Беларуская газета (1941)

газета (1941—1944)

«Беларуская газэта» («Менская газэта» да 5 лютага 1942). Выдавалася з 27 ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 у Мінску на беларускай мове пад кантролем нямецкіх акупацыйных улад; самае буйное беларускае антысавецкае перыядычнае выданне ў перыяд Другой сусветнай вайны. Рэдактары А. Сянькевіч, У. Казлоўскі, А. Дземчанка, М. Шкялёнак.

«Беларуская газета»
Тып газета
Краіна
Рэдактар Аляксей Сянкевіч, Уладзіслаў Казлоўскі і Мікалай Восіпавіч Шкялёнак
Заснавана 27 ліпеня 1941
Спыненне публікацый 28 чэрвеня 1944
Мова беларуская
Галоўны офіс
Рэдакцыя «Беларускай газеты» і «Голасу вёскі».
Сядзяць (злева направа): Уладзіслаў Казлоўскі, Наталля Арсеннева, Аляксей Сянкевіч.
Стаяць (злева направа): Уладзімір Кушаль, Антон Адамовіч, Караленка. Мінск, снежань 1942 г.

Распаўсюджвалася на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь. «Беларуская газэта» мела на мэце кансалідацыю беларускага народа на антысавецкай платформе, барацьбу з бальшавізмам, ідэалагічную падтрымку акупацыйнага рэжыму. Вызначалася нацыяналізмам і шавінізмам, нянавісцю да рускіх, палякаў і яўрэяў, імкненнем да стварэння беларускай нацыянальнай ідэалогіі «ўзвышэнства», пошукамі «арыйскіх каранёў» беларускага народа, спробай даказаць яго нібыта гістарычна абумоўленую цягу да Германіі, атаясамліваннем марксізму і сіянізму і інш.

Друкавала прамовы і артыкулы кіраўнікоў нацысцкай Германіі, распараджэнні, звароты і аб'явы акупацыйных улад, агляды нацысцкай прэсы, асвятляла і каменціравала падзеі на франтах Другой сусветнай вайны, міжнароднага становішча, прапагандавала эканамічныя і палітычныя мерапрыемствы акупацыйнай адміністрацыі, усхваляла Трэці Рэйх як ідэальную дзяржаву. Інфармавала пра дзейнасць Беларускай народнай самапомачы, Беларускай краёвай абароны, Беларускай цэнтральнай рады, Саюза беларускай моладзі, ролю і значэнне якіх значна перабольшвала, а любыя іх акцыі з захапленнем каменціравала. Шмат увагі аддавала праблемам моўнай палітыкі, выкладання ў пачатковай школе, падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў, выхавання нацыянальнай самасвядомасці, арганізацыі культурнага жыцця на месцах.

Друкавала папулярныя нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, многія з якіх яўна палітызаваныя і блізкія да публіцыстыкі, матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі, пра беларускія традыцыі і абрады, паходжанне беларускай сімволікі і інш. На старонках газеты змешчаны ўспаміны ўдзельнікаў грамадзянскай вайны, матэрыялы пра сталінскія злачынствы (артыкулы пра Катынскі расстрэл, лагеры НКУС, успаміны Ф. Аляхновіча «У кіпцюрах ГПУ», сведчанні былых вязняў і інш.), творы Н. Арсенневай, Л. Геніюш, М. Зарэцкага, М. Багдановіча, М. Загорскага, літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі і інш. Шэраг публікацый газеты канца 1943 — пачатку 1944 прасякнуты песімізмам, асуджанасцю, расчараваннем у выбраным шляху. Аднак гэтыя настроі не паўплывалі на антысавецкі кірунак выдання.

Выйшла 272 нумары.

Літаратура

правіць