Барыс Мікалаевіч Гурскі

У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Барыс Мікалаевіч Гурскі (3 верасня 1934, Мінск — 30 студзеня 1992) — беларускі вучоны-геолаг, аўтар прац па геалогіі антрапагену і геамарфалогіі. Доктарам геолага-мінералагічных навук (1974), прафесар (1976). Выдатнік разведкі нетраў СССР, выдатнік асветы СССР, выдатнік народнай адукацыі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986)

Барыс Мікалаевіч Гурскі
Дата нараджэння 3 верасня 1934(1934-09-03)
Месца нараджэння
Дата смерці 30 студзеня 1992(1992-01-30) (57 гадоў)
Грамадзянства
Род дзейнасці геолаг, геолаг-разведчык
Месца працы
Навуковая ступень доктар геолага-мінералагічных навук
Навуковае званне
Альма-матар
Член у
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР
Узнагароды

Біяграфія

правіць

Скончыў у 1957 годзе аддзяленне геалогіі геолага-геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Працоўную дзейнасць пачаў на пасадзе малодшага геолага Беларускай геолага-гідрагеалагічнай экспедыцыі, а з часам узначаліў яе. Кіраваў геолагаздымачнымі работамі, на аснове вынікаў якіх былі складзены карты і апублікаваны шэраг навуковых прац. Даследаваў ніжне- і сярэднеантрапагенавыя адклады, рэканструяваў этапы развіцця прыроды ў антрапагене на тэрыторыі Беларусі, вывучаў будову антрапагенавых адкладаў басейна Сажа. У 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Условия залегания и строение антропогеновых (четвертичных) отложений в басейне р. Сож». У 1966 годзе быў адзначаны нагрудным знакам «Выдатнік разведкі і аховы нетраў СССР» за ўклад у практычную геалогію БССР.

З 1967 года працаваў у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага старэйшым выкладчыкам кафедры геаграфіі замежных краін (з 1968 па 1971 год з’яўляўся яе загадчыкам). З 1971 па 1980 г. — дэкан факультэта прыродазнаўства. У кастрычніку 1973 года абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Стратиграфические комплексы и палеогеоморфологические поверхности нижнего и среднего антропогена территории Белоруссии». У 1974 годзе стаў доктарам геолага-мінералагічных навук, у 1976 г. — прафесарам. З 1980 года кіраваў кафедрай фізічнай геаграфіі.

За гады працы на факультэце стаў вядомым навукоўцам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1986), аўтарам больш за 300 навуковых прац па геалогіі антрапагену і геамарфалогіі, у тым ліку некалькіх манаграфій і навучальных дапаможнікаў для сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Вучонаму належаць такія працы, як «Нижний и средний антропоген Белоруссии» (1974), «Общая геология» (1976, разам з Г. У. Гурскім), «Практикум по общей геологии» (1978), «Историческая геология с элементами палеонтологии» (1979), «Пытанні геалогіі ў школе» (1980), «Як збудаваны і чым багатыя нетры Беларусі» (1992) і інш. Ён з’яўляўся членам шэрагу вучоных саветаў, рэдкалегій, быў віцэ-прэзідэнтам Геаграфічнага таварыства Беларусі, старшынёй аб’яднання выкладчыкаў біёлага-геаграфічных дысцыплін. Адзначаны знакамі: «Выдатнік асветы СССР» і «Выдатнік народнай адукацыі БССР».

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Гурскі Барыс Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 537. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  • Геологи и горные инженеры Беларуси : биографический справочник : [в 2 ч.] / составители: А. Д.
  • Смычник [и др.]. — Минск, 2008. — Ч. 1. — С. 65.
  • Літасфера. — 1995. — № 2. — С. 205—206.
  • Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2006. — Т. 3. — С. 285.