Барыс Усяславіч (да 1054 — пачатак 1129) — князь полацкі (1101 — пачатак 1129).

Барыс Усяславіч
Барыс едзе на княжанне ў Полацк
Барыс едзе на княжанне ў Полацк
князь полацкі
1101 — 1129
Папярэднік Усяслаў Брачыславіч
Пераемнік Давыд Усяславіч
Нараджэнне да 1054
Смерць 1129(1129)
Полацк
Род Рагвалодавічы
Бацька Усяслаў Брачыславіч
Дзеці Рагвалод-Васіль, Іван, Звеніслава
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Сын полацкага князя Усяслава Брачыславіча, напэўна, старэйшы[1]. Магчыма, адзін з сыноў, якія ў 1067 годзе трапілі ў кіеўскі палон на Ршы разам з бацькам і, напэўна, сядзелі ў порубе. Калі так, Барыс нарадзіўся не пазней за 1054 год. Пасля смерці бацькі ў 1101 годзе сеў на полацкім стальцы, але вядома пра гэта ўскосна.

Ёсць і іншая думка наконт удзела, атрыманага князем Барысам ад бацькі. Леанід Аляксееў лічыў ім Друцк[2], але з крыніц вядома, што да 1116 года гэты горад належаў менскаму князю Глебу[3].

Пад 1102 годам Васіль Тацішчаў (XVIII ст.) паведамляе, што полацкі князь Барыс хадзіў супраць яцвягаў, перамог іх і на зваротным шляху заснаваў Барысаў[2][4]. Пра заснаванне горада князем Барысам паведамляюць і беларуска-літоўскія летапісы (XVI ст.), але без часу і акалічнасцей. Ёсць думка, што летапісец XVI ст. карыстаўся полацкім летапісам. Тацішчаў таксама мог карыстацца такім летапісам, але ён пэўна карыстаўся і беларуска-літоўскім летапісаннем. Унікальныя звесткі Тацішчава агулам, у гэтым выпадку год і акалічнасці заснаванне горада, вымагаюць пільнага стаўлення, не выключана, што яны толькі «рэканструкцыя» аўтара. У кожным разе, час заснавання горада пацвярджаецца першай яго згадкай (1128) і археалагічна, а назва звязана з імем князя амаль бясспрэчна.

Пабудова крэпасці князем Барысам на паўднёвай мяжы свайго ўдзела[5][6], напэўна, звязана з актыўнай дзейнасцю менскага князя Глеба, які да 1103 года выгнаў двух іншых братоў — Рамана і Давыда, захапіўшы іх суседнія са сваім удзелы. Відаць, і адносіны Барыса з Глебам не былі добрымі, прынамсі, ён не дапамог брату ні ў 1104, ні ў 1116 і 1118 гадах[7][8].

Імаверна, у 1106 годзе князь Барыс з братамі здзейсніў няўдалы паход супраць земгалаў, паводле Лаўрэнцеўскага летапісу, тыя перамаглі «Всеславичь всю братью и дружины убиша 9 тысящь». Выказаны сумненні ці праўда ўсе браты былі ў паходзе, бо прынамсі двое — Раман і Давыд — не мелі ўдзелаў і жылі тым часам у Чарнігаўскай зямлі. Колькасць загінулых пэўна перабольшана або вынік пазнейшага перапісвання. У свой час Тацішчаў падаў 900[9], але, імаверна, ён разумеў неадпаведнасць і проста скараціў лічбу на парадак. Даследчыкі прапаналі некалькі варыянтаў зыходнай лічбы ў крыніцы. У кожным разе, страты былі цяжкія, таму летапісец і адзначыў падзею. Розна ацэньваюць і наступствы паразы, ад яе эпізадычнасці да страты полацкага кантролю над земгаламі. «Аповесць мінулых гадоў», складзеная ў 1110—1118 гады, згадвае земгалаў сярод даннікаў Русі, таму, калі кантроль і страчваўся, то неўзабаве адноўлены.

