Беларуская цэнтральная рада

Беларускі прадстаўніцкі орган падчас нямецкай акупацыі Беларусі ў Другой Сусветнай вайне, пазней адзін з двух палітычных цэнтраў беларус
(Пасля перасылкі з Беларуская Цэнтральная Рада)

Беларуская цэнтральная рада (БЦР) — дапаможны дарадчы орган, цэнтральная інстанцыя беларускай калабаранцкай адміністрацыі ва ўмовах нацысцкай акупацыі ў Генеральнай акрузе «Беларусь», з ліпеня 1944 года — «галоўнае прадстаўніцтва беларускага народа». Пасля вайны дзейнічала на эміграцыі. Рада БНР не прызнае законнай Беларускую цэнтральную раду[1].

Беларуская цэнтральная рада
скарочана — БЦР
Выява лагатыпа
Пячатка Беларускай Цэнтральнай Рады. 1943
Сядзіба Беларускай цэнтральнай рады ў будынку Ленінскай бібліятэкі. 1943
Сядзіба Беларускай цэнтральнай рады ў будынку Ленінскай бібліятэкі. 1943
Агульная інфармацыя
Краіна
Дата стварэння снежань 1943
Папярэдняе ведамства Беларуская рада даверу
Дата скасавання красавік 1995
(дэ-факта са смерцю апошніх членаў БЦР)
Штаб-кватэра Мінск, Беларусь
Адказныя міністры Юрый Сабалеўскі, Кіраўнік паліцыі
Юрый Сабалеўскі, Кіраўнік Беларускай краёвай абароны
Франц Кушаль, Кіраўнік Беларускай краёвай абароны
Старшыня Радаслаў Астроўскі
1-ы намеснік Мікалай Шкялёнак

Нямецкая акупацыя

правіць

Беларуская цэнтральная рада была створана ў снежні 1943 года з Беларускай рады даверу пры Генеральным камісарыяце Беларусі.

У БЦР увайшлі 14 чалавек Р. Астроўскі (прэзідэнт), М. Шкялёнак (1-ы віцэ-прэзідэнт), Ю. Сабалеўскі (2-і віцэ-прэзідэнт), Ф. Кушаль (ваенныя справы), С. Кандыбовіч (фінансы), А. Калубовіч (справы культуры), П. Свірыд (юрыдычныя і рэлігійныя справы), С. Каляда (лясная гаспадарка), С. Стаськевіч (прафесійныя справы), А. Сакрат (школьныя справы), П. Орса (сельская гаспадарка), Н. Абрамава, М. Ганько і інш., якія ўзначальвалі 13 адпаведных раздзелаў.

Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сацыяльнай апекай, Беларусай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы і надалей заставаліся пад кантролем нямецкіх акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесніцтвы ці аддзелы БЦР (не былі створаныя ў Барысаўскай, Ганцавіцкай і Лідскай акругах).

У падпарадкаванне БЦР былі перададзены Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі. Члены БЦР спрабавалі стварыць з беларускага насельніцтва воінскія фарміраванні.

Дзейнасць БЦР фактычна была спынена на Другім Усебеларускім кангрэсе (27 чэрвеня 1944). Але юрыдычна дзейнасць БЦР не была спынена. 4-ты пункт прынятай кангрэсам рэзалюцыі: «Адзіным праўным прадстаўніком Беларускага Народу і ягонага краю з’яўляецца сягоньня Беларуская Цэнтральная Рада з Прэзідэнтам Радаславам Астроўскім на чале.»[2]

Эміграцыя

правіць

У сувязі з наступленнем савецкіх войск большасць членаў БЦР перабраліся ў Германію, дзе працягвала сваю дзейнасць. 28 чэрвеня 1944 г. прэзідэнт Р. Астроўскі атрымаў ад нямецкага кіраўніцтва Мінска загад на эвакуацыю ў Кёнігсберг. Пасля кароткага знаходжання ва Усходняй Прусіі супрацоўнікі БЦР, паводле загаду нямецкага кіраўніцтва, былі пераведзены ў Берлін. Яўхім Кіпель пазней згадваў:

