Беларускае выдавецкае таварыства

Беларускае выдавецкае таварыства (БВТ) існавала ў Вільні ў 19131915 і 19191930 гг., выдавала і распаўсюджвала творы беларускай літаратуры.

Беларускае выдавецкае таварыства
Краіна
Заснавана 1 (14) ліпеня 1913
Ліквідавана 1930-я

Заснавана таварыства 1 (14 ліпеня) 1913 года на базе выдавецтва «Нашай Нівы» Б. Даніловічам, І. Луцкевічам, К. Шпакоўскім і іншымі. Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Галоўную мэту сваёй дзейнасці бачыла ў духоўным адраджэнні беларускага народа.

Першы этап існавання (1913—1915) правіць

У 1913—1914 гадах сакратаром выдавецтва працаваў Янка Купала. Старшынёй яго стаў Вацлаў Іваноўскі, які прадставіў памяшканне і грашовыя сродкі; значныя субсідыі таварыству выдзяляла княгіня Магдалена Радзівіл.

На першым этапе існавання выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 50 тыс. экз. Сярод іх творы Я. Коласа, М. Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К. Буйло, П. Беларуса, Я. Лёсіка і інш., «Велікодная пісанка», «Апавяданні і легенды вершам», «Беларускія календары» на 1914, 1915 гады.

Цэнтрам распаўсюджання выдадзеных кніг стала заснаваная ў жніўні 1913 годзе пры ўдзеле БВТ беларуская кнігарня Вацлава Ластоўскага. У той час гэта было адзінае беларускае выдавецтва, якое выплачвала аўтарскія ганарары.

Выдавецтва спыніла дзейнасць у 1915 годзе з прычыны Першай сусветнай вайны.

Другі этап існавання (1919—1930) правіць

 
Знак Беларускага выдавецкага таварыства ў «Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры» І. Дварчаніна. 1927

Таварыства аднавіла дзейнасць у 1919 годзе (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»). Выпускала навукова-папулярную, навучальную і мастацкую літаратуру. Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў сярэдзіне 1920-х гадоў актывізаваў працу выдавецтва. У яго кіраўніцтва (працавала на кааператыўных пачатках) уваходзілі вядомыя культурна-грамадскія дзеячы Заходняй Беларусі. Вядучае месца заняло выданне мастацкай літаратуры.

У другі перыяд існавання ў таварыстве выйшлі «Выбраныя творы» Я. Коласа, п’есы «У іншым шчасці няшчасце схавана» К. Каганца, «Суд» У. Галубка, «Атрута» М. Гарэцкага, «Лекары і лекі» А. Гаротнага, зборнік вершаў «зорным шляхам» Х. Ільяшэвіча, зборнік заходнебеларускіх паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І. Дварчаніна, крытычныя нарысы «Адбітае жыццё» А. Навіны, філасофскія эцюды «Адвечным шляхам» І. Абдзіраловіча (І. Канчэўскага), успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» А. Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М. Доўнар-Запольскага і інш.

У перакладзе на беларускую мову выдадзены творы М. Лермантава, У. Караленкі, У. Гаршына, Г. Сянкевіча. Выдала кнігу палітычных і эканамічных артыкулаў "Зборнік «Наша ніва», працы па педагогіцы С. Паўловіча, вучэбныя дапаможнікі «Беларуская правапісь з практыкаваннямі» і «Правапісь чужых слоў» Я. Станкевіча, зборнік артыкулаў аб кааперацыі, кнігі па сельскай гаспадарцы Я. Пачопкі, «Беларускі спеўнік з нотамі» (вып. 1, у яго ўвайшлі народныя песні і творы, народжаныя вызваленчым рухам), «Беларускія календары» на 1926, 1927 і 1929 гады.

Спыніла дзейнасць у пачатку 1930-х гадоў пасля забароны ўрадам Польшчы легальных форм вызваленчага руху.

Літаратура правіць