Напэўна, пабудаваў княжацкую сядзібу з Барыса-Глебскім манастыром у Бельчыцах і заказаў надпісы на так званых Барысавых камянях[2]. Прынамсі, з дзейнасцю полацкага князя Барыса гэтыя аб'екты звязваюць беларуска-літоўскія летапісы XVI ст.

На думку Аляксеева, пры князю Барысе былі значна абмежаваны правы князя ў Полацку і ўзмацнілася гарадское самакіраванне[2], аднак, даследчык робіць такую выснову толькі з падзей 1128 года.

У 1121 годзе, паводле Тацішчава, вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах ездзіў у Смаленск «для разгляду нязгод і ўсмірэння» полацкіх князёў, акалічнасцей не паведамляе і крыніцы не называе. На думку Эдуарда Загарульскага, нязгоды паміж Усяславічамі маглі пачацца пасля паланення і смерці менскага князя Глеба і, магчыма, пераходу Менскай воласці да вялікага князя кіеўскага[10]. Ці так гэта і якая роля Барыса ў падзеях не вядома.

Згадваецца «Жыціем» сваёй пляменніцы Прадславы ў перыяд 1120—1128 гадоў, як полацкі князь і сведка заснавання ёю Спаскага манастыра[11].

На думку Загарульскага, магчыма, да жніўня 1128 года праз узрост або хваробу князь Барыс страціў дзеяздольнасць і паўстала пытанне пра ажыццяўленне ўлады[12]. На гэта прэтэндаваў князь Давыд Усяславіч, наступны з братоў паводле старшынства. Магчыма, гэта і было «няпраўдай» князя Давыда за якую вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч жніўнем 1128 года пачаў вялікі паход на Полацкую зямлю. Пэўна не вядома, чаго хацеў вялікі князь і самі палачане, але яны выгналі Давыда і, «узяўшы» Рагвалода Барысавіча, пайшлі прасіць яго сабе князем да вялікага князя Мсціслава, які просьбу задаволіў. На думку Загарульскага, палачане і хацелі каб пры нямоглым Барысе уладарыў яго сын, добра ім вядомы Рагвалод[13].

Неўзабаве, у 1129 годзе (вераснёўскім, да разводдзя), князь Барыс памёр і князь Давыд мусіць сеў на полацкім стальцы. Падзеі суправаджаліся ўсобіцай і прычыніліся высылцы полацкіх князёў у Візантыю вялікім князем Мсціславам у 1130 годзе.

Барыс і Рагвалод

правіць

Жніўнем 1128 года, выгнаўшы з Полацка князя Давыда Усяславіча, палачане ўзялі («поемше») не названага па бацьку Рагвалода і пайшлі прасіць яго сабе князем да вялікага князя кіеўскага Мсціслава, які іх просьбу задаволіў. Шэраг даследчыкаў, у тым ліку Міхаіл Пагодзін, Мікалай Баўмгартэн[14], Мікалай Карамзін[15], Сяргей Салаўёў[16], Васіль Данілевіч[17], Дзмітрый Ліхачоў[18], Уладзімір Пічэта, Фёдар Успенскі[19], з разуменнем просьбы палачан у зацвярджэнні князя на стальцы і немагчымасці гэтага для племянніка перад дзядзькамі, лічаць Рагвалода Усяславічам — братам князёў Барыса і Давыда. То бок Рагвалод Усяславіч — выснова гістарыёграфаў[16]. Ні пра смерць, ні пра высылку, ні пра што іншае датычна Рагвалода Усяславіча крыніцы не паведамляюць[20][12].

Пры гэтым, як адзначыў Эдуард Загарульскі, пра смерць полацкага князя Барыса Усяславіча («престависѧ кнѧзь Полотьскыи Борисъ»[21][22]) летапіс паведамляе толькі пачаткам 1129 года[23]. Таму не ясна, што ў Полацку рабіў Давыд і навошта палачане прасілі сабе князем Рагвалода да таго часу[24]. Вядома толькі, што нейкая «няпраўда» Давыда была прычынай паходу Мсціслава, нягледзячы на сватаўство паміж імі. Выказвалася думка, што паведамленне пра смерць князя Барыса ў 1129 годзе было памылкай летапісца, а на праўдзе ён памёр у пачатку 1128 года, першым так падаў падзеі Тацішчаў, але для гэтага няма падстаў, апроч імкнення даслечыкаў развязаць супярэчнасці версій.

