Адкрыць галоўнае меню
Беларуская бібліятэка ў Лондане

Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны (англ.: The Francis Skaryna Byelorusian Library and Museum) — грамадска-культурны асяродак у Лондане, у 1979 атрымаў статус «незалежнай навукова-харытатыўнай установы» і з'яўляецца «ўласнасцю ўсіх беларусаў».

Адчынены для ўсіх, хто цікавіцца беларусістыкай незалежна ад іх нацыянальнасці. Аб'ядноўвае беларускіх эмігрантаў і англійскіх вучоных-беларусістаў. Існуе пераважна на добраахвотныя ахвяраванні, на працэнты ад іх укладаў у банк.

Аснову бібліятэкі склалі прыватныя зборы беларускіх святароў Ч. Сіповіча і Л. Гарошкі, якія пераехалі ў Лондан адпаведна з Рыма (1948) і Парыжа (1958). Яе афіцыйнае адкрыццё ў асобным будынку (Холдэн роуд, 37, раён Фінчлі) адбылося 15 мая 1971 (мемарыяльную дошку адкрыў прафесар славянскай філалогіі Оксфардскага ўніверсітэта Р. Оці).

Бібліятэка і музей займаюць 8 пакояў, у якіх захоўваюцца каля 40 тыс. тамоў кніг і камплектаў газет і часопісаў. Сярод іх фрагмент першай кнігі «Царствы» Ф. Скарыны, куплены на аўкцыёне бібліятэкі С. Дзягілева ў Монтэ-Карла, Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, рэдкія беларускія выданні, надрукаваныя ў Куцейне, Вільні і Супраслі, першадрукі зборнікаў М. Багдановіча, К. Буйло, М. Гарэцкага, Я. Купалы, М. Танка, Ядвігіна Ш. і іншых беларускіх пісьменнікаў, першавыданні прац гісторыкаў А. Гваньіні, А. Каяловіча і інш., творы эмігранцкіх аўтараў. У калекцыі рукапісаў аўтографы Я. Коласа, Я. Купалы (паэма «Курган»), 24 старабеларускамоўныя дакументы 1499—1682. Асобна зберагаюцца архівы Пінскага праваслаўнага духоўнага праўлення (каля тысячы дакументаў), кампазітара М. Куліковіча-Шчаглова, калекцыя старых карт. У музейных пакоях экспануюцца ўзоры беларускага народнага ткацтва і вышыўкі, 2 слуцкія паясы і сшыты з паясоў арнат, сельскагаспадарчыя і хатнія прылады, калекцыя манет ВКЛ і інш. Вывешаны жывапісныя і графічныя работы К. Каганца, Б. Малкіна, П. Сергіевіча, мастакоў-эмігрантаў В. Жаўняровіча, П. Мірановіча, М. Наўмовіча, М. Паўлюкоўскага, М. Саўкі-Міхальскага і інш.

Бібліятэка вядзе выдавецкую дзейнасць («Пантыфікальная літургія» XVII ст., зборнік вершаў М. Багдановіча, А. Гаруна і 3. Бядулі ў арыгінале і англійскім перакладзе і інш.), праводзіць навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя юбілеям дзеячаў беларускай культуры (Я. Купала і Я. Колас, Ф. Скарына, В. Ластоўскі, I. і А. Луцкевічы), праблемам гістарычнай спадчыны, рэлігійнага жыцця, арганізуе штогадовыя курсы лекцый па беларусазнаўству, сустрэчы з гасцямі з Беларусі, вечары паэзіі. 3 асяродкам цесна супрацоўнічае Англа-беларускае таварыства.

Узначальвае бібліятэку рада, якая складаецца з дзеячаў беларускай эміграцыі і брытанскіх беларусазнаўцаў.

ЛітаратураПравіць

  • Picarda G. The Francis Skaryna Byelorusian Library and Museum. — London, 1971.
  • The Francis Skaryna Byelorusian Library and Museum, 1971—1991. — London, 1991.
  • Мальдзіс А. Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны // ЭГБ у 6 т. Т. 1. — Мінск: БелЭн, 1993. — С. 367—368.
  • Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / пад рэд. А. Гардзіенкі. — Мінск: Медысонт, 2010. — С. 425—449.
  • Ivanoŭ, Ihar. Baltic and Slavonic libraries in Britain: their place in developing group identity and the life of émigré communities. — London: Manifold, 2006.

СпасылкіПравіць