Беларускае слова (1926)
«Белару́скае сло́ва» — заходнебеларуская штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 3 лютага 1926 да 9 лютага 1928 года ў Вільні на беларускай мове. Выдавец — Часовая беларуская рада, з № 20 (1926) — Беларуская нацыянальная рада. Адказны рэдактар — Т. Вернікоўскі.
«Беларускае слова» | |
---|---|
Тып | газета |
Выдавец | Беларуская часовая рада |
Галоўны рэдактар | Тодар Вернікоўскі |
Заснавана | 3 лютага 1926 |
Спыненне публікацый | 9 лютага 1928 |
Мова | беларуская |
Галоўны офіс |
У сваіх праграмных артыкулах заяўляла пра нацыянальнае адраджэнне, тэрытарыяльную і культурна-нацыянальную аўтаномію Беларусі, перадачу зямлі сялянам на падставе ўласнасці, шырокі дэмакратызм, барацьбу з камунізмам, нацыянальную царкву, далучэнне Усходняй Беларусі да Заходняй, прызнанне польскай дзяржаўнасці, спыненне нацыянальнай варожасці, агульную грамадскую згоду паміж польскім і беларускім народамі.
Крытыкавала праграмы Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), Беларускага сялянскага саюза, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, «камуністычную работу» БСРГ і яе газеты «Беларуская ніва». Пісала пра варожасць апошняй да газеты «Беларуская крыніца», якую «Беларуская ніва» называла «буржуазна-ксяндзоўскім» органам, пра адносіны беларускіх палітычных арганізацый да БСРГ, якая выступае за «інтэрнацыянальныя інтарэсы пралетарыяту», здрадзіўшы беларускаму сялянству.
Змяшчала матэрыялы пра краявы польскі з’езд у Гродне, агульны сход таварыства «Прасвет» і яго працу (арганізацыю беларускіх настаўніцкіх курсаў і бібліятэк, удзел у школьным плебісцыце, падтрымку беларускіх культурных устаноў і інш.), асвятляла пытанні беларускага школьніцтва, працаўладкавання інтэлігенцыі ў школы і адміністрацыйныя ўстановы, удзелу ў самаўрадах, зямельнай справы і інш. Уважліва сачыла за працэсам беларусізацыі ў БССР. У артыкуле «Бальшавікі і царква», які быў апублікаваны ў 1926 годзе (№ 3), крытычна ставілася да змены ў БССР абраду «хрышчэння» на «акцябрыны», калі немаўлят накрывалі чырвоным сцягам і давалі ім імёны Акцябр, Рэвалюцыя, Марксіст.
Змяшчала на сваіх старонках агляды падзей у свеце і Польшчы, юрыдычныя парады. У рубрыцы «Наш сатырыкон» друкавала пародыі на творы І. Крылова, Ядвігіна Ш., артыкулы Я. Светазара, пераклады з рускай мовы твораў П. Раманава і інш.
Выйшла 74 нумары.
Літаратура
правіць- В. І. Дзяшко. «Беларускае слова» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 400. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Дзяшко, В. І. «Беларускае слова» / В. І. Дзяшко // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 357.