Беларускае грамадска-культурнае таварыства (Санкт-Пецярбург)

Белару́скае грама́дска-культу́рнае тавары́ства (БГКТ) у Санкт-Пецярбургу — грамадская арганізацыя. Заснавана 30 красавіка 1989 года. Старшыня да 2013 года — Валянцін Пятровіч Грыцкевіч. Праводзіць навуковыя канферэнцыі, творчыя сустрэчы, лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, культурна-асветную работу. Мае філіялы — Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і рэгіянальную суполку Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. У 1992 годзе намаганнямі арганізацыі на месцы масавых растрэлаў савецкіх грамадзян у гарадскім пасёлку Левашова пастаўлены памятны крыж ахвярам з Беларусі і Літвы, падрыхтавана кніга «Мартыралог беларусаў Ленінграда». Прымае ўдзел у міжнародных і беларускіх навуковых канферэнцыях, з’ездах беларусаў свету і блізкага замежжа і іншае. Калектыў мастакоў «Маю гонар» наладжвае выстаўкі ў Расіі, Беларусі, краінах Балтыі[1].

Зноскі

  1. А. С. Ляднёва. Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ) у Санкт-Пецярбургу // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 395.

Літаратура правіць