Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны
Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны — дабрачынная арганізацыя для дапамогі бежанцаў-беларусам у 1-ю сусветную вайну.
Існавала з студзеня 1916 да пачатку 1918 гг. Заснавальнікі Б. І. Эпімах-Шыпіла, Ч. І. Родзевіч, Аляксандр Ярэміч, У. Ф. Міткевіч. На чале таварыства быў камітэт (старшыня Л. С. Сеўрук, намеснік старшыні Ярэміч і М. І. Мігай, сакратар Э. А. Будзька). Таварыства аказвала дапамогу грашыма і рэчамі, адкрыла інтэрнаты для беларускіх студэнтаў і вучняў, дзіцячы прытулак, кравецкую майстэрню, выдавала лістоўкі з заклікам ахвяраваць грошы для бежанцаў, наладжвала «Беларускія вечарыны». Падтрымлівала сувязі з Мінскім аддзелам Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Імкнулася пашырыць уплыў на ўсю тэрыторыю, дзе знаходзіліся бежанцы. У снежні 1917 годзе перавыбраны камітэт таварыства, у яго ўвайшлі члены Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (А. Р. Чарвякоў, А. Х. Усціловіч і іншыя). Спыніла дзейнасць са стварэннем Беларускага нацыянальнага камісарыята.
Літаратура
правіць- Скалабан, В. У. Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны / В. У. Скалабан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 361.