Безназоўнае (паэма)

паэма

«Безназоўнае» — паэма Янкі Купалы, напісаная ў 1924 годзе. Чарнавыя аўтографы паэмы захоўваюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.[1] Рукапіс паэмы таксама захоўваецца ў Публічнай бібліятэцы Нью-Ёрка.[2]

«Безназоўнае»
Выданне
Ілюстрацыя В. Шаранговіча
да паэмы Янкі Купалы «Безназоўнае»
(1977)
Жанр паэма
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1924
Дата першай публікацыі 1924
Электронная версія
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

Гісторыя публікацый

правіць

Упершыню цалкам паэма надрукаваная ў Менску ў 1924 годзе ў часопісе «Полымя» (№ 2). Раздзел 8 пад назвай «Трэба» прысвечаны «Газэце „Савецкая Беларусь“ з прывітаннем выхаду яе тысячнага нумару», напісаны 2 студзеня 1924 года, апублікаваны ў газеце «Савецкая Беларусь» 5 студзеня 1924 года. Раздзелы 6 і 7 пад агульным загалоўкам «Як бы хто набаяў…» з прысвячэннем «На прывітанне пашырэння Беларусі і шостага Усебеларускага з’езда Радаў» напісаныя 11 сакавіка 1924 года і ўпершыню апублікаваныя ў газеце «Савецкая Беларусь» 12 сакавіка 1924 года.[1]

«Пакінем спадчыну мы для патомкаў
Інакшую ад той,
Што ўзялі мы ад продкаў на абломках
Гісторыі сваёй.

З інакшай думкай пойдзе ў свет і людзі
Патомак гэны наш:
Згібацца ўжо не будзе і не будзе
Піць з недапітых чаш.»

Я. Купала

З заключнага раздзела паэмы «Безназоўнае»

Апісанне

правіць

Галоўная тэма паэмы — нацыянальнае дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі, духоўнае самасцвярджэнне беларускага народа.[3] В. Рагойша вызначае паэму як героіка-патрыятычную.[4]

У паэме Я. Купала адгукнуўся на падзеі, што адбываліся на Беларусі ў 1920-я гады, у прыватнасці, на ўваходжанне ў склад Беларусі тэрыторый Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. У паэме 10 раздзелаў, аб’яднаных вобразам Беларусі і ўслаўленнем яе дзяржаўнасці. Я. Купала як бы назірае за працэсам адраджэння краіны, набываннем ім шырыні і размаху. Нацыянальнае адраджэнне паэт параўноўвае з абрадамі заручынаў і вяселля, дзе сабраліся жаданыя госці. Каранаваная нявеста, якая сімвалізуе Беларусь, заняла свой пачэсны пасад, стала гаспадыняй у сваёй хаце.[5]

Адна з найбольш загадкавых паэм Купалы. Ул. Някляеў назваў яе «апошняй купалаўскай паэмай Купалы». У паэме няма ніводнага названага героя, ёсць толькі абагуленае «мы». Як і ў «Адвечнай песні», герой паэмы не мае імені, ён проста Мужык.[6]

І. Навуменка адзначае рухомую інтанацыю паэмы, насычанасць твору яркімі эпітэтамі, метафарамі, якія падкрэсліваюць маштабны палёт паэтавай думкі, «нястрымны разліў пачуцця». Новыя, народжаныя на гістарычным сацыяльным пераломе паняцці паэт падводзіць пад вобразы, выпрацаваныя народнай традыцыяй, або стварае ў яе духу.[1]

Пераклады і мастацкія ўвасабленні

правіць

На польскую мову паэму пераклаў Ч. Сенюх (раздзел 6), на рускую — А. Андрэеў, Н. Кіслік, на ўкраінскую — І. Муратаў, А. Паніў. Ілюстраваў паэму В. Шаранговіч.[1]

Зноскі

  1. а б в г І. Навуменка Безназоўнае (паэма) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 68—69.
  2. У Публічнай бібліятэцы Нью-Ёрка адкрываюць беларускі архіў. Хартыя '97 (8 красавіка 2009). Праверана 2 студзеня 2013.
  3. Янка Купала (біяграфія)(недаступная спасылка). Родныя вобразы. Архівавана з першакрыніцы 13 студзеня 2012. Праверана 1 студзеня 2013.
  4. В. Рагойша. Уводзіны ў літаратуразнаўства. Ч. 1. Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка. — Мінск: БДУ, 2011. — Т. 1. — 247 с. — ISBN 978-985-518-375-5. Архівавана 27 верасня 2020.
  5. Паэмы Янкі Купалы. Янка Купала. Праверана 1 студзеня 2013.
  6. Уладзімір Някляеў Шлях (папулярны біяграфічны нарыс) // Дзеяслоў : часопіс. — Мінск: 2007. — № 28. — ISSN 2076-1309.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць