Беларуская камуністычная арганізацыя
Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) — палітычная арганізацыя камуністычнага кірунку. Дзейнічала з 1 студзеня да жніўня 1920.
Беларуская камуністычная арганізацыя | |
---|---|
Краіна | |
Ідэалогія | камунізм |
Створана на аснове арганізацыі «Маладая Беларусь», якая функцыяніравала з мая 1917 пры Мінскім настаўніцкім інстытуце. У кіруючае ядро «Маладой Беларусі» ўваходзілі У. М. Ігнатоўскі, А. Сташэўскі, В. С. Гарбацэвіч, Я. П. Каранеўскі, С. Г. Булат, М. С. Кудзелька, М. І. Мароз.
Аб'ядноўвала ў асноўным навучэнцаў і сельскую інтэлігенцыю. У праграмных і тактычных пытаннях арыентавалася на Беларускую сацыялістычную грамаду. Пасля яе распаду ўвайшла ў склад Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў як аўтаномная арганізацыя. У 1919 у «Маладой Беларусі» ўзнікла левая плынь, якая актыўна ўключылася ва ўзброенае супраціўленне польскаму акупацыйнаму рэжыму. У снежні 1919 на сустрэчы прадстаўнікоў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам партыі беларускіх эсэраў у Смаленску было заключана пагадненне аб каардынацыі дзеянняў усіх паўстанцкіх сіл у барацьбе супраць польскіх інтэрвентаў. «Маладая Беларусь» стала збліжацца з КП(б)ЛіБ. 1 студзеня 1920 ініцыятыўная група членаў арганізацыі «Маладая Беларусь» у складзе Ігнатоўскага, Каранеўскага, Сташэўскага, Булата, Кудзелькі стварыла арганізацыйны цэнтр БКА, які заявіў аб прызнанні праграмы і тактыкі РКП(б).
У праграмных дакументах БКА пацвярджалася, што арганізацыя будзе «дабівацца ладу Савецкай Беларускай Рэспубліхі, спадзеючыся на дапамогу Савецкай Расіі, з якой Савецкая Беларусь знаходзіцца ў федэратыўнай сувязі». БКА падтрымала мэты бальшавіцкай рэвалюцыі, выказалася за дыктатуру пралетарыяту, барацьбу з сусветным імперыялізмам, нават звязала рэвалюцыю з інтарэсамі сусветнага пралетарыяту. У той жа час яна імкнулася праводзіць палітыку ў інтарэсах беларускага народа. БКА з'яўлялася як бы зародкам беларускага нацыянал-бальшавізму, які, ідучы насустрач расійскаму бальшавізму, спрабаваў забяспечыць новай сістэме, што ўсталёўвалася сілавымі метадамі, найбольшую падтрымку беларускага насельніцтва.
Кіраўніцтва ЦК КП(б)ЛіБ насцярожана ставілася да БКА, выкарыстоўвала яе як пераходную ступень да ўспрымання камуністычных ідэй радавымі членамі нацыянал-дэмакратычных партый. БКА яднала левыя элементы партыі беларускіх эсэраў сярод навучэнцаў, сельскага настаўніцтва, сялянства і накіроўвала іх у рэчышча барацьбы з польскімі інтэрвентамі. У канцы лютага 1920 у Мінску на нарадзе прадстаўнікоў «пяцёрак» (каля 2 тыс. членаў) выбраны пастаянны ЦК БКА, у які ўвайшлі Ігнатоўскі (старшыня), Булат, Каранеўскі. Арганізацыі БКА існавалі на тэрыторыі Мінскай і Гродзенскай губерняў. У многіх паветах пад кантролем БКА дзейнічалі партызанскія атрады. Члены БКА садзейнічалі аб'яднанню партызанскіх атрадаў, што змагаліся на Беларусі, у паўстанцкую арганізацыю, штаб якой знаходзіўся ў Мінску. У пачатку 1920 на з'ездзе ў Гатаве быў створаны падраённы штаб Мінскай раённай паўстанцкай арганізацыі (начальнік штаба член БКА A. І. Раманоўскі). У наваколлі Мінска дзейнічаў партызанскі атрад на чале з членам БКА С. С. Плашчынскім. Пад кіраўніцтвам ЦК БКА дзейнічалі партызанскія атрады ў Докшыцах, Маладзечне, Старых Дарогах, Ігумене, Слуцку, Барысаве, Дукоры, Лідзе, Ашмянах і інш. У красавіку 1920 пасля разгрому польскай дэфензівай штаба Мінскай паўстанцкай арганізацыі ЦК БКА уключыў сваіх прадстаўнікоў у Беларускі паўстанцкі камітэт, які кіраваў баявымі дзеяннямі партызан. Камітэт падтрымліваў сувязь са штабам Заходняга фронту і ў ажыццяўленні баявых аперацый кіраваўся ўказаннямі камандуючага фронтам М. М. Тухачэўскага.
Пасля вызвалення Мінска ад польскіх інтэрвентаў БКА актыўна ўключылася ў работу па адраджэнні нацыянальнай дзяржаўнасці беларускага народа. 31 ліпеня 1920 старшыня ЦК БКА Ігнатоўскі разам з прадстаўнікамі ЦК КП(б)ЛіБ, ЦК Бунда і прафсаюзаў падпісаў «Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь». 3 адраджэннем беларускай савецкай дзяржаўнасці адпала неабходнасць існавання БКА. У жніўні 1920 па рэкамендацыі ЦК РКП(б) Мінскі губернскі камітэт КП(б)ЛіБ заявіў аб роспуску БКА і прыняцці яе членаў у склад КП(б)ЛіБ. У пастанове губкома адзначалася, што «Беларуская камуністычная арганізацыя... зжыла рэшткі народніцтва і нацыянал-сацыялізму і, па меры сваіх сіл, праводзіць у жыццё прынцыпы дыктатуры пралетарыяту і камунізму, з прычыны чаго з боку Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі ў цяперашні час няма перашкод да прыняцця Беларускай камуністычнай арганізацыі ў рады КП(б)ЛіБ». Той жа пастановай БКА распускалася як партыйная нацыянальная структура, а яе члены інтэграваліся ў КП(б)ЛіБ.
У канцы 1920-х — 1930-я гады амаль усе былыя члены БКА абвінавачаны ў правядзенні нацыянал-дэмакратычнай ідэалогіі і рэпрэсіраваны.
Літаратура
правіць- Сташкевіч, М. С. Беларуская камуністычная арганізацыя / М. С. Сташкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 374.
- Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;
- Iгнаценка I., Кароль А. Усевалад Iгнатоўскi i яго час. Мн,. 1991.