Беларускае навукова-культурнае таварыства
Белару́скае навуко́ва-культу́рнае тавары́ства (БНКТ). Існавала ў Маскве ў 1918—1919 гадах. Створана пры садзеянні Беларускага нацыянальнага камісарыята[1].
Мела на мэце развіццё навукі і культуры Беларусі, правядзенне культурна-асветнай работы сярод беларусаў. У таварыства ўваходзілі В. Р. Брайцаў (сакратар праўлення), Я. Л. Дыла, В. І. Качалаў, М. К. Любаўскі, У. І. Пічэта (старшыня праўлення), Ф. Ф. Турук, М. А. Янчук і іншыя. На першым публічным пасяджэнні таварыства, якое адбылося 14 ліпеня 1918 года, прысутнічала больш за 1000 чалавек, з дакладам «Асноўныя моманты гісторыі Беларусі» выступіў Любаўскі. Таварыства планавала выдаць матэрыялы і даследаванні па этнаграфіі Беларусі пад рэдакцыяй Янчука, зборнікі беларускага фальклору і нарысаў беларускай літаратуры, гісторыка-эканамічную хрэстаматыю, 46 кніг па гісторыі Беларусі, працы па эканамічных і сельскагаспадарчых ведах. Падрыхтавала да выдання ў лютым 1919 года часопіс «Белорусская жизнь», у які ўключаны творы Я. Купалы, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, артыкул пра палітычныя кірункі ў беларускім нацыянальным руху (з дадаткам дакументаў), народныя песні з архіва В. Бадзянскага, артыкул пра вырабы са скуры і дрэва; часопіс у свет не выйшаў.
Прадстаўнікі таварыства Янчук і Брайцаў 22 сакавіка 1919 года ўдзельнічалі ў нарадзе па арганізацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, скліканай Наркамасветы РСФСР. Умовы грамадзянскай вайны не далі таварыству разгарнуць актыўную работу.
Зноскі
- ↑ В. У. Скалабан. Беларускае навукова-культурнае таварыства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 397.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Скалабан, В. У. Беларускае навукова-культурнае таварыства / В. У. Скалабан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 356.
- Скалабан, В. Па ленінскаму дэкрэту // Мастацтва Беларусі. — 1984. — № 4. — С.
- Турук, Ф. Вместо предисловия // Любавский, М. К. Основные моменты истории Белоруссии. — М., 1918.