Беларускае студэнцкае зямляцтва (Смаленск)

Беларускае студэнцкае зямляцтва ў Смаленску. Існавала з восені 1924 да вясны 1929(?) пры Смаленскім універсітэце.

Займалася культурна-асветнай дзейнасцю сярод студэнтаў-беларусаў і беларускага насельніцтва Смаленска. Выканаўчы орган — бюро, старшыня студэнт педагагічнага факультэта У. Ганчароў (да 6 сакавіка 1926; ён жа загадчык Беларускай секцыі пры губернскім аддзеле народнай адукацыі), сакратар А. А. Міхальчанка. Пазней намеснікам старшыні і старшыня культурнай камісіі М. Чунаева, сакратар М. Цішкевіч; старшыня рэвізійнай камісіі навучэнец рабфака Гамаліцкі. У 1926 у склад зямляцтва ўваходзіла 115 чал. (студэнты педагагічнага, медыцынскага, рабочага факультэтаў Смаленскага ўніверсітэта, фармацэўтычнага і кааператыўнага тэхнікумаў, губернскай савецкай партшколы), у 1927/28 навучальным годзе — 158 чал. Працавалі гурткі беларусазнаўства (выкладчыкі Ганчароў, П. Кароль), драматычны (кіраўнік І. Хацкевіч), харавы (у 1926 кіраўнік П. М. Івашчанка, пазней Ратнер); арганізоўвала вечарыны, ставіла спектаклі.

Восенню 1927 у склад зямляцтва ўвайшлі некаторыя сябры Гомельскага, Смаленскага зямляцтваў, навучэнцы беларускіх аддзяленняў рабфака і губернскай савецкай партшколы. Супрацоўнічала з Беларускай секцыяй пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай адукацыі, губернскім краязнаўчым таварыствам, з таварыствам палітычных эмігрантаў Заходняй Беларусі ў Смаленску. З вясны 1927 наладзіла сувязі з Цэнтральным бюро пралетарскага студэнцтва Беларусі і Наркаматам асветы БССР (атрымала ад апошняга 300 руб. грашовай датацыі). Зямляцтву дапамагалі Смаленскі губернскі выканком, губернскі аддзел народнай адукацыі і губернскі Савет прафсаюзаў. Ад ЦБ пралетстуда Беларусі атрымлівала беларускія перыядычныя выданні і падручнікі па беларусазнаўстве. Пасылала сваіх прадстаўнікоў у Аршанскі, Віцебскі, Мазырскі і Мінскі акруговыя выканкомы па пытанні выдзялення матэрыяльнай дапамогі для студэнтаў-ураджэнцаў гэтых акруг.

Пры ўдзеле сяброў зямляцтва арганізаваны беларускі аддзел у губернскай бібліятэцы. З Зямляцтвам супрацоўнічалі А. Ляўданскі, настаўнікі і выкладчыкі-беларусы П. К. Кароль, Ю. Лазарэвіч, М. Ражнова і інш.

29 лістапада 1925 зямляцтва правяло 1-ю канферэнцыю беларускіх навучэнцаў Смаленска. 26 студзеня 1926 адбылася ўрачыстая сустрэча сяброў зямляцтва з У. Ігнатоўскім, які на наступны дзень выступіў перад сябрамі зямляцтва і студэнтамі Смаленскага ўніверсітэта з лекцыяй па гісторыі беларускай культуры. 5 снежня 1926 зямляцтва святкавала 20-годдзе літаратурнай дзейнасці Я. Коласа. Летам 1928 выпускную вечарыну студэнтаў педагагічнага факультэта наведаў беларускі пісьменнік М. Гарэцкі.

Актывісты зямляцтва: І. В. Дашкевіч, І. П. Дзмітрачэнка, К. жэжаль, В. С. Клім, С. Кулагін, Б. С. Манеўскі, М. Я. Чадовіч, М. Шыкун і інш.

Літаратура правіць

  • Васілеўскі, Ю. Р. Беларускае студэнцкае зямляцтва / Ю. Р. Васілеўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 358—359.
  • Гончаров, В. Товарищ Игнатовский в Смоленске. Студенты-белорусы в Смоленске и их объединение // Рабочий путь [Смоленск]. — 1926. — № . — 3 февраля. — С.