаткевіцкай воласці Мазырскага павета. На 1879 год вяскоўцы заставаліся прыхаджанамі Пакроўскай царквы ў Капаткевічах[10]. У 1886 годзе ў сяле было 40 двароў, 298 жыхароў, царква[E][11]. Згодна з перапісам 1897 года, у Багрымавічах налічваўся 71 двор з 466 жыхарамі, існавалі хлебазапасны магазін, прыстань, карчма. На 1909 год вёска мела 90 двароў і 692 жыхары[12].

Найноўшы час правіць

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Багрымавічы, аднак, у складзе Капаткевіцкай воласці апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[13].

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Багрымавічы ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. У 1921 годзе ў вёсцы было 117 гаспадарак і 694 жыхары. З 20 жніўня 1924 года — у межах Пціцкага сельсавета Капаткевіцкага раёна Мазырскай акругі БССР. У 1930 годзе арганізаваны калгас. З 20 лютага 1938 года вёска — у Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў Багрымавічах налічвалася 150 двароў з 523 жыхарамі. У сакавіку 1944 года нямецкія акупанты спалілі 102 двары і знішчылі 124 чалавекі[14]. 45 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

З 8 студзеня 1954 года — у Гомельскай вобласці. Пасля скасавання Капаткевіцкага раёна з 25 снежня 1962 года Пціцкі сельсавет з вёскай Багрымавічы апынуліся ў складзе Петрыкаўскага раёна.

Насельніцтва правіць

Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы пражывала 720 жыхароў. Пасля спынення на мяжы 1960-1970-х гадоў сплаву лесу па Пцічы і закрыцця сплаўнога ўчастку, вёска паступова занепадае. У 2004 годзе — 130 жыхароў.

Заўвагі правіць

  1. Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай адно вялікае альбо некалькі меншых паселішчаў), на якія падзяляліся воласці, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысць замку. Па нядзелях размяркоўваліся і плацёжныя павіннасці[2]. Да гэтай адзінкі належала і сяло Капатковічы, большае за самыя Багрынавічы.
  2. На 1742 г. гэта вядома дакладна.
  3. На карце «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» пазначаныя яшчэ Рудзенкі, а таксама ўдакладнена, што Буда тая — Смольгаўская (Смаглаўская?).
  4. Не варта блытаць з валасцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павета — парэформеннага часу.
  5. Тут звесткі пра царкву і адпаведна пра статус сяла, магчыма, памылковыя.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский — Т. 1: Литовский период. — Одесса, 1912. С. 185, 189—190
  3. Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 639
  4. Архив ЮЗР. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 490—491
  5. Насевіч В. Мазырскае стараства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 259—260. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  6. Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 203, 205, 206, 211
  7. Спіс паселішчаў Мазырскага павета на 1789 год. Inwentarz pow. mozyrskiego 1789
  8. Насевіч, В. Мазырскі павет // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 41. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
  9. Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 6
  10. Описание церквей и приходов Минской епархии. V. Мозырский уезд. — Минск, 1879. С. 82, 84
  11. Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 106
  12. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 5
  13. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)
  14. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 446

Літаратура правіць

Спасылкі правіць