Многія гістарыёграфы, у тым ліку Леанід Аляксееў[25], Эдуард Загарульскі[26][11], Алег Рапаў[27], Аляксандр Рукавішнікаў[28], Барыс Флора[29], Валянцін Янін[30], развязваюць праблему інакш і лічаць не названага па бацьку Рагвалода тоесным Барысу Усяславічу; то бок думаюць, што Барыс — хроснае імя Рагвалода. Напэўна, першым такім чынам развязаў супярэчнасць складальнік Густынскага летапісу яшчэ ў XVII ст., які запісаў «преставися князь Полоцкий Рогволдъ или Борисъ», што на думку Фёдара Успенскага яўная «рэканструкцыя»[31]. Некаторыя даследчыкі, напрыклад Барыс Флора, падмацоўваюць гэту версію спасылкай на імёны па бацьку Васіля і Івана Рагвалодавічаў, дададзеных да спісу высланых полацкіх князёў у пазнейшых Растоўскім (не захаваўся) і Васкрасенскім летапісах, а таксама Маскоўскім зводзе[32], але верагоднасць пазнейшых спіскаў сумнеўная[33].

Тоеснасць Барыса і Рагвалода, аднак, малаімаверная[19]. Па-першае, парушаецца традыцыя надання імёнаў у родзе Рурыкавічаў — не называць сына ў жывога бацьку, а ў Барыса быў сын Рагвалод[19]. Па-другое, хоць паводле назіранняў Ф. Успенскага, у адрозненне ад імёнаў Глеб, Раман і Давыд, імя Барыс магло быць хросным у пары з родавым, але калі само давалася як родавае, то адначасова было і хросным, то-бок адзіным. У выпадку з князем Барысам Усяславічам ва ўсіх наратыўных, эпіграфічных, сфрагістычных крыніцах яго імя ўжываецца звычайным для родавых, а не хросных імёнаў чынам.[19]

Так, у паведамленні пад 1129 годам пра смерць «престависѧ кнѧзь Полотьскыи Борисъ» ён называны адным імем, традыцыяй у такіх выпадках было падаваць родавае імя, зрэдку дадавалі да яго і хроснае, згадка толькі хроснага імя часам сустракаецца пры смерці малалетніх[34]. У паведамленні летапісу пад 1144 годам «Изяславъ отда дщерь свою Полотску за Борисовича за Роговолода»[35] і згадцы «Жыція Еўфрасінні Полацкай» 1170-х гадоў «княжна Борисовна именем Звенислава» ў традыцыі побач родавых імёнаў сына і дачкі мусіла бы быць родавае, а не хроснае імя па бацьку[36]. Тое ж тычыцца г.зв. Барысавых і Рагвалодава канямёў, на першых надпіс «Господи помози рабу своему Борисоу» дае адзінае імя бацькі, на другім — надпіс 1171 года «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову» дае хроснае і родавае імя сына, варта было б чакаць, каб наследуючы бацьку было пададзена адно імя, хроснае ці родавае, або наадварот — абодва імя бацькі, калі іх праўда было два[37]. Урэшце, на пячатках і пломбах атрыбутаваных князю Барысу змешчана паясная выява святога Барыса і пазначана імя Барыс, на пячатцы ж яго сына на аверсе выява князя на стальцы і імя Рагвалод, на рэверсе выява святога Васіля Кесарыйскага. У гэтым плане пячаткі атрыбутаваныя князю Барысу тыпалагічна тоесныя пячаткам атрыбутаваным яго брату князю Глебу Усяславічу, дзе таксама змешчана толькі пагрудная выява святога Глеба і пазначана імя Глеб.

