Белавежска-Гайнаўская забастоўка рабочых лесапільных заводаў
Белавежска-Гайнаўская забастоўка рабочых лесапільных заводаў адбылася з 3 лютага па 2 красавіка 1932 года пад кіраўніцтвам Гайнаўскага райкама Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) і забастовачнага камітэта. Дапамогу Гайнаўскай партыйнай арганізацыі аказвалі Беластоцкі акружны камітэт і ЦК КПЗБ. Удзельнічала каля 2,2 тысяч чалавек. Рабочыя патрабавалі павышэння зарплаты, аднаўлення на рабоце двух незаконна звольненых лесарубаў.
Прадпрыемцы спрабавалі зламаць бастуючых нявыдачай зарплаты. У адказ на гэта 22 лютага больш за 1 тысячу рабочых Гайнаўкі разам з сем’ямі арганізавалі «марш галодных» у Белавежу, дзе знаходзілася дырэкцыя промыслу. Да іх далучыліся бастуючыя рабочыя Белавежы, беспрацоўныя, сяляне навакольных вёсак. Адбылося сутыкненне з паліцыяй, многія рабочыя былі паранены. Напалоханая адміністрацыя заводаў вымушана была павысіць зарплаты на 15%, прыняць на работу звольненых. Аднак праз некаторы час прадпрыемцы парушылі ўмовы дагавору, і забастоўка ўспыхнула з новай сілай. Пасля арышту 6 членаў забастовачнага камітэта рабочыя рушылі на паліцэйскі ўчастак у Гайнаўцы, патрабуючы вызвалення людзей. Паліцыя адкрыла агонь, рабочы Я. Верпахоўскі быў забіты, 8 чалавек цяжка паранены. Пахаванне Верпахоўскага вылілася ў антыўрадавую дэманстрацыю, у якой удзельнічала некалькі тысяч чалавек. У знак пратэсту супраць бясчынстваў паліцыі ў Гайнаўцы забаставалі рабочыя лесапільных заводаў Белавежы і Чэрлядзі. Пад націскам працоўных арыштаваныя былі вызвалены і адноўлены на рабоце.
Літаратура
правіць- Палуян, І. В. Белавежска-Гайнаўская забастоўка рабочых лесапільных заводаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 342—343. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.) / [А. Н. Мацко и др.]. — Минск: Беларусь, 1966. — 401, [2] с., [8] л. ил.