Батанічны сад Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта

Батанічны сад ВДУ імя П. М. Машэрава — батанічны сад у Віцебску, навучальна-навуковае падраздзяленне Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Размешчаны па вуліцы Урыцкага, 25. Дырэктаркай батанічнага саду з 2022 года з’яўляецца Вольга Васілеўна Касперсон[1].

Батанічны сад Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта?
Асноўная інфармацыя
Тыпбатанічны сад
Дата заснавання1919
Размяшчэнне
55°12′04″ пн. ш. 30°12′45″ у. д.HGЯO
Map

Гісторыя правіць

Закладзены ў 1919 годзе як школьны навучальна-паказальны сад[1] для практычнага вывучэння батанікі, садаводства, кветкаводства і агародніцтва на тэрасах старога парку каля р. Віцьба (плошча больш за 3 га)[2]. З вясны 1920 года інструктарам па батаніцы ў садзе працуе Л. Д. Нікольскі[3].

У 1921 годзе навучальна-паказальны сад перадалі сельгастэхнікуму, выкладчыкі якога інтэнсіўна выкарыстоўвалі ў навучанні студэнтаў сабраныя ў садзе калекцыі раслін. Аснову гэтых калекцый склалі расліны перададзеныя батанікам У. У. Адамавым у дар з Вялікалятчанскага доследна-акліматызацыйнага батанічнага саду[3].

У 1924 г. сельгастэхнікум ператвораны ў Віцебскі ветэрынарны інстытут, а сад, рэарганізаваны ў батанічны, стаў навучальным падраздзяленнем інстытута[1]. Л. Д. Нікольскі быў прызначаны дырэктарам сада, прыклаўшы шмат сіл да змены профілю сваёй гаспадаркі[3].

 
Юннаты Віцебскага абласнога школьнага батанічнага саду. 1939
 
Юннаты на суботніку

15 студзеня 1924 г. на тэрыторыі саду рашэннем ГубАНА адкрыта Біястанцыя, загадчыкам якой прызначаны Л. Д. Нікольскі. Пры станцыі быў створаны кружок юных натуралістаў. У асобныя гады ў садзе займаліся да 250 юннатаў[3].

У 1925 годзе ў садзе каля 500 відаў мясцовых пладовых дрэў, каля 60 — паўднёвых прадстаўнікоў, экспазіцыя з 972 відаў травяністых раслін (з ix 120 лекавых), невялікія пасадкі дэкаратыўных дрэў, ягадныя кусты, цяпліца, парнікі, паказальныя поле і агарод. 3 1926 самая паўночная ў Беларусі плантацыя белай шаўкоўніцы. Каля 200 відаў раслін (пераважна лекавыя, тэхнічныя, дэкаратыўныя, расліны-компасы і інш.) перанесены з Вялікалятчанскага батанічнага саду[2].

 
Вучэбна-лабараторны будынак Віцебскага абласнога школьнага батанічнага саду

У 1931 годзе батанічны сад ветэрынарнага інстытута рэарганізаваны ў гарадскі, а ў 1939 — у Абласны школьны батанічны сад[1].

Пасляваеннае аднаўленне правіць

У час Другой сусветнай вайны дырэктар Л. Д. Нікольскі застаўся ў акупаваным горадзе, спрабуючы захаваць сад. У 1942 г. нямецкае камандаванне ўзяло сад у сваё распараджэнне і ператварыла яго ў агароднінную гаспадарку, знішчаючы пры гэтым батанічныя калекцыі. Л. Д. Нікольскі адмаўляўся вырошчваць гародніну для германскай арміі і ўсякімі спосабамі імкнуўся захаваць калекцыі раслін. За гэта быў зняты з пасады дырэктара саду, абвінавачаны ў антынямецкай прапагандзе і арыштаваны. У сакавіку 1944 г. ён з іншымі вязнямі вывезены немцамі з Віцебска ў Брэст[3].