Таму частка даследчыкаў лічыць не названага ў 1128 годзе па бацьку Рагвалода сынам Барыса Усяславіча. Напэўна, першым такую выснову зрабіў Тацішчаў, які ў сваім апісанні падзей 1128 года паказвае ўдзельнікам Рагвалода Барысавіча. На думку Загарульскага, палачане не мелі бы патрэбы весці да Мсціслава хоць для чаго Рагвалода Усяславіча, немаладога і добра вядомага, а Рагвалод Барысавіч быў юнаком, што вымагала прадстаўлення. Тое ж тычыцца «узяцця» палачанамі Рагвалода, аб’ектам дзеянняў мог быць толькі вельмі малады чалавек, дарослы выступаў бы самастойна. Калі б меркаваны Рагвалод Усяславіч быў старэйшы за Давыда, яму не трэба было б зацвярджэння, калі наадварот — маладзейшы, не зразумела чаму вялікі князь Мсціслаў аддаў перавагу яму перад сваім сватам супраць права старшынства.[38][12]

Пячаткі і пломбы

правіць

Станам на 2016 год, меркавана, князю Барысу Усяславічу атрыбутуюць пячаткі і пломбы 7 тыпаў.[39]

Першы мае на аверсе паясную выяву св. Барыса і Глеба; на рэверсе — расквітнелага шасціканцовага крыжа. Адбітак адной пары матрыц, дыяметрам 30 мм, знойдзены ў 2009 годзе ў Брусілаўскім раёне Жытомірскай вобласці Украіны. Асобнік другой пары матрыц знойдзены ў 2004 годзе ў Смаленску.

Другі (паводле Яніна, Гайдукова, № 333а) адрозніваецца ад першага роставай выявай св. Барыса і Глеба на аверсе. Дыяметр 28-30 мм. Знойдзена два асобнікі ў Ноўгарадзе.

На думку І. Жукава, пячаткі 1-га і 2-га тыпу, калі належаць кн. Барысу Усяславічу, то паходзяць з часу яшчэ пры жыцці кн. Усяслава (канец XI ст.).

Трэці (паводле Яніна, № 330) мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей, злева калонкавы надпіс «ⓐ — Б — О», справа — «Р — Н — С», вакол абадок; на рэверсе — расквітнелага шасціканцовага крыжа, па баках надпіс «IC — ХС», вакол абадок. Дыяметр 13 мм. У 1962 годзе адзін асобнік знойдзены ў Ноўгарадзе.[40]

Чацвёрты мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей, злева захавалася літара «Б», справа — «Н»; на рэверсе — расквітнелага шасціканцовага крыжа. Дыяметр 13 мм. Знойдзена 30 асобнікаў у 2010—2013 гадах у Полацку падчас раскопак.

Пяты мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей; на рэверсе — літары «Б». Дыяметр 13 мм. Знойдзена 2 асобнікі ў 2010—2013 гадах у Полацку падчас раскопак.

Шосты мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей; на рэверсе — раўнаканцовага крыжа ў паўкругу. Дыяметр 13 мм. Знойдзена 2 асобнікі ад розных пар матрыц у 2010—2013 гадах у Полацку падчас раскопак.

Сёмы мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей; на рэверсе — добразычлівы надпіс у чатыры радкі «ГНПО-МОЗН-БОРН-СОВ[Н]» (Господи помози Борисови). Дыяметр 12 мм. Знойдзены 3 асобнікі ад двух пар матрыц у 2013 годзе ў Полацку падчас раскопак. На думку І. Жукава, гэта найпазнейшы тып пячаткі кн. Барыса Усяславіча.[40]

