Багушэвічы (Бярэзінскі раён)
Багушэ́вічы[1] (трансліт.: Bahuševičy, руск.: Богушевичи) — аграгарадок у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Уса. Адміністрацыйны цэнтр Багушэвіцкага сельсавета. Знаходзяцца за 24 км на паўднёвы захад ад Беразіно, за 30 км ад чыгуначнай станцыі Градзянка.
Аграгарадок
Багушэвічы
| ||||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьПершы пісьмовы ўспамін пра Багушэвічы датуецца 1 чэрвеня 1501. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. У 1644 Рыгор Юрый Друцкі-Горскі, выконваючы волю нябожчыцы маці, заснаваў тут касцёл. Апроч таго, у Багушэвічах існавала прыстань і вадзяны млын, праводзіліся 2 рэгулярныя кірмашы. У розныя часы мястэчка знаходзілася ва ўладанні Завішаў, Ваньковічаў, Свентаржэцкіх, у XVIII ст. — цэнтр графства.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Багушэвічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання 23 мая 1863 аддзел Ляскоўскага-Свентажэцкага ў колькасці каля 30 чалавек увайшоў у мястэчка, дзе прысудзіў да шыбеніцы святара Маскоўскага патрыярхату Канапасевіча, які рабіў даносы на паўстанцаў і арганізоўваў контр-выпады супраць іх. Па здушэнні выступлення расійскія ўлады знішчылі тутэйшы палац Свентажэцкіх. У 1875 цар маскоўскі Аляксандр II падараваў Багушэвічы Шалгунову. У XIX ст. у мястэчку існавалі касцёл, царква, 4 сінагогі, пошта, пажарная каманда. У 1900 адкрылася другакласная царкоўна-прыходская школа. 14 красавіка 1910 газета «Наша Ніва» пісала пра чуткі, што праз Багушэвічы пройдзе чыгунка. У 1915 каля мястэчка знайшлі манетны скарб.
У 1919 Багушэвічы ўвайшлі ў БССР, дзе 20 жніўня 1924 сталі цэнтрам сельсавета. Станам на 1927 тут было 107 двароў. У 1938 статус паселішча панізілі да вёскі.
Насельніцтва
правіць- XIX стагоддзе: 1897 — 524 чал.
- XX стагоддзе: 1927 — 783 чал., з іх 72 % беларусаў, 24 % яўрэяў[2]; 2003 — 558 чал.[3]
Інфраструктура
правіцьУ Багушэвічах працуюць сярэдняя школа, бальніца, клуб, бібліятэка, пошта.
Вядомыя асобы
правіць- Іларыён Карпавіч Дуброўскі (1907 — пасля 1937?) — беларускі журналіст.
- Кірыл Аляксеевіч Каваленка (1891—1980) — савецкі ваенны дзеяч, генерал-лейтэнант (5 ліпеня 1946 года).
- Лідзія Ціханаўна Ламака (нар. у 1928) — вучоны ў галіне педыятрыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар[4].
Славутасці
правіцьУ цэнтры Багушэвічаў ва ўрочышчы Касцельная гара (Касцелішча) знаходзіцца гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культур — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613В000045.
- Касцёл Божага Цела (1840-я) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000046
- Могілкі яўрэйскія
Страчаная спадчына
правіць- Сядзібна-паркавы комплекс Свентаржэцкіх (XVIII ст.)
- Царква Узвышэння Святога Крыжа (1866)
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Бушаві́чы
- ↑ Г. А. Каханоўскі. Багушэвічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 276. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- ↑ Багушэвічы // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бярэзінскага раёна / Рэдкал. Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2004. С. 546.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 112. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
Літаратура
правіць- Bohuszewicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. — S. 292.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Багушэвічы (Бярэзінскі раён)