 
Разборка разбураных будынкаў

За гады вайны сад быў практычна знішчаны[1], засталася толькі частка дэндрарыя[2]. Пасля вызвалення Віцебска з 1944[2] года пачаліся працы па стварэнні саду нанова. Неўзабаве пасля вызвалення Брэста Л. Д. Нікольскі вярнуўся ў Віцебск і 17 лістапада 1944 г. адноўлены на пасадзе дырэктара батанічнага саду[3].

У 19481952 гг. закладзены новы дэндрарый. У 1953 годзе ў калекцыях саду налічвалася 1600 таксонаў. Гэты час яго найвышэйшага росквіту[1].

 
Адноўленая аранжарэя

Сярод 59 садоў СССР Віцебскі батанічны сад па памерах (7,7 га) стаяў на 31 месцы, па плошчы аранжарэй (700 кв.м) — на 12, па колькасці відаў травяністых раслін (1057 відаў і сартоў) — на 12 месцы[1].

Перыяд заняпаду правіць

У канцы 1953 года Л. Д. Нікольскі памірае, а ўжо праз паўгода паводле рашэння Савета Міністраў БССР № 559 ад 16.06.1954 г. батанічны сад (плошча 4 га)[2] быў рэарганізаваны ў аграбіястанцыю педінстытута.

Тэрыторыю сада была падзелена на часткі. Частка зямлі адышла пад аграбіястанцыю, а іншая да станцыі юных натуралістаў. У аграбіястанцыі быў іншы кірунак працы, гэта прывяло да рэзкага зніжэння біяразнастайнасці батанічных калекцый жывых раслін[1], спынілася ўсякая праца па інтрадукцыі дзікарослых дрэвавых і дэкаратыўна-травяністых раслін[3].

Аграбіястанцыяй падтрымліваліся толькі калекцыі аддзелаў агародніцтва і пладаводства. Пачалося няўхільнае зніжэнне колькасці відаў у батанічных калекцыях. Аграстанцыя высадзіла новы пальметны яблыневы сад на сярэднерослых прышчэпах[3].

Пад гарадскую забудову адрынуты 4,4 га раней засвоенай плошчы, дзе размяшчаўся калекцыйны ўчастак мясцовай флоры, разбураны парнікі і аранжарэі, сад на тэрасах і пейзажны парк былі закінуты і выведзены са складу тэрыторыі, апрацоўвалася ўсяго 20 сотак зямлі, і была маленькая цяпліца плошчай 70 кв.м. на пячным ацяпленні, у якой вырошчваліся 45 відаў пакаёвых раслін. З некалі найбагацейшых калекцый знікла звыш 1300 відаў раслін. У адкрытым грунце захавалася ўсяго 135 відаў. Быў страчаны архіў саду і большасць каштоўных навуковых звестак па інтрадукцыйным выпрабаванні сабраных у 1919—1954 гг. раслін. Пра сад нагадваў дэндрарый на плошчы 0,5 га на рагу вуліц Камуністычнай і Урыцкага, дзе раслі 75 відаў дрэў і невялікі пладовы сад пасаджаны юннатамі[3].

Адраджэнне саду правіць

У 1979 г. па ініцыятыве прафесара У. А. Радкевіча (былога юнната «школьнага» саду) і кафедры батанікі[3] батанічны сад быў адноўлены Міністэрствам асветы БССР[1] ў граніцах сваёй паваеннай тэрыторыі[3], як навучальнае падраздзяленне Віцебскага педагагічнага інстытута. Плошча 7,6 га[2]. Да гэтага часу ў адкрытым грунце захавалася ўсяго 135 відаў раслін (з іх 75 драўняных парод), у старой цяпліцы — 45 відаў трапічнай флоры. Пасля аднаўлення статусу батанічнага саду паступова пачалося нарошчванне калекцый[1].

У 1990—1992 гг. пабудаваны дзве новыя аранжарэі па 100 кв.м. і рэканструявана і пашырана да 90 кв.м. старая цяпліца[1].

