Барыс Суравы (15 верасня 1907 — снежань 1998) — беларускі настаўнік і грамадскі дзеяч. Падчас Другой сусветнай вайны быў школьным інспектарам, кіраўніком СБМ па Слонімскай акрузе. Дзеяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі.

Барыс Суравы
Дата нараджэння 15 верасня 1907(1907-09-15)
Месца нараджэння
Дата смерці снежань 1998 (91 год)
Месца смерці
Альма-матар
Член у

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 15 верасня 1907 г. у Брэсце. Скончыў гімназію, вучыўся ў Віленскім універсітэце.

З восені 1939-га працаваў дырэктарам Дзярэчынскай школы (сёння Зэльвенскі раён).

На пачатку нямецкай акупацыі пераехаў у Слонім, дзе з восені 1941 года арганізаваў 4-класную беларускую прагімназію для амаль 100 вучняў. Быў яе дырэктарам, выкладаў гісторыю Беларусі. Пэўны час быў Слонімскім акруговым школьным інспектарам. Як пісала ў сваіх успамінах Надзея Дземідовіч, Барыс Суравы «быў першым дырэктарам і выкладаў нам гісторыю Беларусі. Гэта быў малады чалавек, меў дзіцятка гадоў чатырох. Спяваў вельмі прыгожа. Было відно, што ён вельмі любіў сваю працу, сваіх вучняў, сваю гісторыю»[1].

З мая 1943 г. актыўна заняўся арганізацыяй Саюза беларускай моладзі ў Слонімскай акрузе. У чэрвені 1943 г. скончыў курс вышэйшых кіраўнікоў СБМ, а ў ліпені 1943 г. быў прызначаны кіраўніком Слонімскай акруговай арганізацыі СБМ. З’яўляўся супрацоўнікам часопіса для кіраўнікоў моладзі СБМ «Жыве Беларусь!». За сваю беларускую дзейнасць атрымліваў пагрозы з боку мясцовых палякаў. Працаваў у Беларускай Народнай Самапомачы, стаў удзельнікам II Усебеларускага Кангрэсу ў Мінску 27 чэрвеня 1944 г.[2]

У ліпені 1944 выехаў з групай слонімскіх беларускіх дзеячаў у горад Бад-Заўльгаў (зямля Бадэн-Вюртэмберг) у Германіі. З 1947 г. жыў у Вялікабрытаніі. 15 сакавіка 1948 г. абраны віцэ-старшынёй у Часовую ўправу Хрысціянскага аб’яднання беларускіх работнікаў (ХАБР), якое згуртавала прыхільнікаў Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага. 26 снежня 1948 г., на 1-ым Агульным з’ездзе ХАБР, абраны старшынёй Галоўнай управы. Быў старшынёй гэтай арганізацыі да яе заняпаду: з канца 1948 г. па 1950 г. ды з чэрвеня 1954 г. па 1966 г. Уваходзіў у рэдакцыйную калегію часопіса «Аб’еднанне», дзе пісаў пад псеўданімам Старшы Праваднік, а таксама ў склад Галоўнай дэлегатуры БЦР у Вялікабрытаніі. У 19481953 гг. быў кіраўніком Прадстаўніцтва БЦР у Вялікабрытаніі.

У 19601980-ыя гг. Барыс Суравы — актывіст беларускай праваслаўнай парафіі св. Эўфрасінні Полацкай (канстанцінопальскай юрысдыкцыі).

Паводле інфармацыі Юрыя Туронка, меў уласны рэстаран у Лондане[3]. Аднак Барыс Кіт сцвярджаў, што ягоны сябар Барыс Суравы «быў кухарам у польскім рэстаране ў Лондане»[4].

Апошнія гады жыцця быў паралізаваны. Памёр у Лондане, у снежні 1998 г.

Зноскі

Літаратура правіць