  Улетку 1944 г. беларускае жыцьцё ў Бэрліне было досыць актыўнае: паступова зьяжджаліся ў Бэрлін уцекачы, дзеілі арганізацыі беларускія пры Міністэрстве Прапаганды й пры Міністэрстве Ўсходніх Справаў, быў беларускі аддзел пры Арбайтфронце, дзеіў Беларускі камітэт, выходзілі газэты «Раніца» й «Беларускі Работнік» і паступова афармлялася БЦР[3]  

20 ліпеня 1944 г. Міністэрства ўсходніх акупаваных тэрыторый выдала інструкцыю, у якой былі пералічаны «рэальныя задачы і паўнамоцтвы» БЦР.

  1. Барацьба з бальшавізмам шляхам:
  • удзелу ў падрыхтоўцы да стварэння беларускіх ваенных фарміраванняў;
  • удзелу ў стварэнні партызанскіх груп за лініяй фронту;
  • актыўнае прапагандысцкая дзейнасць сярод беларускіх рабочых.
  1. Аб’яднанне ўсіх беларусаў у Саюзе вызвалення Беларусі.
  2. Культурная, сацыяльная і прававая апека над усімі беларусамі ў Германіі.
  3. Моладзевая праца (СБМ, ваенная дапаможная служба)
  4. Жаночая праца[4].

24 верасня 1945 г. на паседжанні XI Пленуму, які прайшоў у вёсцы Эшэрсбекен (каля Вюрцбурга), усе наяўныя ў Германіі члены арганізацыі (Радаслаў Астроўскі, Франц Кушаль, Аўген Калубовіч, Сымон Кандыбовіч, Пётр Орса, Станіслаў Станкевіч, Васіль Рагуля, Анатоль Шкутка (быў уключаны ў склад Рады восенню 1944 г.), Мікалай Шчорс, Аляксей Сянькевіч) вырашылі прыпыніць дзейнасць БЦР. Двое членаў Прэзідыума БЦР (Канстанцін Езавітаў, Мікалай Шкялёнак) вясной 1945 г. трапілі ў рукі СССР, а Сцяпан Калядка добраахвотна выехаў у Савецкі Саюз. Абгрунтаванне такой пастановы было звязана з тым «каб (…) ня даць бальшавіком магчымасьці выкарыстаць перад заходнімі саюзнікамі фармальна тактычнае супрацоўніцтва з немцамі ў мэтах канчальнага знішчэньня супрацьбальшавіцкага актыву»"[5]. XI Пленум БЦР ччасова прыпыніў дзейнасць арганізацыі, але не распускаў яе (пытанне нават не ставілася на галасаванне).

У 19471948 гг. у дачыненні да членаў БЦР пачалася кампанія дыскрэдытацыі. БЦР і яе прэзідэнт абвінавачваліся ў супрацоўніцтве з нацыстамі, прычым закіды рабілі экс-члены БЦР, якія самі прымалі ўдзел у грамадска-палітычным і ваенным жыцці акупаванай Беларусі: Барыс Рагуля — намеснік прэзідэнта БЦР у Наваградскай акрузе, Аўген Калубовіч, Антон Адамовіч, Станіслаў Станкевіч, Франц Кушаль, Янка Станкевіч.

30 снежня 1947 г. Радаслаў Астроўскі звярнуўся да беларускай эміграцыі ў Германіі, заклікаючы «спыніць усе спрэчкі паміж беларускім актывам» і правесці выбары ў Беларускае цэнтральнае прадстаўніцтва — арганізацыю, якая павінна была аб’яднаць прыхільнікаў БЦР[6]. У студзень 1948 г. да Радаслава Астроўскага звярнулася група беларускіх дзеячаў (Васіль Рагуля, Юрый Сабалеўскі, Мікола Шыла і інш.) з просьбай аднавіць дзейнасць БЦР. 9 мая 1948 г. у Эльвангене быў скліканы XII Пленум БЦР[7], на якім Беларуская цэнтральная рада была абвешчана «выканаўчым і прадстаўнічым на эміграцыі органам незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі». На Пленуме Радаслава Астроўскага пераабралі Прэзідэнтам на чарговы 4-гадовы тэрмін. Першым віцэ-прэзідэнтам БЦР стаў — Васіль Рагуля, другім — Мікалай Шчорс. Старшынёй Рады міністраў быў абраны Юрый Сабалеўскі, сакратаром БЦР — Іван Касяк[8].