Пасля пераўтварэння ў 1995 годзе педагагічнага інстытута ва ўніверсітэт батанічны сад набыў статус навучальна-навуковага падраздзялення ўніверсітэта. З гэтага часу ідзе планамернае пашырэнне калекцый жывых раслін і павелічэнне іх біяразнастайнасці[1].

Батанічны сад універсітэта падтрымлівае навуковыя сувязі, абменьваецца насеннем, спісамі і каталогамі сваіх раслін з 225 батанічнымі ўстановамі ў 57 краінах свету, ахопліваючы ўсе мацерыкі і геаграфічныя рэгіёны. Інтэнсіўныя сувязі з замежнымі батанічнымі ўстановамі дазволілі саду сабраць багатую калекцыю раслін[1].

Гадавальнік батанічнага саду рэалізуе арганізацыям і насельніцтву пасадачны матэрыял дэкаратыўных дрэвавых і кветкавых раслін (звыш 100 найменняў новых і перспектыўных сартоў)[1].

Калекцыя правіць

Сучасны дэндрарый разбіты паводле геаграфічнага прынцыпу, збераглося каля 80 відаў дрэў (сектары Амерыкі і Канады, Еўропы, Сібіры, Усурыйскага края і Маньчжурыі і інш); ёсць калекцыі травяністых і кветкава-дэкаратыўных раслін[2].

У 2020 годзе ў калекцыях расло больш 2550 відаў, разнавіднасцяў, формаў і сартоў раслін, сабраных з усіх кантынентаў. Сёння ў Беларусі гэта другая па велічыні калекцыя жывых раслін[1].

Структура правіць

Сёння ў структуру батанічнага саду ўваходзяць[1]:

Аддзел дрэвавых раслін правіць

Аддзел дрэвавых раслін займае плошчу 1,9 га і налічвае 380 парод, якія адносяцца да 100 родаў з 42 сямействаў. Ён складаецца з рэштак паваеннага дэндрарыя, разбітага па геаграфічным прынцыпе (расце 75 відаў, пасаджаных у 1948-50 гг.), і ландшафтнага парку, дзе драўняныя пароды высаджаны ў экспазіцыі. Курыруе калекцыю драўняных раслін саду Ю. І. Высоцкі[1].

Аддзел дэкаратыўна-кветкавых травяністых раслін правіць

Аддзел дэкаратыўна-кветкавых травяністых раслін размешчаны на 9 калекцыйных участках плошчай 0,54 га. Тут растуць 1509 відаў і сартоў, якія адносяцца да 475 родаў з 102 сямействаў. Курыруе калекцыю аддзела І. М. Марозаў[1].

Аддзел трапічных і субтрапічных раслін правіць

Аддзел трапічных і субтрапічных раслін (аранжарэя і цяпліца) уключае 667 відаў, сартоў і формаў, якія адносяцца да 213 родаў з 84 сямействаў. Калекцыю кактусаў і сукулентаў курыруе В. Л. Волкаў. Калекцыю трапічных і субтрапічных раслін — Д. Аляксандравіч[1].

Экспазіцыі правіць

У садзе створаны новыя навучальна-асветныя батанічныя экспазіцыі[1]:

  • ахоўныя і рэдкія расліны;
  • прыбярэжна-водныя расліны;
  • рэзка-араматычныя расліны;
  • дэкаратыўны вадаём і мініальпінарый;
  • новыя віды шматгадовых раслін у кветкаводстве і азеляненні;
  • эвалюцыйная сістэма раслін Акадэміка Тахтаджана;
  • сад ценявых раслін.

На аснове гэтых экспазіцый і калекцыйных насаджэнняў сад праводзіць тэматычныя экскурсіі і навучальныя заняткі[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф О факультете - ВГУ имени П.М. Машерова - ВГУ имени П.М. Машерова. vsu.by. Праверана 6 сакавіка 2024.
  2. а б в г д е ё Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
  3. а б в г д е ё ж з і к Очерк истории Витебского ботанического сада.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць