Беларускае слова (1920)

1920

«Беларускае слова» — штодзённая палітычная, літаратурная і эканамічная газета, орган Гродзенскага беларускага нацыянальнага камітэта, з 23 лістапада 1920 — Цэнтральнага беларускага нацыянальнага камітэта. Выдавалася з 2 кастрычніка 1920 да 7 студзеня 1921 у Гродне на беларускай мове. Рэдактары: В. Адамовіч, У. Шалешка (з № 42).

«Беларускае слова»
Арыгінальная
назва
Беларускае слова
Тып газета
Фармат A3
Рэдактар Вячаслаў Антонавіч Адамовіч
Заснавана 2 кастрычніка 1920
Спыненне публікацый 7 студзеня 1921
Палітычная прыналежнасць Беларускі нацыянальны камітэт (Гродна)
Мова беларуская

У газеце супрацоўнічалі А. Смоліч (пад крыптанімам «Л. Б.»), С. А. Рак-Міхайлоўскі («С. Р.», «С. Р-к»), Я. Натусевіч і інш. Інфармавала пра падзеі на Беларусі, у Польшчы і ва ўсім свеце. Палітычнае жыццё асвятляла з пазіцый барацьбы за нацыянальнае вызваленне беларускага народа, у гэтай сувязі палемізавала з польскай афіцыйнай прэсай. Друкавала матэрыялы пра Слуцкае паўстанне 1920 (хроніку яго падзей), высвятляла палітычнае аблічча С. Н. Булак-Балаховіча, падкрэслівала яго авантурызм, сувязь з Б. В. Савінкавым. інфармавала пра раззбраенне і інтэрніраванне часцей Булак-Балаховіча польскімі ўладамі. Пільна сачыла за савецка-польскімі перагаворамі ў Рызе, значную ўвагу аддавала захопу Віленшчыны войскамі генерала Л. Жалігоўскага і звязаным з гэтым актам палітычным перспектывам краю. Рэзка крытыкавала палітыку нацыяналчьнага ўціску ў Польшчы: зняволенне ў турмы беларускай інтэлігенцыі, рабункі і фізічныя пакаранні сялян польскімі салдатамі, надзяленне беларускімі і ўкраінскімі землямі польскіх вайскоўцаў — удзельнікаў савецка-польскай вайны 1920, праследаванні беларускіх настаўнікаў, паланізацыю школы.

Расказвала пра работу Гродзенскай беларускай гімназіі, беларускага дзіцячага прытулку, кнігарні і чытальнай залы, беларускія культурна-масавыя мерапрыемствы ў Гродне, грамадскае жыццё беларусаў у ЗША. Асвятляла сацыяльна-палітычнае жыццё ў СССР, змяшчала інфармацыю пра VIII Усерасійскі з'езд Саветаў, пісала пра вывучэнне роднай мовы ў БССР.

Выйшла 78 нумароў. Закрыта ўладамі Польшчы.

Літаратура правіць