Памяць

правіць
 
Помнік князю Барысу ў Барысаве

Зноскі

правіць
  1. Загарульскі 1998.
  2. а б в г БС 1982.
  3. Насевіч В. Л. Друцкае княства і князі Друцкія // Друцк старажытны: Да 1000-годдзя ўзнікнення горада. — Мн., 2000. — С. 49—76.
  4. Татищев, кн. II, с. 199.
  5. Алексеев 1966, с. 76.
  6. Алексеев 1966, с. 90.
  7. Загорульский 1994, с. 6.
  8. Загарульскі 1998, с. 74.
  9. Татищев, кн. II, с. 204.
  10. Загарульскі 1998, с. 77..
  11. а б Загарульскі 1998, с. 72.
  12. а б в Загарульскі 1998, с. 81.
  13. Загарульскі 1998, с. 83.
  14. Baumgarten 1927, p. 9, 32. Tab. VIII. №№ 7, 8.
  15. Карамзин, Т. II. 1892, Прим. 251..
  16. а б Соловьёв 1988, с. 401, 684. Прим. 186.
  17. Данилевич 1896, с. 71. Прим. 54..
  18. Повесть временных лет. — М.-Л., 1950. — Ч. 2. — С. 556. (у дадатках Радаводная табліца складзеная Д. С. Ліхачовым)
  19. а б в г Литвина, Успенский 2006.
  20. Загорульский 1994, с. 8.
  21. ПСРЛ. Т. I. Стб. 299;
  22. ПСРЛ. Т. II. Стб. 293.
  23. Загорульский 1994, с. 8..
  24. Загорульский 1994, с. 6-7.
  25. Алексеев 1975, с. 230.
  26. Загорульский 1994, с. 7, 9.
  27. Рапов 1977, с. 58—59.
  28. Рукавишников 2002, с. 44, 48, 51.
  29. Флоря 1995, с. 113.
  30. Янин, Гайдуков 1998, с. 40.
  31. Литвина, Успенский 2006, с. 273—274.
  32. Флоря 1995, с. 110-116.
  33. Литвина, Успенский 2006, с. 274—275.
  34. Литвина, Успенский 2006, с. 270—271.
  35. ПСРЛ. Т. I. Стб. 311;
  36. Литвина, Успенский 2006, с. 269.
  37. Литвина, Успенский 2006, с. 271.
  38. Загорульский 1994, с. 8-9.
  39. Жуков, 2013
  40. а б Жуков, 2016

Літаратура

правіць
  • Baumgarten N. Généalogies et mariages occidentaux des Rurikides Russes du X-e au XIII-е siècle // Orientalia Christiana. — Roma: 1927. — В. Vol. 9: 1. Num. 35. Maio..
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля: Очерки истории северной Белоруссии в IX—XIII вв. — М: Наука, 1966. — 295 с.
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М.: 1975. — С. 202—239.
  • Борис Всеславич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 73. — 737 с.
  • Введенский А. Рецензия на книгу: Левшун Л. В. Полоцкий князь Борис Всеславич. — М.: Квадрига, 2020 // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы. Вып. 14. — Минск, 2021. — С. 179—187.
  • Жуков И. Вислые печати Полоцкого князя Всеслава Брячеславича и его сыновей Бориса и Глеба Всеславичей // Нумизматика и фалеристика № 4, 2013. — С. 18-21.
  • Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. — Киев, 1896.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998. — 260 с.
  • Загорульский Э. М. Генеалогия полоцких князей Изяславичей. — Мн.: ВУЗ-ЮНИТИ, 1994. — 31 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-431-001-9.
  • Карамзин Н. М. История государства российского. В 12 т. — СПб, 1892. — Т. II.
  • Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики.. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
  • Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.
  • Ру­ка­виш­ни­ков А.В. Не­ко­то­рые во­про­сы ис­то­рии По­лоц­кой зем­ли до­мон­голь­ско­го пе­рио­да // Рус­ское сред­не­ве­ко­вье. 2000–2001. — М.: 2002. — С. 40-69.
  • Соловьёв С. М. Сочинения. кніга I: История России с древнейших времён. Т. 1-2; кніга II. Т. 3-4. — М., 1988.
  • Соловьёв С. М. Сочинения. кніга III: История России с древнейших времён. Т. 5-6. — М., 1989.
  • Флоря Б. Н. Историческая традиция об общественном строе средневекового Полоцка // Отечественная История. — 1995. — № 5.
  • Янин В. Л., Гайдуков П. Г. Актовые печати Древней Руси X—XV вв. Т. 3: Печати, зарегистрированные в 1970—1996 гг. — М., 1998.