Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў

Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП) — літаратурнае аб'яднанне. Створана ў 1928 г. пасля другога расколу (рэарганізацыі) «Маладняку». Спыніла дзейнасць у 1932 г.

Дэлегаты «БелАПП» у Маскве (1928 г.) Сядзяць : Б. Каваленка, Л. Бэндэ, М. Лынькоў, П. Галавач, А. Сянкевіч. Стаяць : Б. Аршанскі, Маслінскі, Я. Ліманоўскі, Х. Дунец, Р. Мурашка, А. Александровіч.

Гісторыя правіць

Усебеларускі з'езд «Маладняка» (25—28.11.1928) абвясціў сябе 1-м з'ездам БелАПП, статут прыняты 10.3.1929. Кіроўны орган — Праўленне і яго Секрэтарыят. Друкаваны орган — часопіс «Маладняк» (з № 12, 1928).

Мела рускую, літоўскую, польскую і яўрэйскую секцыі. Існавалі Бабруйскі, Віцебскі, Гомельскі, Магілёўскі, Мінскі, Полацкі і інш. філіялы, якія выдавалі свае зборнікі, альманахі, а таксама асобныя творы. Філіялы 20.10.1930 году былі ліквідаваныя, на іх базе створаныя літаратурныя гурткі, студыі пры буйных прадпрыемствах і калгасах. Мінскі філіял 29.4.1931 ператвораны ў МінАПП. Дзейнічала беларуская секцыя ў Маскве пры РАПП.

Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з Пастанаўленнем ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27 мая 1932).

Вядомыя сябры правіць

Сярод сяброў аб'яднання вядомыя А. Александровіч, З. Астапенка, А. Астрэйка, С. Баранавых, П. Броўка, П. Галавач, Ю. Гаўрук, І. Гурскі, А. Звонак, А. Куляшоў, Я. Ліманоўскі, М. Лынькоў, Б. Мікуліч, Р. Мурашка, А. Салагуб, Я. Скрыган, Ю. Таўбін, В. Таўлай, П. Трус, М. Хведаровіч, С. П. Шушкевіч, Ф. Шынклер і інш. Але болей вядомая БелАПП такімі асобамі як Л. Бэндэ, А. Кучар, С. Васілёнак, І. Барашка, Я. А. Бранштэйн, А. Канакоцін.

Дзейнасць правіць

БелАПП працягвала літаратурную палеміку, распачатую яшчэ ў часы «Маладняку». У дзейнасці вылучаюцца 2 этапы: 1928—1930 і 1930—1932 гады. Да 1930-х БелАПП праводзіла значную работу па стварэнню пралетарскай літаратуры, умацаванню яе «ідэйных пазіцый у барацьбе з заганнымі ўплывамі», садзейнічала аб'яднанню літаратурных сіл, устанаўленню сувязяў з літаратурамі народаў СССР. Адначасова прапагандавала асаблівы дыялектыка-матэрыялістычны метад у літаратуры, зацвярджала «тэорыю жывога чалавека», уцягвалася ў адміністраванне. З пачатку 1930-х стала правадніком ідэй РАПП з яе памылковымі тэорыямі і метадамі кіравання, дапускала праяўленні групаўшчыны, пагардлівага стаўлення да іншых арганізацый, прэтэндавала на кіроўнае месца ў беларускай літаратуры. Значную шкоду прынесла вульгарна-сацыялагічная крытыка прадстаўнікі якой (Л. Бэндэ, А. Кучар, С. Васілёнак і інш.)[1] фактычна захапілі манаполію і выпрацоўвалі афіцыйную лінію палітычнай цэнзуры, а пасля забяспечвалі літаратурна-крытычнае абгрунтаванне рэпрэсій пісьменнікаў.

Зноскі

  1. Мушынскі, М. Беларуская крытыка…

Літаратура правіць

  • Асаблівасці мастацкага народазнаўства ў прозе прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей Беларусі 20-30-х гадоў XX стагоддзя / В. Ю. Броўка // Известия Гомельского государственного университета имени Ф.Скорины. — 2009. — № 6. — С. 78—81;
  • Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 2. — Мн., 1996;
  • История белорусской советской литературы. ― Мн., 1977. — С. 46-50;
  • Конан, У. М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934). ― Мн., 1968;
  • Мушынскі, М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20—30-я гады. ― Мн., 1975;
  • Шешуков, С. Неистовые ревнители. Из истории литературной борьбы 20-х годов. — М., 1970.