Паслядоўнікі БЦР пасля вайны дзейнічалі ў ЗША, Вялікабрытаніі і інш.

22 кастрычніка 1960 г. Радаслаў Астроўскі на пленуме ў Саўт-Рыверы быў абраны на пасаду прэзідэнта БЦР на чарговую пяцігадовую кадэнцыю, аднак дзеяч склаў з сябе паўнамоцтвы, заявіўшы на III Кангрэсе беларусаў Амерыкі 23 кастрычніка 1960 г., што старэйшае пакаленне мусіць пакінуць актыўнае грамадскае жыццё, «каб даць дарогу маладым»[9].

У 1962 г. Радаслаў Астроўскі склаў з сябе паўнамоцтвы прэзідэнта, матываваўшы гэта ўзростам (яму тады споўнілася 75 гадоў) і перадаў іх кіраўніку Выканаўчага органа БЦР Аркадзю Арэхве, які, аднак, неўзабаве моцна захварэў і не здолеў прыступіць да выканання абавязкаў прэзідэнта. Да 1974 г., пакуль Астроўскі не вярнуўся да актыўнай грамадскай дзейнасці, БЦР не вяла ніякай працы. Прынамсі, не склікалася пленумаў, не праводзілася пасяджэнняў, не вялося справаводства.

3 — 4 ліпеня 1977 г. прайшоў XVIII-ы Пленум БЦР у рэсорце (доме адпачынку) «Белэйр-Менск» (Глен-Спэй, штат Нью-Ёрк). У ім удзельнічалі 43 грамадскіх дзеяча з ЗША, якія мелі мандаты-упаўнаважанні ад 16 дэлегатаў: з Аўстраліі (5), Канады (5), Вялікабрытаніі (3), Германіі (3) [10]. Удзельнікі Пленуму рэпрезентавалі Выканаўчы орган БЦР, дэлегатуры ў Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Канадзе, а таксама Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, аддзелы Беларускага вызвольнага фронту (краёвыя штабы) у Германіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Кліўлендзе, Вініпэге і Таронта, Згуртаванне беларуска-амерыканскіх ветэранаў (галоўны штаб і аддзел у Саўт-Рыверы), беларускія праваслаўныя парафіі ў Саўт-Рыверы, Рычманд-Гіле (Нью-Ёрк), Таронта і Лондане (Вялікабрытанія), Беларуска-амерыканскі грамадска-рэлігійны цэнтр у Саўт-Рыверы і грамадска-рэлігійны цэнтр у Глен-Спей, арганізацыя «Амерыканскія прыхільнікі БЦР». Сваё ўпаўнаважанне на Пленум даслалі Ян і Аліцыя Пятроўскія — як прадстаўнікі сямейнага Беларускага харатыўнага фонду.

Пасля 1995 г. БЦР не была дзейнай арганізацыяй, хоць афіцыйнага рашэння пра яе самароспуск не было. Паводле тэстаменту Міхася Зуя, пасля яго смерці (красавік 1995 г.) усе справы БЦР, абавязкі і паўнамоцтвы прэзідэнта былі перададзеныя В.Цярпіцкаму да часу склікання XX Пленуму БЦР. Але В.Цярпіцкі прыняў рашэнне прыпыніць дзейнасць БЦР, якая не мае людскіх рэсурсаў[11]. Віталь Цярпіцкі згадваў:

  Афіцыйна [з 1995 г.] ніякіх пасадаў у БЦР я не займаў. Адразу сказаў, што не зьбіраюся гуляць у салдацікі, як БНРаўцы. З адыходам Астроўскага эпоха БЦР скончылася. Я і Міхасю Зую радзіў паставіць кропку.[12]  

Прэзідэнты БЦР

правіць

Зноскі

  1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 390.
  2. Другі Усебеларускі Кангрэс. Матэрыялы сабраныя і апрацаваныя на падставе пратакольных запісаў камісіяй Беларусай Цэнтральнай Рады пад рэакцыяй праф. Р.Астроўскага). Выданне Беларускай Цэнтральнай Рады, Мюнхен, 1954. — 96 с. С.67
  3. Кіпель Я. Эпізоды. — Нью-Ёрк: Выдавецтва газэты «Беларус», 1998. — С. 231.
  4. Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн.: Беларусь, 1993. — С. 192.
  5. Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі (БККА). — Смаленск, 2009. — 428 с., [12] с. іл. — С.18
  6. Астроўскі Р. Беларусы і Беларускі. — Эміграцыя, снежань 1947. — 2 с.
  7. У Пленуме ўдзельнічалі 48 чалавек: Радаслаў Астроўскі, Янка Бекіш, Аляксандр Буглай, Аляксандр Вабішчэвіч, Ксенафонт Вайцяхоўскі, Людвіг Зарэчны, Аляксандр Гузоўскі, Сцяпан Дашкевіч, Раіса Евец, Міхаіл Ігнатовіч, Хведар Ільяшэвіч, Ілля Калько, Іван Касяк, Яўхім Кіпель, Барыс Крыстовіч, Янка Кудрук, Антон Курыловіч, Уладзімір Лазарэвіч, Мікалай Лапіцкі, Нік Лапушынскі, Іван Любачка, Віктар Мелюк, Мікалай Мінкевіч, Часлаў Найдзюк, Алесь Падун, Анатоль Плескачэўскі, Юрый Прускі, Васіль Рагуля, Усевалад Родзевіч, Сяргей Розмысл, Аляксандр Русак, Юрый Сабалеўскі, Ціхан Селівончык, Уладзімір Сенька, Юрый Стукаліч, Масей Сяднёў, Павел Свірыд, Аляксей Сянькевіч, Анатоль Ушал, Віктар Чабатарэвіч, Андрэй Чарэўка, Іван Шакун, Сымон Шаўцоў, Анатоль Шкутка, Марк Шпакоўскі, Мікалай Шчорс, Хведар Шыбут, Эмануіл Ясюк
  8. На пасаду першага віцэ-прэзідэнта былі вылучаны 3 кандыдатуры: Васіль Рагуля (19 галасоў), Юрый Сабалеўскі (14) і Анатоль Шкутка (7). Мікалай Шчорс набраў 29 галасоў, Анатоль Шкутка — 17 (тут галасаванне ішло за пасаду другога віцэ-прэзідэнта)
  9. Пратакол III Кангрэсу Бел. Амерыкі, каторы адбыўся дня 23 кастрычніка 1960 г. у Саўт-Рыверы ў зале Шакаў, 25 Уайтхэд Авэ а 13:00 пасля паўдня. Архіў Івана Касяка
  10. Пратакол 18-га Пленуму БЦР, які адбыўся 3 і 4 ліпеня 1977 г. у рэсорце «Белэр-Менск», Злучаныя Штаты Амерыкі
  11. Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі (БККА). — Смаленск, 2009. — 428 с., [12] с. іл. — С.239 — 240
  12. Цярпіцкі, В. Я — астрўшчык / Віталь Цярпіцкі // Адзінец, А. Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў: Зборнік ўспамінаў / Аляксандар Адзінец; Рэдактар А.Гардзіенка. — Мн.: Медысонт, 2007. — 704 с., 28 с. іл. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кніга 11). — С. 414—421.

Літаратура

правіць
  • Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск, 2009. — 428 с., [12] с. іл. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 16).
  • Салаўёў А. Беларуская цэнтральная рада. Мн., 1995.
  • Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй: Пер. з пол. — Мн., 1993.