Банкаўскі мост
Банкаўскі мост (руск.: Ба́нковский мост) — пешаходны вісячы мост цераз канал Грыбаедава ў Цэнтральным раёне Санкт-Пецярбурга, злучае Казанскі і Спаскі востраў. Пабудаваны ў 1825—1826 гадах па праекце інжынера В. Трэтэра. З’яўляецца адным з шасці мастоў «ланцужнога» тыпу канструкцыі, пабудаваных у Санкт-Пецярбургу ў 1820-я гады і адным з трох мастоў, якія захаваліся да нашага часу (разам з Львіным і Паштамцкім мастамі). Мост упрыгожваюць статуі крылатых львоў работы скульптара П. П. Сакалова: выбітныя ўзоры ампірнай манументальнай скульптуры. Малюнак крылатага льва Банкаўскага моста з’яўляецца часткай лагатыпа фабрыкі імя Крупскай. Аб’ект культурнай спадчыны Расіі федэральнага значэння.
Банкаўскі мост | |
---|---|
Каардынаты: 59°55′56″ пн. ш. 30°19′29″ у. д.HGЯO | |
Перасякае | Канал Грыбаедава |
Месца размяшчэння | |
Агульная даўжыня |
|
Адкрыццё | 1826 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мост знаходзіцца паміж дамамі № 27 і 30 па набярэжнай канала Грыбаедава. Вось моста арыентавана супраць цэнтра брамы Дзяржаўнага асігнацыйнага банка — ля месца, дзе канал, змяняючы свой кірунак, робіць паварот. Каля моста размешчаны Казанскі сабор. Вышэй па цячэнні знаходзіцца Казанскі мост, ніжэй — Мучны мост. Бліжэйшая станцыя метрапалітэна (410 м) — «Неўскі праспект-2», выхад на Канал Грыбаедава.
Першапачаткова збудаванне называлася «ланцужным пешаходным мостам аб чатырох грыфах на Екацярынінскім канале». Цяперашняя назва вядомая з 1836 года. Мост атрымаў назву ад размешчанага побач Асігнацыйнага банка (цяпер у будынку размяшчаецца Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт).